Больш за стагоддзе за кратамі: самыя буйныя выракі для палітычных

Усяго 11 прысудаў — але агулам атрымаўся тэрмін у 121 год за кратамі. Хто атрымаў найбольшыя тэрміны ў выніку прэзідэнцкіх выбараў-2020?

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Не факт, што буйных тэрмінаў не дадасца. Цяпер ідзе суд над «самымі небяспечнымі злачынцамі» — Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам і іншымі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі і каманды «Краіны для жыцця». Улічваючы, што Статкевіч — «злосны рэцыдывіст», цікава, якім будзе вырак? Яшчэ не скончана следства ў дачыненні да яшчэ аднаго «рэцыдывіста» — Алеся Бяляцкага. І нічога невядома нават пра ўладароў склепа ў Гомельскай вобласці — Зянковіча, Фядуту і Кастусёва.
А пакуль паглядзім на топ самых «доўгіх» прысудаў на сёння.
Лідарства пакуль трымае Дзяніс Урад, капітан Генштаба Узброеных Сіл. Па інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Дзяніс Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб уцягванні вайскоўцаў Узброеных Сіл у «дзейнасць па падтрыманні правапарадку» і «адправіў польскаму тэлеграм-каналу». За гэта ён атрымаў 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 356 Крымінальнага кодэксу «Здрада дзяржаве». Суд праходзіў у закрытым рэжыме, і невядомы нават суддзя, які выпісаў такі тэрмін.

Дзяніс Урад. Фота з сацсетак

Дзяніс Урад. Фота з сацсетак


Другі па працягласці прысуджанага тэрміну — экс-прэтэндэнт у прэзідэнты. Былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка. Яго прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 235 КК «Легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і арт. 430 «Атрыманне хабару». Суддзя — Ігар Любавіцкі.

277216_914x527_1_1.jpg


За што яго судзілі насамрэч — усе ведаюць. За тое, што паквапіўся на пасаду, якую Лукашэнка лічыць сваёй уласнасцю.
Марыя Калеснікава, кіраўніца перадвыбарчага штабу вышэйзгаданага Бабарыкі і адна з «трыа прыгажунь», пазбаўлена волі на 11 гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Яе асудзілі па арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»; ч. 1 арт. 357 КК «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»; арт. 361-1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». Суддзя — Сяргей Епіхаў.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_1_1_1_1.jpg


Маша стала сімвалам пратэсту-2020. Самая смелая прыгажуня краіны дагэтуль шмат для каго з’яўляецца прыкладам і стымулам, каб не ўпадаць у дэпрэсію і не апускаць рукі.
Але Калеснікава не адзіная, якая атрымала такі тэрмін. Столькі ж далі Ціхану Осіпаву11 гадоў, толькі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён асуджаны па ч. 2 арт. 293 КК «Удзел у масавых беспарадках»; арт. 362 КК «Замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў»; арт. 400 КК «Заведама ілжывы данос». Ціхана Осіпава абвінавацілі ў тым, што ён нібыта спрабаваў з’ехаць з месца забурэння на сваім BMW і «паціснуў» пяцёх вайскоўцаў унутраных спраў, якія білі дубінкамі па машыне. Пытанне да выраку толькі адно: як можна «ўдзельнічаць у масавых беспарадках», седзячы за рулём аўто? Напэўна, на яго ведае адказ суддзя — Пётр Арлоў.

Ціхан Осіпаў. Фота: "Наша Ніва"

Ціхан Осіпаў. Фота: "Наша Ніва"


Максім Знак, юрыст перадвыбарчага штабу Бабарыкі па тых жа артыкулах, што і Калеснікава, атрымаў 10 гадоў зняволення. Суддзя — усё той жа Сяргей Епіхаў.

Фота Reuters

Фота Reuters

Аляксандр Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па адным артыкуле — 363 КК «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак». Аляксандр — сведка забойства берасцейца Генадзя Шутава, і таму яго паспрабавалі «схаваць». Суддзя — Святлана Крамянёўская.

kardziukou.jpg


Ягор Міхайлаў атрымаў той жа тэрмін і таксама ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 289 К «Акт тэрарызму». Нібыта гэта ён кінуў «кактэйль Молатава» ў танк Т-72 у ваенным эшалоне на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы. Суддзю Алену Бушаву не засмуціла нават тое, што дзяржСМІ назвалі відэа палаючага танка фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны і цэлы танк. Таму дагэтуль загадка, ці быў насамрэч той «акт тэрарызму».

mihailov_pltz.jpg


Аляксандр Троцкі асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 362 КК «Замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў». Ён таксама нібыта наехаў на сілавікоў на машыне — толькі на нагу супрацоўніка ДАІ. Суддзя — Сяргей Хрыпач.

trocki_90_1.jpg


І замыкаюць топ лідараў па турэмных тэрмінах тры чалавекі, якім далі па 9 гадоў. Гэта Юрый Бялько, які прысуджаны да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 293 КК «Удзел у масавых беспарадках»; арт. 218 КК «Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры»; арт. 295-3 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў». Ён атрымаў свой тэрмін пра справе «удзельнікаў чатаў». Сярод абвінавачання быў эпізод з «намерам» знішчыць тры «Табакеркі». Такім чынам, тэрмін ён атрымаў за «думказлачынства» — за ўдзел у чатах і намер. Суддзя — Дзмітрый Астапенка.

bialko_1.jpg


Сяргей Сікорскі атрымаў 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 293 КК «Удзел у масавых беспарадках»; ч. 1 арт. 328 КК «Незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту». Суддзя —Дзмітрый Лукашэвіч.
У спісе праваабаронцаў пакуль няма 35-гадовага віцябляніна Сяргея Думавы. Літаральна днямі яму далі 9 гадоў і 15 сутак калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыі масавых беспарадкаў па ч. 1 арт. 293 КК, навучанне або падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках па ч. 3 арт. 293 КК і за апаганьванне збудаванняў і пашкоджанні маёмасці па арт. 341 КК. Ён прызнаўся, што напісаў чырвонай фарбай некалькі надпісаў «Жыве Беларусь». У абвінавачванні таксама фігуравалі надпісы «3%», «Чырвоны партызан», «Сыходзь». Суддзя — Міхаіл Юрчанка.