Алесь Чайчыц: Ім страшней і душней, чым нам

Пагрозы Пуціна і Лукашэнкі ўжо мала каго палохаюць. Украінскі контрнаступ на поўдні ці на ўсходзе можа пачацца літаральна ў любы дзень. І гэта вельмі нервуе дыктатараў-саюзнікаў, піша Алесь Чайчыц у сваім блогу на «Радыё Св*бода».

c83d8c3d_fb84_446c_9748_ceb1d3ec8962_w1200_r1.jpg


Ядзерная зброя можа (і магла) быць размешчана ў Беларусі ў любы момант і без публічных заяў Пуціна і Лукашэнкі. Яна магла (і можа) быць выкарыстана з беларускай тэрыторыі ў кожную хвіліну.

А калі надта трэба «падставіць» Лукашэнку і Беларусь (хоць які ў тым сэнс, хто ў гэта паверыць?), было б дастаткова перамаляваць на самалёце расійскія чырвоныя зоркі на лукашэнкаўскія, амаль такія ж. Так што тут маем сабаку, які брэша, але пакуль што не кусаецца.

Лукашэнка ў сваім звароце ў пятніцу не сказаў нічога новага і толькі яшчэ раз выступіў рэтранслятарам расійскага страху перад будучым украінскім контрнаступам. Разам з тым ён паўтарыў ужо звыклыя абразы ў адрас Захаду і пуцінскія «ядзерныя» пагрозы, якія таксама ўжо не здзіўляюць і амаль не палохаюць.

Увесь наш рэгіён замёр у чаканні абвастрэння вайны. У задушлівым нервовым чаканні — такім жа, як затхлыя нецікавыя звароты Лукашэнкі да горада і свету.

Душнай руцінай застаецца лукашэнкаўскі ціск на беларушчыну ў Беларусі: што яны зробяць з помнікам Ларысе Геніюш у Зэльве? Калі яны канчаткова забароняць беларускую мову і любыя праявы нерасійскасці? І, што трохі цікавей: ці дзеля Лукашэнкі стараюцца энтузіясты-беларусафобы з дробнага чынавенства, гарадскіх фрыкаў і прапагандыстаў? Мо ўжо дзеля кагось важнейшага? Ці не з Масквы каардынуюць іхную дзейнасць?

Беспаспяхова і марна расійцы спрабуюць захапіць маленькі Бахмут коштам вялікіх страт, з загародатрадамі і іншымі характэрнымі прыкметамі расійскага «ваеннага мастацтва». А ўкраінцы гераічна абараняюць свой горад.

Працягвае павольна ісці на дно беларуская эканоміка: вось і Мазырскі НПЗ раптам выказаў намер спыніць вытворчасць на няпэўны час з няпэўных прычын. Гэта і праўда мадэрнізацыя сіламі сумнеўных пастаўшчыкоў і кантрактараў з тых краін, дзе Беларусь яшчэ не пад санкцыямі? Ці клінічная смерць НПЗ пасля адразання еўрапейскага і ўкраінскага рынкаў?

А можа, кансервацыя на выпадак абстрэлаў з боку Украіны, калі з тэрыторыі Беларусі зноў пачнецца атака на Кіеў ці на Валынь?

Жывём у страшны, душны, напружаны час.

І часам ствараецца ўражанне, што ўкраінскі контрнаступ на поўдні ці на ўсходзе можа пачацца літаральна ў любы дзень. Украінскае кіраўніцтва публічна кажа пра «красавік-травень». Красавік ужо пачаўся. І трэба ўсведамляць, што любыя каляваенныя публічныя заявы ўкраінскага кіраўніцтва альбо блізкіх да яго ваенных экспертаў разлічаны ў тым ліку (а мабыць, і перадусім) на Расію. А значыцца, дзеля эфекту нечаканасці даты, магчыма, называюцца як мага больш дальнія, несапраўдныя. І фраза «некалькі тыдняў» можа азначаць «некалькі дзён».

І ад непрадказальнасці ўкраінскага наступу Пуціну і Лукашэнку страшней, чым нам. Гэта відаць па ўстрывожаных тварах прапагандыстаў на перадачах Салаўёва і Скабеевай. Па лёгкай паніцы Лукашэнкі ў пятніцу і па істэрыцы расійскага Telegram пасля забойства прапагандыста Уладлена Татарскага. Ім страшней і душней, чым нам.