Валерыя Чарнаморцава: Сталіназаўрам ужо нядоўга засталося
У Зэльве знік помнік паэтцы Ларысе Геніюш. Гэты абуральны факт «Хрысціянскай візіі» каментуе Валерыя Чарнаморцава, былая палітзняволеная і даследчыца сталінскіх рэпрэсій
![Валерыя Чарнаморцава ў Курапатах. Архіўнае фота Валерыя Чарнаморцава ў Курапатах. Архіўнае фота](/img/v1/images/e26vakpnac6ksfxvagv3lh1qopti6nlk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Валерыя Чарнаморцава ў Курапатах. Архіўнае фота
«Сёлета спаўняецца 75 год з часу арышту Ларысы і Янкі Геніюшаў. Адбылося гэта 5 сакавіка 1948 года, а роўна праз 5 год, дзень у дзень, памёр Сталін. Напэўна і яго наступнікам, сталіназаўрам, ужо нядоўга засталося:
Сьвітае. Нявінныя ўсталі з калень,
А мёртвыя выйшлі па ляўры.
І толькі ад праўды схаваліся ў цень
Апошнія сталіназаўры.
Як немагчыма было пеклу ўмясціць уваскрослага Хрыста, так пекла ГУЛАГу не пераварыла Ларысу Геніюш і шматлікіх іншых праведнікаў.
Так і зараз духоўныя нашчадкі тых сталіністаў бяснуюцца, бачачы ў царкве, на царкоўнай тэрыторыі, ушанаваньне такой прынцыпова антысавецкай асобы.
Нязломная беларуская паэтка, пакутніца сталінскага ГУЛАГу Ларыса Геніюш яшчэ з часоў жыцця ў Празе была шчырай праваслаўнай хрысціянкай. Дапамагала праваслаўным бацюшкам. Была хроснай маці для паловы дзетак Зэльвы. Ахвяравала для зэльвенскай царквы нешматлікія свае каштоўныя рэчы. Дарагая аксамітная сукенка, дасланая Геніюш з-за мяжы, па яе волі пайшла на вокладку богаслужбовага Евангелля.
Менавіта таму ў Зэльве так захоўваецца памяць пра знакамітую прыхаджанку. Раней на дзень народзінаў Ларысы Геніюш штогод служылася беларускамоўная Літургія і паніхіда, а пасля адбываліся паэтычныя сустрэчы і канцэрты.
![Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве не знясуць Вольга Бондарава прайграла Ларысе Геніюш. Часова?](/img/v1/images/b31506e9_ae39_466e_a253_9ecf88829580_w1200_r1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Я веру, што помнік хутка ўжо вернецца на сваё месца, а таксама паўстануць шматлікія іншыя помнікі, шыльды, музеі, назвы вуліцаў ды іншае побач з помнікамі сучасных сапраўдных герояў Беларусі.
А ўсім прыслужнікам самаагалошанай улады, якія дамагаліся і такі часова дамагліся дэмантажу помніка, адказала ўжо сама Ларыса Антонаўна:
О, акупанты, жах народных мук!
Мы ў сябе — пчолы, вы заўсёды — трутні.
З крывавых вашых і праклятых рук
і Божы хлеб становіцца атрутны.
О акупанты, з цемры вы і зла,
вы ў нашых слёзах, у крыві па вушы,
без праўды розум, сэрцы без цяпла,
без дабрыні шакалавыя душы!
* * *
...Нялёгкі шлях, ды я з яго не збочу,
і халадку да сэрца не дастаць.
Прайду адна бязбоязна і ноччу,
я дачакаюся — пачне світаць!»
![Ларыса Геніюш — найбольшы маральны аўтарытэт для тысяч беларусаў, чаму тады знік яе помнік? Сяргей Дубавец: скрадзены помнік Ларысе Геніюш — рэванш НКУС](/img/v1/images/pomnik_laryse_henijusz.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Помнік у гонар Ларысы Геніюш стаяў на тэрыторыі Троіцкай праваслаўнай царквы ў Зэльве — гарадскім пасёлку, дзе паэтка пражыла апошнія гады. Ён быў усталяваны з блаславення Мінскага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у 2003 годзе.
Прарасійская актывістка Вольга Бондарава вяла агрэсіўную інфакампанію за дэмантаж помніка, але ўлады пастанавілі яго не зносіць. Тым не менш, у ноч на 30 сакавіка помнік знік, хто яго прыбраў, невядома.
![«У новага пакалення беларусаў складана будзе адабраць унутраную незалежнасць» «У новага пакалення беларусаў складана будзе адабраць унутраную незалежнасць»](/img/v1/images/2__10__1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)