Распачатая спецвытворчасць супраць сузаснавальніка Wargaming. Хронікі рэпрэсій 1 ліпеня

 Прэс-служба Следчага камітэта паведамляе, што сузаснавальніка і былога топ-менаджара кампаніі Wargaming Мікалая Кацалапава абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці. Кацалапаву прапанавана з'явіцца ў СК па Мінску, піша Позірк

1_1097_1.png

Раней у сюжэце на тэлеканале АНТ сцвярджалася, што мужчына зрабіў «дзясяткі пераводаў» у крыптавалюце на «сотні тысяч долараў» у розныя ініцыятывы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

З пачатку года ў Бярозаўскім раёне распачалі 5 «экстрэмісцкіх» крымінальных справаў — людзей проста затрымліваюць, а пасля ўжо «адпрацоўваюць у ізалятары»

Пра гэта расказаў намеснік начальніка Бярозаўскага РАУС Валянцін Пашкевіч, піша @BeloyeChernoye. Паводле яго, з пачатку 2025-га году ў Бярозаўскім раёне распачалі 5 крымінальных справаў за «экстрэмізм» — за «абразу Лукашэнкі» ці «прадстаўнікоў улады», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «апаганьванне збудаванняў» і «псаванне маёмасці». Па гэтых справах ужо ёсць 4 падазраваных.

Міліцыянт таксама расказаў, як шукаюць людзей: манітораць чаты, дэанімізуюць карыстальнікаў, а таксама «адпрацоўваюць у ІЧУ» — «затрыманне асоб і адпрацоўка іх ва ўмовах ізалятара».

Таксама ў Бярозаўскім раёне з пачатку году зафіксавана 11 фактаў «распаўсюду экстрэмізму» (арт. 19.11 КаАП).

Маладую б'юці-майстарку адправілі за краты за «распальванне варожасці»

Настассі Тыдыкавай (Садоўнікавай) 34 гады. Яна родам з Беразіно. Калі верыць інфармацыі з сацсетак, скончыла факультэт спецыяльнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Дзяўчына замужам, мае дзіця.

Мяркуючы па сацсетках, яна прынамсі да нядаўняга часу працавала ў сферы прыгажосці — займалася бровамі і вейкамі.

Настассю асудзілі па ч. 1 арт. 130 КК — «распальванне варожасці». Хутчэй за ўсё, ёй прысудзілі «хімію» з накіраваннем ці калонію — у спісе экстрэмістаў яна пазначаная як чалавек, які «адбывае пакаранне».

Сутнасць абвінавачання, як і прысуд — невядомыя, піша «Наша Ніва».