Чаму Цанава — «беларускі» Берыя? Міхась Скобла з абуральнай рэцэнзіяй на кнігу Эмануіла Іофэ

Гэта пры Цанаве і з яго санкцыі былі знішчаныя акадэмік АН БССР Іван Замоцін, адзін з аўтараў Акта 25 Сакавіка і прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч, ксёндз Адам Станкевіч, выдавец «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў, паэт і аўтар песні-гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макар Краўцоў. Гэта пры Цанаве тыя, хто вярнуўся з турмаў і высылак, пайшлі туды ж па другім крузе – Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Бярозкін, — нагадвае Міхась Скобла.

t7qsf2drhf4qdxus1f4j1kb8za7esl3i.jpg

Кніга Эмануіла Іофе «Лаврентий Цанава. Его называли “белорусский Берия”», прызнацца, мяне здзівіла і абурыла, піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку журналіст і пісьменнік Міхась Скобла.

Найперш аўтарскімі характарыстыкамі героя кнігі. Цанава ў вачах Іофе – “талантливый аналитик, храбрый и очень коммуникабельный человек… он хорошо разбирался в экономических, политических, хозяйственных и идеологических вопросах… громя врагов революции, он действовал решительно и отважно… ему было присуще чувство справедливости, он был неравнодушен и смел в борьбе с несправедливыми решениями… Лаврентий Фомич особенно боролся со сквернословием и нецензурщиной среди работников НКВД республики… ненавидел клеветников, мошенников и обманщиков… был хорошим семьянином и заботливым дедушкой…”

Падобных выразаў з названай кнігі можна было б навыграбаць і больш. Але спынюся. Калі б апостал Пятро атрымаў на Цанаву такі суправаджальны ліст, то без роздумаў прапусціў бы яго ў рай.

Аўтар кнігі даводзіць, што пік рэпрэсій у Беларусі прыпаў на дацанаваўскі час, калі тут карныя органы ўзначальвалі Берман і Наседкін. Іх “разоблачили” і расстралялі, а рэпрэсіі, маўляў, пайшлі на спад. Вядома ж, усё спазнаецца ў параўнанні, але нялішне будзе нагадаць і пра грахі Цанавы, якіх дастаткова, каб расставіць усе кропкі над “ï”.

Гэта пры Цанаве і з яго санкцыі былі знішчаныя акадэмік АН БССР Іван Замоцін, адзін з аўтараў Акта 25 Сакавіка і прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч, ксёндз Адам Станкевіч, выдавец “Нашай Нівы” Аляксандр Уласаў, паэт і аўтар песні-гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макар Краўцоў.

Гэта пры Цанаве і з яго ведама ў мінскай вязніцы катавалі да страты свядомасці аднаго з найлепшых беларускіх празаікаў Кузьму Чорнага (яго заўчасная смерць у 1944-м – вынік тых катаванняў).

Гэта Цанава за забойства народнага артыста СССР Саламона Міхоэлса атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга, прапанаваўшы да паслуг выканаўцаў спецаперацыі ўласны дом пад Мінскам.

Гэта ў галаве Цанавы ўзнікла “нацдэмаўская арганізацыя”, у якую “талантливый аналитик” уключыў Янку Купалу, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова, Петруся Броўку, Пятра Глебку. І свайму непасрэднаму начальніку і апекуну Берыі ў канцы 1938-га паведамляў: “Центральными фигурами националистической фашистской организации в Белорусии в настоящее время являются Колас и Купала”.

Гэта Цанава ў 1939 годзе ў спецвагоне ездзіў па далучанай Заходняй Беларусі, вышукваў нелаяльных да савецкай улады і вырашаў без усякіх судоў, каго да вышэйшай меры, каго на высылку; беларусы тады перажылі ажно чатыры хвалі дэпартацый.

Гэта Цанава толькі за першы год працы ў Беларусі выявіў і арыштаваў (з дапамогай сваіх падначаленых) ажно 27 000 “палітычна ненадзейных”; колькі з іх вярнулася дамоў – невядома.

Гэта пры Цанаве тыя, хто вярнуўся з турмаў і высылак, пайшлі туды ж па другім крузе – Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Бярозкін.

Гэта па прамым распараджэнні Цанавы быў у 1951-м арыштаваны і асуджаны міністр асветы БССР Платон Саевіч – толькі за тое, што адмовіўся рэдагаваць кнігу “Всенародная партизанская война в Белоруссиии против фашистских захватчиков”, аўтарам якой значыўся галоўны беларускі чэкіст.

Гэта Цанава ў 1949-м асабіста дапытваў Ларысу Геніюш і, пырскаючы слінай, патрабаваў аддаць архівы БНР…

Дарэчы, Э. Іофе сцвярджае, быццам Геніюш была арыштаваная ў Празе. Насамрэч у невялікім гарадку Вімперк – прыкладна ў 140 км ад сталіцы Чэхіі. Памыляецца гісторык і тады, калі піша, што Геніюш да канца сваіх дзён заставалася грамадзянкай Чэхаславакіі – чэхаславацкага пашпарту яна была пазбаўленая неўзабаве пасля арышту і з тае пары заставалася асобай без грамадзянства.

Але вернемся да галоўнага героя кнігі. І на сямі валовых скурах не спішаш усіх “заслугаў” Цанавы. Дзіўна, але, ведаючы пра іх, Э. Іофе піша: “Когда мне на глаза попадается фраза, что “Цанава – организатор массовых репрессий в Белоруссии”, то задумываюсь и задаю себе вопрос: “А так ли это было? Ведь очень часто Лаврентий Фомич выполнял установки Москвы…”

Атрымліваецца, выканаўца – не вінаваты? Кат не нясе адказнасці за адсечаныя галовы? І кату можна прысвяціць хваласпеўную кнігу, у канцы якой нават выказаць сваё бачанне помніка гэтаму самаму кату.

Свой помнік Цанаву гісторык Іофе ўжо паставіў. Разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”, адным з заснавальнікаў якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Вось так цяпер нас спрабуюць адукаваць і выхаваць...

Паводле budzma.org