«У новага пакалення беларусаў складана будзе адабраць унутраную незалежнасць»
Сёння ў Савецкім судзе Мінска пачынаюць судзіць палітзняволеную экскурсаводку Валерыю Чарнаморцаву. Справу вядзе суддзя Вольга Емяльянчанка. Валерыя — даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГу, актывістка БХД, экскурсаводка. Яна спрычынілася да стварэння віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій у Беларусі. У нашым матэрыяле, які быў створаны і апублікаваны ўпершыню ў 2018 годзе, яна распавядае пра сваё жыццё.
Аднойчы працу гэтай жанчыны параўналі з дзейнасцю цэлага навукова-даследчага інстытута. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, хоць сама гераіня сціпла адмахваецца ад такіх параўнанняў. Праграмістка па адукацыі, грамадская дзяячка Валерыя Чарнаморцава распавяла пра сваю сустрэчу з Радзімай, пераадоленні, захапленні і мары.
Пачуццё Радзімы, гісторыя «насуперак» і беларуская мова на кухні
Я нарадзілася ў Мінску, але мая маці з-пад Воршы, з мястэчка Высокае. Там на могілках ляжыць мая радзіна, таксама захавалася хата, якую будаваў дзед. Першае пачуццё Радзімы ў мяне здарылася, калі мы ўвосень 1996 года паехалі адзначаць угодкі бітвы пад Воршай. Там амаль нікога не было, і зранку на высокім беразе Дняпра па-над аршанскім полем да мяне прыйшло гэтае пачуццё.
Мы з аднакласніцай Крысцінкай, як «ціхія алкаголікі», у старэйшай школе ўвечары на кухні пачыналі размаўляць па-беларуску. Вучыліся ў мінскай матэматычнай школе №19 імя Янкі Купалы. У нас быў вельмі спецыфічны гісторык — злосны антыбеларус, прынцыпова не прызнаваў беларусаў за нацыю. І я пачала вучыць гісторыю Беларусі насуперак яму. У школе я першая зняла піянерскі гальштук і стала насіць бел-чырвона-белы значок.
У мяне была вельмі цікавая цётачка Люда. Яна галасавала за Пазьняка, мела неблагі збор беларускай літаратуры, выхоўвала нас на Данчыку — уключала касеты на лецішчы. У 1993 годзе мы з ёй упершыню былі на мітынгу з нагоды Дня Волі. Мне было тады 14 гадоў, я была вельмі натхнёная, пасля ўсіх віншавала з 25 сакавіка. Я хадзіла ў студыю выяўленчага мастацтва ў Палацы дзяцей і моладзі, і калі павіншавала выкладчыка з 75-годдзем БНР, ён мяне не зразумеў — нічога не ведаў пра БНР!
Калі я была ў старшых класах школы, мы з мамай далучыліся да «Беларускай хаткі» — краязнаўчага клуба, які збіраўся ў той самай Беларускай хатцы, філіяле музея Максіма Багдановіча. Музей тады ўзначальваў Алесь Бяляцкі, а хатку — Эдуард Акулін. Клуб ладзіў і вандроўкі па Беларусі, і мы патроху пачалі ездзіць, цікавіцца нашай спадчынай. Увогуле гэта быў асяродак людзей, якія не былі прафесійна звязаныя з культурай: бухгалтары, урачы, біёлагі, банкаўскія работнікі. Але яны збіраліся штотыдзень і ладзілі розныя імпрэзы, спектаклі.
Мяккія знакі, праграмаванне і вывешванне бялізны ў грамадскіх месцах
У школе ў мяне было добра з матэматыкай, а вось мовы даваліся цяжка. Па беларускай былі «чацвёркі», бо я інтуітыўна пісала паўсюль мяккія знакі, і толькі пазней зразумела, што гэта была тарашкевіца. Пасля школы, маючы срэбны медаль і перамогі ў алімпіядах па матэматыцы ды фізіцы я магла паступаць без экзаменаў у РТІ (цяперашні БДУІР), які да таго ж знаходзіўся насупраць майго дома. Паступіла на спецыяльнасць «эканамічная інфарматыка», але пісала лекцыі і адказвала па-беларуску. У РТІ працавала Людміла Стома, сястра Анатоля Майсені, які загінуў пры дзіўных абставінах. Яна мае конкурсныя працы па тэорыі імавернасці рэцэнзавала па-беларуску.
Мне здаецца, гэта абсалютна няслушная ўстаноўка, што дакладныя і тэхнічныя дысцыпліны нельга вывучаць на беларускай мове. У нас вельмі шмат праграмістаў размаўляюць па-беларуску.
