Без Божай волі і ва ўгоду ўладзе. Помнік Ларысе Геніюш — чарговая ахвяра ідэалагічнай атакі
Праўладная актывістка Вольга Бондарава піша ўладам лісты, у якіх патрабуе знішчыць беларускую культурную спадчыну. Пасля шэрагу ўдалых «акцый» яна звярнула сваю ўвагу на помнік Ларысе Геніюш. Міхась Скобла на старонках «Народнай волі» адказвае памагатай антыбеларускага рэжыму.
![Ларыса Геніюш. Фота: planetabelarus.by Ларыса Геніюш. Фота: planetabelarus.by](/img/v1/images/henijush.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ларыса Геніюш. Фота: planetabelarus.by
Сумнавядомая гродзенская актывістка Вольга Бондарава пасля ідэалагічнай атакі на Астравецкую раённую бібліятэку імя Адама Мальдзіса і пагрому (кувалдамі!) прыватнага музея ў Старых Дарогах знайшла новы аб’ект для нападу — помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.
Помнік той ужо больш за дваццаць гадоў стаіць за высокай агароджай на царкоўным дворышчы, даглядаецца вернікамі, зэльвенцы з ім звыкліся і ўспрымаюць належным чынам — як годнае ўшанаванне знакамітай паэткі-зямлячкі. У мясцовым доме культуры, у бібліятэцы, у прыходскім доме і каля самога помніка шмат разоў праходзілі Геніюшаўскія паэтычныя чытанні, якія сталіся для Зэльвы добрай традыцыяй, як і ўзніклы пазней Ганненскі кірмаш.
У сваім адрасаваным ва ўладныя структуры лісце Бондарава напісала, што помнік «одним своим видом приносит невыносимые муки ветеранам ВОВ». Гэтае высмактанае з пальца сцвярджэнне змагарка з помнікамі нічым не падмацавала. Бо падмацаваць няма чым. Мне дакладна вядома, што за ўсе дваццаць гадоў ні настаяцель зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы, ні мясцовы райвыканкам не атрымлівалі аніякіх ветэранскіх скаргаў адносна помніка. Наадварот, зэльвенскі бацюшка неаднаразова чуў у свой адрас падзячныя словы за паважлівае стаўленне да памяці Ларысы Геніюш — і ад сваіх прыхаджан, і ад заезджых экскурсантаў.
![20 фактаў пра Ларысу Геніюш — легендарную паэтку, якая адмовілася ад савецкага пашпарта 20 фактаў пра Ларысу Геніюш — легендарную паэтку, якая адмовілася ад савецкага пашпарта](/img/v1/images/53c08056_501f_42be_856b_209159782c41_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Наступны пасаж Бондаравай здзіўляе яшчэ больш: помнік, аказваецца, «позорит чистое имя Белорусской православной церкви». На гэтую хлуслівую інвектыву гродзенскай хунвэйбінкі мусіў бы адказаць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, але ён нешта падазрона доўга маўчыць. Кажуць, раіцца з епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Антоніем, што рабіць. Таму адкажу за маўклівага мітрапаліта я.
Ларысу Геніюш у мінскай турме ў 1948 годзе садзілі ў карцар — за намаляваны на запацелай шыбе воблік Хрыста.
Міністр дзяржбяспекі Цанава, які на допыце патрабаваў у паэткі архіў БНР і пагражаў расправай, пачуў ад яе спакойнае: «Без волі Божай і волас з маёй галавы не ўпадзе».
У ГУЛАГу Ларыса Геніюш, наколькі гэта было магчыма, арганізоўвала патаемныя святкаванні Вялікадня — свята Хрыстовага ўваскрашэння.
Калі ў бязбожныя 1960-я гады зэльвенскага святара ўлады выселілі з царкоўнага дома і ён не меў даху над галавой, яму дала прытулак у сваёй хаце Ларыса Геніюш.
У зэльвенскай царкве і сёння можна пабачыць старажытнае напрастольнае Евангелле, абгорнутае ў чырвоны аксаміт — падарунак ад Ларысы Геніюш.
