Ад 10 гадоў да смяротнага пакарання: за што і на колькі прыгаворвалі беларускіх дысідэнтаў
У Гомелі на гэтым тыдні вынеслі прысуды палітвязням па «справе Ціханоўскага». Фігуранты атрымалі ад 14 да 18 гадоў калоніі асаблівага і ўзмоцненага рэжыму. «Новы Час» узгадвае, за што і на якія тэрміны асуджалі беларускіх дысідэнтаў за савецкім часам.
Нагадаем, 14 снежня ў гомельскім СІЗА пасля закрытага пасяджэння агучылі жорсткія прысуды шасцярым палітзняволеным. Сяргей Ціханоўскі атрымаў 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч — 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму, Ігар Лосік — 15 гадоў узмоцненага рэжыму, Дзмітрый Папоў — 16 гадоў узмоцненага рэжыму; Арцём Сакаў — 16 гадоў узмоцненага рэжыму; Уладзімір Цыгановіч — 15 гадоў узмоцненага рэжыму.
Сёння, 17 снежня, стала вядома, што да 13 гадоў зняволення асуджаны блогер Эдуард Пальчыс.

Гэтыя «драконаўскія» лічбы ўсё больш нагадваюць тэрміны, якія прысуджалі праціўнікам савецкай улады на працягу ХХ стагоддзя. Савецкая рэпрэсіўная машына загубіла безліч лёсаў, забрала мільёны жыццяў. Але былі і тыя, хто, атрымаўшы нават смяротныя прысуды або тэрміны ў чвэрць стагоддзя, перажылі гэтую сістэму і засталіся вернымі сваім перакананням.
Ларыса Геніюш

Беларуская паэтка і пісьменніца Ларыса Геніюш (Міклашэвіч) нарадзілася ў 1910 годзе ў маёнтку Жлобаўцы на Гродзеншчыне. У 1937 годзе пераехала ў Прагу, дзе яе муж Янка Геніюш працаваў урачом.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе бацьку Ларысы Геніюш Антона Міклашэвіча арыштавалі. Неўзабаве, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме, яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і дзвюх яе сясцёр выслалі ў Казахстан.
У 1937-1947 гадах падчас жыцця ў Празе Ларыса Геніюш наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўрада БНР у эміграцыі. У сакавіку 1943 года стала Генеральным сакратаром урада і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. Апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі уцекачамі, беларускімі работнікамі і ваеннапалоннымі ў Германіі. Прымала ўдзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.
З 1945 года савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» падчас вайны.
5 сакавіка 1948 года Ларысу Геніюш арыштавалі, а 12 жніўня разам з мужам перадалі савецкім уладам. Паэтка ўтрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 года — у турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.
У лютым 1949 года Вярхоўны Суд БССР прысудзіў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Да такога ж тэрміну быў прысуджаны Янка Геніюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абезі (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР. Пра сваё жыццё і зняволенне Ларыса Геніюш напісала кнігу «Споведзь».

У 1956 годзе разам з мужам пісьменніца была часткова рэабілітаваная, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Але канчатковай рэабілітацыі так і не адбылося, сучасныя беларускія ўлады працягваюць адмаўляць у рэабілітацыі Ларысе Геніюш.
Пасля вызвалення паэтка пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства і да канца дзён засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Памерла Ларыса Геніюш у 1983 годзе ва ўзросце 72 гадоў.
Сяргей Грахоўскі