Удзельнічала ў многіх мітынгах, але, што адметна, мяне на іх ніколі не «бралі». Дакладней, некалькі разоў затрымлівалі, але да судоў не даходзіла. Аднойчы мяне затрымалі за расклейванне ўлётак, і запомнілася недарэчная фармулёўка артыкула, якім пагражалі: вывешванне бялізны ў грамадскіх месцах. Некалькі гадоў я актыўна ўдзельнічала ў стварэнні БХД (Беларускай хрысціянскай дэмакратыі), але мяне больш цікавіла грамадска-культурніцкая дзейнасць, чым палітычная.
Былыя вязні ГУЛАГу і «людзі сваёй душы»
У аргкамітэце па стварэнні БХД я пазнаёмілася з беларускамоўным пастарам Эрнстам Сабілам, які праседзеў 13 гадоў у ГУЛАГу. Ён прапанаваў наведаць «былых байцоў», мы сталі шукаць беларусаў, якія зведалі сталінскія лагеры. Гэта вельмі цікавая і амаль недаследаваная тэма — пасляваенны моладзевы рух. Мы запісвалі ўспаміны, і да гэтага часу збіраем ахвяраванні, каб падпісаць былых вязняў ГУЛАГу на незалежныя газеты, стараемся дапамагчы матэрыяльна. Дзякуючы знаёмству з гэтымі людзьмі паўстала і была рэалізаваная ідэя Віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій.
Сярод тых, хто зведаў сталінскі ГУЛАГ, для мяне знакавымі з'яўляюцца дзве асобы: мая любімая паэтка Ларыса Геніюш і драматург Францішак Аляхновіч. Мяне вельмі ўразіла, што жахі, апісаныя ў Аляхновічавым творы «У капцюрох ГПУ», напісаны такой лёгкай мовай. Гэтая неадпаведнасць вельмі кранае. А ў вершах Геніюш адчуваецца ўнутраны рытм, стрыжань, і ў жыцці яна была вельмі цвёрдым чалавекам, нездарма яе ў лагеры нават старэйшыя жанчыны называлі Маці, а яе вершы — глюкозай. Аналізуючы свае не вельмі добрыя ўчынкі, я часам думаю: «Што б сказала Ларыса Антонаўна?»
Насамрэч, людзі, якія прайшлі праз ГУЛАГ, вельмі розныя. Ёсць зламаныя, а ёсць нязломныя. І, канешне, найбольш уражваюць тыя, хто, прайшоўшы скрозь гэтае пекла, засталіся людзьмі са светлымі душамі. Як кажа адна з былых зняволеных ГУЛАГу, якую я часта наведваю, паэтка і патрыётка Надзея Дземідовіч, «людзі сваёй душы». Але такіх вельмі мала.
Дзед, страх і беларуская Галгофа
Мой дзед Сяргей не быў арыштаваны. Але яшчэ напярэдадні 1937 года яго папрасілі даносіць на аднакашнікаў па Горы-Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, і пагражалі забраць, калі адмовіцца. У яго было два шляхі: альбо стаць здраднікам, альбо арыштаваным. Ён выбраў трэці: уцёк і ўсё жыццё хаваўся. Ён памёр за год да майго нараджэння і перад смерцю расказаў пра гэта маёй цётцы, а яна распавяла мне.
Кажуць, дзед быў вельмі таленавіты і мог многага дасягнуць, але так і не скончыў сваю адукацыю і ўсё жыццё пражыў у страху. І ўсё наша грамадства жыло ў гэтым страху. Былыя вязні ГУЛАГу нават дзецям не расказвалі, што перажылі. Таму, калі ў 1988 годзе выйшаў артыкул пра Курапаты, гэта быў сапраўды выбух у грамадстве. Трагедыі безлічы рэпрэсаваных, раскулачаных сем'яў, якія кожны асабіста доўгі час трымаў у сакрэце, выбухнулі плынню праўды. Менавіта таму Курапаты сталі сімвалам.
Я ладзіла шмат бясплатных экскурсій для ўсіх ахвотных па Курапатах — з гісторыкамі і археолагамі, якія даследавалі гэтае месца. Цяпер распавядаю пра яго сама. У маёй версіі экскурсія мае назву «Курапаты — беларуская Галгофа». Галгофа — гэта не толькі сімвал смерці, але і сімвал уваскрэсення Хрыста. Так і Курапаты — не толькі сімвал рэпрэсій, але і сімвал уваскрэсення Беларусі. Курапаты — месца, дзе дагэтуль працягваецца барацьба дабра і зла, праўды і хлусні.
