Ларыса Геніюш рэабілітацыі не падлягае

Моладзь БНФ атрымала адказ ад генпракуратуры РБ на пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць Ларысу Геніюш, а таксама дзеліцца сваімі планамі наконт працягу кампаніі #Геніюш2016.

download_21.jpg

#Геніюш2016 — гэта кампанія Моладзі БНФ па рэабілітацыі беларускай паэткі, грамадскай дзеячкі і выбітной беларускі Ларысы Геніюш.
Пятага ліпеня 2016 адбыўся першы этап кампаніі, дзе актывісты Моладзі БНФ збіралі подпісы за рэабілітацыю Ларысы Геніюш. За першы этап у падтрымку праграмы было сабрана больш за 1200 подпісаў.
На другім этапе кампаніі актывісты працягвалі збіраць подпісы (як офлайн, так і онлайн), а таксама патрабавалі надаць адной з вуліц горада Зэльва імя паэткі, усталяваць помнік Ларысе Геніюш і ўключыць яе творы у школьную праграму. Паралельна праходзіў шэраг мерапрыемстваў у гонар паэткі.
18 красавіка, з вялікай затрымкай, прыйшоў адказ ад Генпракуратуры РБ наконт рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Цытата: «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі»
З поўным тэкстам можна азнаёміцца на фотаздымку папяровага адказу: 

enprod.jpg

Моладзь БНФ пракаментавала гэткі адказ пракуратуры наступным чынам:
Мы лічым дадзены адказ генпракуратуры выключна палітычным і працягам калясавецкай ідэалогіі. Мы ўпэўнены, што рэабілітацыя нашай выбітной літаратаркі Ларысы Геніюш з’яўляецца адным з прынцыповых пытанняў рэабілітацыі рэпрэсаваных камуністамі літаратараў і дзеячаў Беларусі, якія былі супраць антыбеларускай бальшавіцкай ідэалогіі і змагаліся за праўду. Мы не здаемся і працягваем кампанію #Геніюш2016. Наступныя нашыя крокі: працяг мерапрыемстваў у гонар Ларысы Геніюш і заснаванне літаратурнай прэміі ў яе імя.
Найбліжэйшым мерапрыемствам будзе прагляд кінастужкі «Няскораная», які адбудзецца ў сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага 3) 13 траўня а 19.00. Cтужка складаецца з дзвюх частак па 30 хвілінаў кожная і прымеркаваная да 100-х угодкаў нараджэння вялікай беларускі. У ёй выкарыстоўваюцца інсцэнізацыі, унікальныя кіна- і аўдыёзапісы, рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Сваімі думкамі пра Ларысу Геніюш дзеляцца Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды іншыя.
Літаратурная Прэмія імя Ларысы Геніюш будзе ўручацца маладым літаратарам, якія пішуць па-беларуску і для Беларусі. Падрабязная інфармацыя будзе аб’яўлена пазней.
Напрыканцы мы абяцаем: пры першай жа магчымасці рэальна змяніць сітуацыю, Моладзь БНФ сама рэабілітуе Ларысу Геніюш. Гэты пункт уключаны ў Платформу рэформ і змен Беларусі, якую мы зараз распрацоўваем.
Жыве Беларусь!
Паводле прэс-рэліза