Адзін з самых вядомых беларускіх палітвязняў ХХ стагоддзя, які пакінуў шмат успамінаў пра жыццё ў зняволенні, — пісьменнік і паэт Сяргей Грахоўскі. Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў 1913 годзе. У 1930 годзе пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931—1932 гадах працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце «Чырвоная змена». Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.
Грахоўскага арыштавалі 20 кастрычніка 1936 у Мінску. Амаль праз год, 2 кастрычніка 1937 года, асудзілі пазасудовым органам НКУС як «члена контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» на 10 гадоў лагераў. Верагодна, некаторы час знаходзіўся ва Унжэнскім лагеры НКУС Горкаўскай вобласці.
Сяргей Грахоўскі адседзеў увесь тэрмін і быў вызвалены 19 кастрычніка 1946 года. Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946—1949).
У 1947 годзе з Сяргея Грахоўскага знялі судзімасць, але 19 траўня 1949-га арыштавалі паўторна. Гэтым разам асобная нарада МДБ СССР 27 жніўня 1949 года асудзіла яго на вечнае пасяленне ў Новасібірскай вобласці. Там Сяргей Грахоўскі працаваў настаўнікам і пацягваў літаратурную дзейнасць.
Пасля смерці Сталіна Сяргей Грахоўскі вярнуўся ў Беларусь і быў рэабілітаваны па першай справе прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955, па другой — 21 кастрычніка 1955 года. З 1956 года стала жыў у Мінску, займаў розныя пасады. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1956 года.
З прыходам «Перабудовы» і распадам СССР Сяргей Грахоўскі актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Памёр ён у 2002 годзе ва ўзросце 89 гадоў.
Антон Фурс

Антон Фурс нарадзіўся 30 красавіка 1927 года. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну наведваў беларускую школу ў сваёй вёсцы Язна на Віцебшчыне. Усё выкладанне там ішло па-беларуску, беларуская мова стала рабочай і ў справаводстве. «За тыя няпоўныя два навучальныя гады, што нас вучылі ў янзенскай школе, мы атрымалі моцны зарад патрыятызму, даволі трывалыя асновы нацыянальнай свядомасці», — успамінаў Антон Фурс.
З надыходам савецкіх войскаў, маючы 16 гадоў, паступіў у Глыбоцкую педагагічную гімназію. Пра навучанне там у Антона Фурса засталіся зусім іншыя ўспаміны:
«З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў навучальню, адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменне, а пасля і пратэст».
Гэта стала прычынай таго, што Антон Фурс разам з іншымі сябрамі стварыў нелегальнае таварыства «Саюз беларускіх патрыётаў», дзе ён быў сакратаром Глыбоцкай групы. Юнакі распрацавалі праграму і статут арганізацыі, пачалі прыём сяброў, якія фармавалі «пяцёркі»: кожны з удзельнікаў не ведаў больш чым пяць іншых сяброў арганізацыі. У арганізацыі выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сімволіка: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Антон Фурс успамінаў: «Нашыя задачы былі культурна-асветныя, як сёння сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народу, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуццё нацыянальнай годнасці».
Неўзабаве арганізацыя была выкрытая ўладамі. Маладога чалавека арыштавалі 8 лютага 1947 года і асудзілі да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай вышэйшай меры ад 20 траўня 1947 года ён атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі.
Антон Фурс адбываў тэрмін у лагеры паблізу Турынска ў Свярдлоўскай вобласці, а потым яго перавялі ў лагер у Карагандзе ў Казахстане. У Карагандзе браў удзел у паўстанні лагераў КАРЛАГу ў 1955 годзе. Патрабаванні, якія вязні выставілі адміністрацыі, зводзіліся да некалькіх пунктаў: адмяніць ганебныя нумары, дазволіць перасылку без абмежаванняў, палепшыць харчаванне. Пад канец зняволення ўмовы вязняў палепшылі, што было звязана з афіцыйным асуджэннем культу асобы Сталіна.
У тым жа 1955 годзе Антон Фурс быў датэрмінова вызвалены з лагераў, адбыўшы там 9 гадоў. Пэўны час жыў у Беларусі, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Потым да 1982 года сям’я жыла ў Карагандзе, дзе Антон працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пенсію Фурсы вярнуліся ў Беларусь.
У лістападзе 1992 года, як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, Антон Фурс быў рэабілітаваны «праз адсутнасць складу злачынства».
Антон Фурс пайшоў з жыцця сёлета 20 кастрычніка, яму было 94 гады. Яшчэ ў 2020 годзе ён выходзіў на плошчу ў Паставах, каб падтрымаць мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў.
Алеся Фурс (Умпіровіч)