Барды і Вільня
Сама не маю ні слыху, ні голасу, гітару па «самамучыцелі» так і не засвоіла. Але сэнсоўная рытміка бардаўскіх спеваў захапляла з юнацтва, нават нешта спрабавала на беларускую перакладаць. А калі пачула беларускіх бардаў, стала хадзіць на канцэрты, ездзіць на бардаўскія фэсты, займела мянушку «беларуская бардаўская тэрарыстка», бо бессаромна замаўляла ў музыкаў песні па-за праграмай. Шмат з кім з беларускіх бардаў цяпер сябрую і арганізую іх выступы.
Сама не спяваю і вершаў не пішу. Адзінае выключэнне — верш пра Вільню. Вільня — гэта мой самы любімы горад у свеце. У лабірынтах яе старажытных вулачак заблукалі шматлікія беларускія сляды, амаль кожны дамок і кожны храм там мае нейкую беларускую гісторыю, сплеценую з агульнаеўрапейскай. Упершыню я была з маці ў Вільні ў 10 гадоў — акурат тады, калі там праходзіў з'езд БНФ, і, як ні дзіўна, запомніла на вакзале людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Вільня — утульная, прыгожая, «свая», мае шмат дворыкаў-сакрэцікаў, якія бясконца можна адкрываць для сябе і для сяброў. Мне тады не распавядалі пра беларускія мясціны, а я, памятаю, гледзячы з Гедымінавай гары на чырвоную дахоўку ды касцёльныя вежы, не магла зразумець, чаму гэта ўсё не нашае. А пасля аказалася, што Вільня ўсё-ткі была некалі нашай гістарычнай сталіцай. І ўжо амаль два дзесяцігоддзі імкнуся вазіць туды беларусаў, каб распавесці пра нашу сапраўдную еўрапейскую гісторыю.
Вандроўкі і новае пакаленне незалежных беларусаў
Я не лічу турызмам вандроўкі па Беларусі, якія арганізую. Часам, калі не збіраецца поўны аўтобус, я не толькі не атрымліваю заробак, але і закладаю свае грошы. Бывае і так, што грошы, якія я атрымліваю, ладзячы вандроўкі ад «Арт-сядзібы», ідуць на арганізацыю іншых мерапрыемстваў. Я лічу, што цяпер вельмі патрэбныя розныя асветніцкія праекты. Магчыма, у нас пакуль яшчэ не тая незалежнасць, пра якую марылі тыя, хто сядзеў у ГУЛАГу, але ўсё-ткі выхоўваецца пакаленне незалежнай Беларусі. І ў яго ўжо складана будзе адабраць яго ўнутраную незалежнасць.
Шлях да веры і зварот да Бога на сваёй мове
Калі мне было 10 гадоў, мы ўсе разам — мама, я, цётачка і стрыечная сястра — хрысціліся ў царкве Аляксандра Неўскага. Я памятаю свой хрост і адчуванні: раздражненне павекаў ад алею, словы святара, што наша хрышчэнне не павінна быць мёртвым, і тое, што я, калі выходзілі з царквы, заявіла, што мы да гэтага па-сапраўднаму яшчэ не гатовыя. Да хрышчэння павінен быць нейкі шлях, катэхізацыя, агалашэнне. Мне было цяжка, бо я нічога не ведала, але было жаданне прыходзіць у царкву. Спрабавала маліцца — для мяне было натуральным звяртацца да Бога па-беларуску, — але быў нейкі дысананс з царкоўнаславянскай…
У 1996 годзе пры Свята-Петрапаўлаўскім саборы стваралася Брацтва Канстанціна Астрожскага. Паколькі я паходжу з Аршаншчыны, для мяне вельмі важныя і Аршанская бітва, і прыклад веры Астрожскага.
Беларускамоўнае моладзевае брацтва стала маім усвядомленым шляхам да Бога. І хоць царква — не нацыянальная, а Хрыстовая, я лічу, што ў кожнай краіне да Бога трэба звяртацца на сваёй мове. Кожнаму народу Госпад дае сваіх святых і людзей, якія адначасова верныя Богу і любяць сваю краіну. Многія хрысціяне адмаўляюць нацыянальнае, але мой адказ такі: калі вы хочаце быць годнымі грамадзянамі Валадарства Божага, вы павінны быць годнымі грамадзянамі краіны, якую Госпад даў вам тут.
Фота аўтаркі і з асабістага архіва Валерыі Чарнаморцавай