Былы форвард «Гарадзеі» за ўдзел у пратэстах асуджаны на «хатнюю хімію»

Былы форвард футбольнага клуба «Гарадзея» Расціслаў Шавель за ўдзел у пратэстах асуджаны на тры гады «хатняй хіміі». Разам з палітвязнем былі асуджаны Вадзім Шашура і Мікіта Ермакоў. Яны атрымалі па два з паловай гады абмежавання волі «хатняй хіміі».

Пасля прысуду: у цэнтры (з аранжавым пакетам) — Расціслаў Шавель, злева ад яго — Вадзім Шашура

Пасля прысуду: у цэнтры (з аранжавым пакетам) — Расціслаў Шавель, злева ад яго — Вадзім Шашура


Крымінальную справу, распачатую па артыкуле «Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», разглядаў суд Заводскага раёна Мінска. Прысуд 20-гадовым хлопцам быў вынесены 22 верасня. Суддзя Алег Каляда агучыў тыя прысуды, якія і запрасіў пракурор, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на праваабаронцаў.

Шавеля і Шашуру вызвалілі з-пад варты ў зале суда, а Ермакоў быў пад падпіскай аб нявыездзе. Абвінавачаныя прызналі віну ва ўдзеле ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», якія адбываліся ў Мінску восенню мінулага года.

Пра крымінальную справу Расціслава Шавеля стала вядома ў пачатку чэрвеня 2021 года. Раней яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у вулічных пратэстах — двойчы летась (атрымаў 8 і 15 сутак) і аднойчы ў траўні сёлета (15 сутак). Пасля затрымання 17 траўня Шавель заставаўся за кратамі, быў прызнаны палітзняволеным.