Прозвішча Фурс Алеся займела па мужу Антону, з якім пабралася шлюбам ужо пасля вызвалення з лагера. Абое былі зняволеныя па адной і той жа справе «Саюза беларускіх патрыётаў», толькі Антось быў сябрам Глыбоцкай філіі СБП, а Алеся — Пастаўскай.
Падчас вучобы ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі ў 1943 годзе Алеся Умпіровіч далучылася да «Саюза беларускай моладзі». Яна ўзгадвала, што гэта быў «асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязні да іншых людзей і народаў».
У 1944 годзе Алеся вітала прыход Чырвонай Арміі. Але ілюзіі хутка разбіліся. З настаўніцкай семінарыі зрабілі вучэльню, многіх яе выкладчыкаў арыштавалі. Якасць адукацыі пагоршылася, да таго ж, выкладанне стала весціся па-руску.
У 1945 годзе студэнты вучэльні заснавалі падпольную cуполку «За Беларусь», якая пазней далучыдася да «Саюза беларускіх патрыётаў». Алеся Умпіровіч мела мастацкія здольнасці, і менавіта яна намалявала нацыянальны герб «Пагоня», на якім сябры СБП кляліся ў вернасці Беларусі. Гэта і стала «злачынствам», за якое яе арыштавалі 12 траўня 1948 года. Алеся атрымала 25 гадоў пазбаўлення волі з 5-гадовым пазбаўленнем правоў. 18 траўня быў арыштаваны і яе бацька Лявон Умпіровіч, які быў асуджаны за «неданясенне» на 10 гадоў і памёр у мінскай турме.
У лагеры Алеся Умпіровіч сябравала з вядомай беларускай паэткай Ларысай Геніюш.
Алеся Фурс была рэабілітаваная 23 лістапада 1992 года. Памерла яна ў Паставах 19 жніўня 2017 года на 92-м годзе жыцця.
Надзея Дземідовіч

Калі пачалася вайна, разам з разбурэннямі з’явіўся спадзеў, што пасля яе Беларусь стане вольнай і шчаслівай. Прынамсі, так думалі васьмікласніца Надзя Дземідовіч са Слонімшчыны і яе сябры, якія ўваходзілі ў «Саюз беларускай моладзі».
Надзея далучылася да СБМ у 1943 годзе. Але неўзабаве, у снежні 1944, пачаліся арышты паплечнікаў і сябраў арганізацыі. Шукалі і Надзею, якая мусіла сысці з бацькоўскай хаты і хавацца ў сваякоў на Палессі. Так працягвалася да 1948 года, пасля чаго бацькі накіравалі Надзею па дакументах малодшай сястры Ліды да сваякоў у Казахстан.
У Петрапаўлаўску Надзея Дземідовіч скончыла курсы бухгалтараў, працавала пад чужым імем на хлебакамбінаце. 25 верасня 1949 года яе арыштавалі на працы. Допыты і катаванні цягнуліся чатыры месяцы — Надзеі заганялі пад пазногці іголкі і выносілі з допытаў непрытомную, але яна ўпарта казала, што нічога не ведае. Пасля яе перавезлі ў Баранавічы на суд. Нягледзячы на адсутнасць доказаў і падстаў для абвінавачання Надзею Дземідовіч асудзілі на 25 гадоў лагераў і 5 гадоў паражэння ў правах. Дзяўчыну павялі ў закрыты аўтобус і нават не пусцілі да яе маці. Надзея плакала, а маці супакойвала здалёк: «Не плач, Надзечка, век так не будзе». Пазней Надзея Дземідовіч назаве так адну са сваіх трох кніг — «Век так не будзе».
Надзея трапіла ў знакаміты лагер у Казахстане Кенгір. Сустрэла там многіх паплечнікаў. Надзея Раманаўна ўспамінала цяжкія лагерныя працы. Заспела яна і знакамітае Кенгірскае паўстанне вязняў 16 траўня — 26 чэрвеня 1954 года, калі людзі адмаўляліся ісці на працу і ў арыштаваных пачалі страляць. Таксама Надзея Раманаўна адбывала пакаранне ў Чалябінску, у Карагандзінскім лагеры, пасля Кенгіра яе перавялі ў Азёрлаг.
У 1956 годзе Надзея Дземідовіч захварэла і трапіла ў бальніцу, на той час дзяўчына важыла ўсяго 42 кілаграмы. Хвароба прынесла ёй вызваленне, і з 25 гадоў яна прабыла ў зняволенні больш за 6. Вызвалілі як цяжкахворую, яна вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала на гаспадарцы. Пасля перабралася ў Мінск, да пенсіі працавала на заводзе «Гарызонт». Надзеі Раманаўны Дземідовіч не стала 4 сакавіка 2020 года, ёй было 93 гады. Яна так і не была рэабілітаваная і да апошняга верыла, што Беларусь будзе вольнай.
Сяргей Ханжанкоў

Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 года ў пасёлку Усць-Уціны Магаданскай вобласці ў сям’і былых палітзняволеных. Яго бацька быў асуджаны ў 1935 годзе, а дзед па кудзелі — у 1929 годзе. У 1955 годзе сям’я атрымала дазвол вярнуцца ў еўрапейскую частку СССР і пасялілася ў Мінску.
Сям’я Ханжанковых слухала заходнія радыёстанцыі. У 1962 годзе Сяргей разам з Віктарам Храпавіцкім і Рыгорам Сярогіным стварыў невялікую падпольную групоўку, якая збіралася распачаць друк антысавецкіх улётак. А пасля маладыя людзі вырашылі падрыхтавацца і падарваць радыёглушыльную вежу ў Мінску. Ханжанкоў і Храпавіцкі знайшлі ў лесе снарады і, распілаваўшы іх, здабылі выбухоўку. Але пра групу стала вядома КДБ, агентам быў былы аднакласнік Ханжанкова.
27 траўня 1963 года ўдзельнікаў групы арыштавалі, а 7 кастрычніка Сяргея асудзілі за «спробу зрабіць дыверсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 10 гадоў лагераў.

Сяргей Ханжанкоў цалкам адбыў свой тэрмін. Пасля вызвалення ў 1973 годзе вярнуўся ў Мінск. Працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог, рабочым на заводзе імя Кірава. У 1990-я гады супрацоўнічаў з пецярбургскім «Мемарыялам».
Аляксандр Салжаніцын у інтэрв'ю згадаў Ханжанкова: «Узгадваецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў <…> за спробу — ці нават намер — падарваць глушыльнік у Мінску. Але ж, сыходзячы з агульначалавечых клопатаў, нельга зразумець гэтага злачынцу інакш як змагара за ўсеагульны мір».

У 1976 годзе Сяргей Ханжанкоў спрабаваў арганізаваць сустрэчу былых палітзняволеных, але сустрэча не адбылася, бо ўсе яе ўдзельнікі былі часова затрыманыя КДБ. Але Сяргей Мікалаевіч быў сярод удзельнікаў I з’езда палітзняволеных у Санкт-Пецярбургу ў жніўні 1990 года.
Сяргей Ханжанкоў актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, хадзіў на ўсе палітычныя судовыя працэсы супраць апазіцыі, ушаноўваў памяць ахвяр савецкіх рэпрэсій. Ён сам застаўся нерэабілітаваным і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся. Памёр ва ўласнай кватэры ў Мінску пасля цяжкай хваробы 16 сакавіка 2016 года.
Галоўны ўрок свайго жыцця, які можна перадаць нашчадкам, Ханжанкоў фармуляваў так: «Проста жыць трэба паводле сумлення, вось і ўсё».
Міхась Кукабака

