У Зэльве скралі помнік Ларысе Геніюш
У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю – царкоўная ўлада РПЦ ці прадстаўнікі дзяржаўнай «вертыкалі» — пакуль невядома.
Пра дэмантаж помніка паведаміў унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш, які даслаў у рэдакцыю «Р*дыё Р*цыя» фота месца, дзе стаяў помнік.
Яшчэ ўчора была інфармацыя, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству.
Аднак нехта аддаў загад — і помнік па-бандыцку фактычна скралі.
Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве быў усталяваны з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Ён фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве. Ліквідацыя помніка падкрэслівае, што ў краіне зноў запанавала антыбеларуская і антыхрысціянская ўлада.
Помнік Ларысе Геніюш патрабавала ліквідаваць прарасійская актывістка і «инфоказачка» Вольга Бондарава, якая, праўдападобна, мае вырашальны ўплыў на Гродзенскую абласную ўладу.
Хоць спачатку Зэльвенскі райвыканкам адмовіў расійскай шавіністцы, помнік усё ж дэмантавалі.
Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, генеральны сакратар Ураду БНР у эміграцыі. Родам са Жлобаўцаў Воўпінскай воласці Гродзенскага павета — цяпер Ваўкавыскі раён. У Зэльву пераехала да мужа. Бацька Ларысы быў расстраляны як кулак, а маці і дзве малодшыя сястры сасланыя ў Казахстан, адкуль так і не вярнуліся. Два браты Ларысы загінулі ў баях Другой Сусветнай вайны. Пасля вайны была арыштаваная і атрымала 25 гадоў лагераў, з якіх адбыла восем гадоў.
Беларусы тройчы звярталіся ў пракуратуру па рэабілітацыю паэткі — у 1956, 1999 і ў 2017 гадах, але атрымлівалі адмовы.