Вольга Бондарава прайграла Ларысе Геніюш. Часова?
Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве не знясуць. Такі адказ атрымала ад мясцовых уладаў пралукашэнкаўская актывістка Вольга Бондарава, якая займаецца барацьбой з беларускай гісторыка-культурнай спадчынай.
У адказе мясцовых уладаў, які цытуе тэлеграм-канал «Права маюць», адзначаецца, што на момант устаноўкі помніка парадак устаноўкі твораў манументальнага мастацтва рэгламентаваўся палажэннем, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 06.09.2000 № 1393. Згодна з пунктам 4, мемарыяльныя ансамблі ствараюцца на падставе рашэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць помніка Ларысе Геніюш, не прадстаўленыя.
Аднак цяпер парадак устаноўкі помнікаў вызначаны Палажэннем ад 19 верасня 2008 года №1372, у якім норма, якая рэгламентуе дэмантаж самавольна ўстаноўленых твораў мастацтва, адсутнічае. Гэта значыць, помнік усталяваны незаконна, але яго знос таксама будзе незаконным.
Нагадаем, раней Бондарава разгарнула кампанію супраць усталяванага ў 2003 годзе помніка паэтцы на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве. Устаноўку не ўзгаднілі з мясцовай адміністрацыяй, аднак помнік атрымаў блаславенне. Пасля кансультацыі начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук пагадзіліся з неабходнасцю зносу. Але на гэта трэба атрымаць дазвол царквы. Пра гэта Бондарава паведаміла кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Сергеенку.
Восенню 2022 года Бондарава накіравала зварот на імя мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна з просьбай даць згоду праваслаўнай царквы на ліквідацыю помніка ў Зэльве.
Таксама Бондарава прасіла Генеральнага пракурора Андрэя Шведа пакараць адказных за ўстаноўку помніка — мясцовыя і абласныя ўлады.
Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, генеральны сакратар Ураду БНР у эміграцыі. Родам са Жлобаўцаў Воўпінскай воласці Гродзенскага павета — цяпер Ваўкавыскі раён. У Зэльву пераехала да мужа. Бацька Ларысы быў расстраляны як кулак, а маці і дзве малодшыя сястры сасланыя ў Казахстан, адкуль так і не вярнуліся. Два браты Ларысы загінулі ў баях Другой Сусветнай вайны. Пасля вайны была арыштаваная і атрымала 25 гадоў лагераў, з якіх адбыла восем гадоў.
Беларусы тройчы звярталіся ў пракуратуру па рэабілітацыю паэткі — у 1956, 1999 і ў 2017 гадах, але атрымлівалі адмовы.