Беларускі дысідэнт Міхаіл Кукабака нарадзіўся ў 1936 годзе ў Бабруйску. Яго бацька загінуў падчас савецка-фінскай вайны ў 1939-м, маці памерла ў 1947-м. У выніку Міхась рос і выхоўваўся ў дзіцячым прытулку. Потым працаваў на будоўлях Сібіры, пераязджаў у розныя рэгіёны СССР.
У жніўні 1968 быў выкліканы ў Дарніцкі ваенкамат Кіева, дзе заявіў, што «калі накіруеце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас: саўдзельнікам злачынства савецкага ўрада не буду, выступлю на баку чэхаславацкага народа». Кукабака здолеў перадаць намесніку Генеральнага консула Чэхаславакіі свой артыкул з асуджэннем уводу савецкіх войскаў і папрасіў перадаць гэты тэкст на Захад.
Калі КДБ вызначыў, што Кукабака настойліва шукаў кантактаў з заходнімі карэспандэнтамі, яго арыштавалі 14 красавіка 1970 года. Падчас ператрусу быў знойдзены напісаны ім «Адкрыты ліст ангельскаму пісьменніку Айвару Мантэгю» ў абарону Анатоля Кузняцова, аўтара «Бабінага яру».
За адмову дапамагчы КДБ у фальсіфікацыі кампрамату на заходненямецкага дыпламата Мюлера Кукабаку абвясцілі шызафрэнікам. 4 лістапада 1970 года Судовая калегія па крымінальных справах Уладзімірскага абласнога суда пастанавіла, што яго дзеянні «ўяўляюць асаблівую грамадскую небяспеку», і накіравала яго на прымусовае псіхіятрычнае «лячэнне». Кукабака быў накіраваны ў спецпсіхлякарню ў горад Сычоўка Смаленскай вобласці, а праз 3 гады быў пераведзены ва Уладзімірскую псіхлякарню.
Вызвалены ў 1976 годзе. Псіхіятар Аляксандр Валашановіч, кансультант Рабочай камісіі па расследаванні выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах, засведчыў Кукабаку як здаровага, але сам адкрыў сваё імя толькі пасля ад’езду на Захад.
Увосень 1976-га і ўвосень 1977 года Кукабаку прымусова змяшчалі ў Магілёўскую псіхіятрычную лякарню з дыягназам «шызафрэнія і паранаідальны сіндром».
У кастрычніку 1978-га Кукабака быў арыштаваны, а 20-21 чэрвеня 1979 года ў Бабруйску над ім адбыўся суд. На судзе заявіў, што камунізм савецкага ўзору ёсць сістэма поўнага задушэння і разбурэння асобы, а СССР — не што іншае, як бязмежны канцэнтрацыйны лагер. Прыйшоў да поўнага разрыву з сістэмай і афіцыйна адмовіўся ад савецкага грамадзянства, патрабаваў выпусціць яго з СССР. Быў асуджаны на тры гады лагераў агульнага рэжыму паводле артыкула 186-1 КК БССР, зняволены ў Наваполацкім лагеры.
У зняволенні абараняў правы арыштантаў, пісаў скаргі ў пракуратуру пра беззаконнасці, якія там адбываліся, праводзіў дэманстрацыйныя галадоўкі пратэсту. Рэакцыя карных органаў была адпаведнай. У 1982-м паводле артыкула 186-1 КК БССР быў асуджаны да 3-х гадоў лагераў. 7 сакавіка 1985-га атрымаў чарговы пакаральны прысуд. Пасяджэнне Віцебскага абласнога суда, фармальна адкрытае, адбывалася ў службовым памяшканні аршанскай «установы УЖ-15/6» (лагер), куды доступ мелі толькі службоўцы лагера ды зняволеныя. Гэты суд «за сістэматычны распаўсюд загадзя хлуслівых прыдумак, што ганьбяць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад» асудзіў яго паводле артыкула 67-1 КК БССР да 6 гадоў пазбаўлення волі з высылкай на 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўча-працоўным лагеры ўзмоцненага рэжыму. У зняволенні супраць яго выкарыстоўваўся тэрор крымінальнікаў.
Адмаўляўся пісаць просьбу аб памілаванні, бо лічыў гэта прызнаннем сваёй віны, патрабаваў рэабілітацыі.
Памілаваны на загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 лістапада 1988-га. У 1989-м незалежная псіхіятрычная экспертыза ў Маскве засведчыла псіхічнае здароўе Кукабакі.
