Нямецкі бард аддасць прысуджаную яму прэмію імя Авідзія Марыі Калеснікавай

Марыя Калеснікава стала іконай мірнага грамадзянскага супраціву беларусаў, якія пратэставалі супраць рэжыму Лукашэнкі, заявіў былы дысідэнт ГДР Вольф Бірман.

Вольф Бірман

Вольф Бірман


Вядомы нямецкі бард і былы ўсходнегерманскі дысідэнт Вольф Бірман мае намер перадаць беларускай апазіцыянерцы Марыі Калеснікавай прысуджаную яму прэмію імя Авідзія. «З таго часу, як народ Беларусі нарэшце выйшаў на вуліцы супраць дыктатара Лукашэнкі (...) Марыя Калеснікава стала симвалам грамадзянскага і мірнага супраціву», — напісаў 84-гадовы Бірман, паведамляе DW.

Паводле яго слоў, 5 кастрычніка ў Франкфурце-на-Майне ён прыме ўзнагароду, каб у «самыя сцислыя тэрміны» перадаць яе Калеснікавай. «Як бы высока мы ні шанавалі музыку і змагара за свабоду, гэта наўрад ці зможа вызваліць Марыю. Калі я прысвячу ёй маю песню «Ermutigung» («Падбадзёрванне») і спою яе, то гэта будзе ежай для душы ёй і яе аднадумцам за кратамі» — напісаў ён.

Вольф Бірман быў праваабаронцам і крытыкам рэжыму ў ГДР. У лістападзе 1976 года ўлады ва Усходнім Берліне пазбавілі яго грамадзянства.

Прэмія імя Авідзія прысуджаецца ПЭН-цэнтрам нямецкамоўных аўтараў за мяжой раз на два гады. Рашэнне аб узнагароджанні Бірмана было прынята яшчэ ў 2020 годзе, але з-за пандэміі ўручэнне прэміі было адкладзена.

Беларуская музыка Марыя Калеснікава, якая 12 гадоў жыла ў Штутгарце, у 2020 годзе вярнулася ў Беларусь, дзе стала каардынатарам штаба апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка. Пасля яго арышту яна стала адной з ключавых фігур пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Калеснікава была затрыманая 8 верасня 2020 года на беларуска-украінскай мяжы. Пры спробе прымусовай дэпартацыі з краіны яна парвала свой пашпарт.

У пачатку верасня Мінскі абласны суд прызнаў Калеснікаву вінаватай па трох артыкулах КК Беларусі — у змове з мэтай захопу ўлады, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і публічных закліках да дзеянняў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы, і прысудзіў да 11 гадоў турмы. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.