З духоўных, прасякнутых хрысціянскім духам вершаў Геніюш можна скласці цэлую анталогію…
Вось за ўсё гэта БПЦ, як мне бачыцца, і аддзячыла сваёй адданай верніцы — помнікам каля царквы.
![Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. Фота: wikipedia.org Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. Фота: wikipedia.org](/img/v1/images/800px_zelva._carkva._pomnik_laryse_henijusz__01_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. Фота: wikipedia.org
Дарэчы, аднойчы яго ўжо спрабавалі знесці. Вось як гэта было.
Ідэя помніка была ўпершыню агучана старшынёй гісторыка-асветніцкага клуба «Спадчына» Анатолем Белым на старонках часопіса «Полацак» яшчэ ў 1996 годзе. Да яе з прыхільнасцю паставілася беларуская дыяспара, былі сабраны неабходныя сродкі.
Створаны неўзабаве аргкамітэт пісьмова звярнуўся ў Зэльвенскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца пад помнік, над якім заканчваў працу скульптар Міхась Інькоў — родам з Зэльвы. Хутка прыйшоў адказ: «Раённы выканаўчы камітэт вырашыў дазволіць устаноўку бюста Ларысы Геніюш па вуліцы Савецкай, у скверы перад будынкам былога пасялковага Савета дэпутатаў за сродкі аргкамітэта».
Помніцца, як, перапоўнены радаснымі пачуццямі, я паехаў у Зэльву. Разам з тагачасным старшынёй райвыканкама Віктарам Будрэвічам мы агледзелі вызначанае месца (акурат насупраць хаты, дзе жылі Геніюшы).
Не ведаю, наколькі самастойным быў на той час райвыканкам у прыняцці рашэнняў. Але праз пэўны час я атрымаў з Зэльвы другі ліст, з якога вынікала, што раённая ўлада «перавырашыла» сваё ж рашэнне і адклала ўзвядзенне помніка да няпэўнага часу.
На гэтым справа мела ўсе шанцы заглухнуць. І яна ледзь не заглухла. Прайшлі гады, і ініцыятыву зноў узяў на сябе Анатоль Белы. Ён дамогся аўдыенцыі ў мітрапаліта Філарэта, падаў яму чалабітную і атрымаў рэзалюцыю Уладыкі: «Бог благословит доброе начинание».
З рэзалюцыяй у кішэні, прыхапіўшы неабходнае начынне і сам бюст, Белы ў той жа дзень паімчаў у Зэльву. Вечарам помнік ужо стаяў справа ад увахода ў царкву.
Такіх «буры і націску» мясцовыя ўлады ніяк не чакалі. Раніцай наступнага дня настаяцель царквы быў выкліканы ў райвыканкам. Ва ўльтыматыўнай форме яму было загадана дэмантаваць помнік. Святар паказаў чыноўнікам благаславенне Філарэта і сказаў, што такога ж благаславення на дэмантаж не мае. Улады заняліся «вывучэннем сітуацыі».
Уявіўшы бульдозер на царкоўным цвінтары, я факсам перадаў у Зэльву ліст-пратэст, у якім гаварылася, што «разбурэнне асвечанага па ўсіх праваслаўных канонах помніка станецца беспрэцэдэнтным актам вандалізму і выкліча абурэнне грамадзян Беларусі і розгалас па ўсім свеце». Сярод іншых ліст падпісалі народныя пісьменнікі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і акадэмік Радзім Гарэцкі.
Ліст разглядаўся на пасяджэнні выканкама, якім кіраваў ужо другі старшыня — Леанід Эльяшэвіч. Ён не захацеў застацца ў найноўшай гісторыі Беларусі руйнавальнікам помніка Ларысе Геніюш. Ад бюста тады адчапіліся.
Ці захоча зняславіць сваё імя ганебным учынкам сённяшні старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі? Хочацца верыць, што не. І што разам з мітрапалітам Веніямінам яны не дапусцяць вандалізму і адвядуць ад помніка Ларысе Геніюш занесеную гродзенскай цемрашалкай хунвэйбінскую кувалду.