Агулам Міхась Кукабака быў асуджаны паводле палітычных матываў 4 разы і правёў у турмах, лагерах і вар’ятнях каля 17 гадоў. Пазней жыў у Маскве, працаваў у «Маскоўскай Хельсінкскай групе». Пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці рабіў спробы пераехаць у Мінск, але гэтая ідэя не была рэалізаваная. Цяпер паміж беларускай грамадскасцю і Кукабакам не падтрымліваецца стабільных сувязей.
Яўген Бузіннікаў
Яўген Іванавіч Бузіннікаў (1938—2010) — іншадумца, палітычны вязень.
У 1955-м быў асуджаны на 1 год зняволення за «покушение на спекуляцию лавровым листом», у 1956 — на 3 гады зняволення за спробу перайсці дзяржаўную мяжу.
У 1966-м асуджаны на 12 гадоў зняволення за «хищение государственного имущества, совершённое путём кражи» і «покушение на убийство работников милиции» (работнікі міліцыі без ордэра на вобшук заявіліся да яго на кватэру для «росшуку крадзеных рэчаў»; калі Бузіннікаў стаў пратэставаць, міліцыянты накінуліся на яго; Бузіннікаў, абараняючыся, схапіў паляўнічую сякерку і выгнаў іх з дому, пры гэтым траіх параніў). Быў вызвалены ў лютым 1975-га, паколькі яму зменшылі тэрмін зняволення да 9 гадоў.
Зноў арыштаваны 18 траўня 1978-га. Ад удзелу ў следстве адмовіўся, не падпісваў пратаколы допытаў. У матэрыялах справы знаходзіліся: самвыдавецкая кніга «Эканамічныя маналогі» ўкраінскага пісьменніка і дысідэнта Міколы Рудэнкі з прадмовай Пятра Грыгарэнкі, ліст Бузіннікава Андрэю Сахараву (да адрасата не дайшоў), 5 лістоў Бузіннікава Віктару Некіпелаву (да адрасата не дайшлі), копія Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
1 жніўня 1978 года Яўгена Бузіннікава асудзілі па артыкуле 186-1 КК БССР («Распространение заведомо ложных измышлений, порочащих советский государственный и общественный строй») на тры гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Бузіннікаў вінаватым сябе не прызнаў, паколькі ў яго дзеяннях не было складу злачынства нават па заканадаўстве СССР. 25 жніўня 1978 Вярхоўны суд БССР разгледзеў касацыйную скаргу і пакінуў прысуд без змен.
За час этапавання Бузіннікаў прайшоў сем перасыльных турмаў. За час перасылкі яму, як і іншым, «непалітычным», зняволеным, давялося начаваць у камерах з выбітымі шыбамі, на голых жалезных койках без матрасаў, трываць здзекі канвойных, галадаць. 23 кастрычніка 1978 ён прыбыў у лагер Азанка Свярдлоўскай вобласці.
У кастрычніку 1979 года Яўгена Бузіннікава перавялі ў лагер Белы Яр, таксама ў Таўдзінскім раёне Свярдлоўскай вобласці. У пачатку студзеня 1980-га яго яшчэ раз перавялі ў іншы лагер — на ст. Княж-Пагост у Комі АССР.
У пачатку лета 1980-га Бузіннікава пасадзілі ў ПКТ. У канцы кастрычніка яго зноў пасадзілі ў ПКТ, гэтым разам на 6 месяцаў, бо ён нібыта напісаў нейкі ліст і «блага ўплываў на асуджаных».
Быў вызвалены 18 траўня 1981 года па заканчэнні тэрміна. Пры вызваленні не атрымаў дакументаў.
У 1984 годзе ў кватэры Бузіннікава прайшоў ператрус у сувязі са справай яго знаёмага Вадзіма Канаваліхіна Непасрэдна перад вобшукам у дзверы Бузіннікава пазваніў незнаёмы чалавек, які перадаў скрутак «ад В. Канаваліхіна». У скрутку быў «Архіпелаг ГУЛАГ». Адразу ўслед за гэтым з’явілася група вобшука і скрутак быў канфіскаваны. Бузіннікава затрымалі на тры дні і падверглі допыту.
У канцы 1980-х гадоў дысідэнт жыў у Марыупалі. Паводле звестак Вадзіма Канаваліхіна, Яўген Бузіннікаў памёр у Германіі 16 красавіка 2010 года.