Яшчэ 11 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Хронікі рэпрэсій 30 чэрвеня

Праваабаронцы 30 чэрвеня прызналі палітычнымі зняволенымі дзве групы людзей. Марына Луц, Крысціна Лапкоўская, Арцём Кухаронак, Аляксандр Баркун, Ганна Папай, Іван Каваленка, Іван Качаноў — асуджаныя да пазбаўлення волі за «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы». Дзмітрый Мелехавец, Аляксандр Гаршуноў, Лідзія Гарохава, Вячаслаў Малышаў — асуджаныя да пазбаўлення волі за заклікі да санкцый ці абразу Лукашэнкі. На сёння 1176 чалавек у Беларусі прызнаныя палітзняволенымі. 

1_1097_1.png

У Мінску сілавікі затрымалі вядомага музыку Алега Хаменку

Некалькі дзён таму знаёмыя звярнулі ўвагу, што ён перастаў адказваць у сацсетках. А сёння інфармацыя пра тое, што музыка — за кратамі, прагучала ў эфіры ранішняга шоў "Обычное утро".

58-гадовы Алег Хаменка — лідар фольк-мадэрн гурта “Палац”. Ён таксама радыёвядоўца, выкладчык, кампазітар, культуртрэгер, прадзюсар. Вядомы ўдзелам у розных беларускіх культурных праектах.

У рамках якой справы – адміністрацыйнай ці крымінальнай ён затрыманы пакуль невядома. 

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах

Вадзіму Жукоўскаму 37 гадоў. Ён мінчук. Адвучыўся на факультэце тэлекамунікацый у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Жукоўскі доўгі час працаваў інжынерам-канструктарам на «Пеленгу» — у 20-м упраўленні, на сектары суправаджэння электронных сістэмаў. Ён разам з калегамі робіць у тым ліку тэхніку для расійскіх вайскоўцаў, напрыклад, прыцэлы для танкаў.

Мужчыну арыштавалі і пасадзілі ў СІЗА адразу пасля аблавы КДБ на прадпрыемства, якая адбылася ўлетку 2024 года. Мужчыну асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК) і «заклікі да дзеянняў, якія прыносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Прысуд і сутнасць абвінавачання невядомыя.

Вадзім Жукоўскі — як мінімум пяты супрацоўнік прадпрыемства, якога арыштавалі пасля аблавы КДБ на прадпрыемства, піша «Наша Ніва».

Прапагандысты паведамілі, што актывіста Паўла Бялюціна затрымалі за падрыхтоўку атакі дронамі па беларускіх аб'ектах

Пра гэта ідзе гаворка ў анонсе АНТ.

«Камітэт дзяржбяспекі правёў шматхадовую спецаперацыю пад назвай «Гарпун». У выніку ўдалося выцягнуць з-за мяжы арганізатара групы, якая рыхтавала ўдарныя дроны, каб літаральна ўзарваць беларускія стратэгічныя аб'екты. Гэтая аперацыя працягвалася 732 дні».

Пра затрыманне Паўла стала вядома ў траўні — пра гэта паведамілі ў эфіры «Беларусь 1».

Стала вядома пра зняволенне брэсцкага гісторыка Алега Зелянко

Алегу Зелянко 42 гады. Ён жыў у вёсцы Вістычы, якая знаходзіцца за 5 кіламетраў ад Брэста. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт на настаўніка гісторыі. Зелянко згадваецца ў базах як кіраўнік гістарычнага клуба «Міндоўг» — аднаго з НДА, зарэгістраваных у Брэсце.

Паралельна гісторык займаўся бізнэсам. У яго было ІП, сфера дзейнасці якога — сталярныя і цяслярскія працы.

У снежні 2024 Алега Зелянко двойчы асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Пасля адбытых сутак, імаверна, на яго завялі крымінальную справу і пасадзілі ў СІЗА. Зелянко асудзілі па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) у Брэсцкім абласным судзе.

Мяркуючы па ўсім, Алегу прысудзілі калонію — ягоныя сацсеткі не абнаўляюцца, а тэлеграм мае статус «быў анлайн вельмі даўно», піша «Наша Ніва».