БХД прапануе змены ў «наркатычны» артыкул КК

У Мінску  10 траўня прэзентавалі законапраект па змене артыкула 328 КК, распрацаваны па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і прадстаўнікоў сваякоў асуджаных. Дакумент, у прыватнасці, рэгулюе пакаранне за захоўванне і збыт наркатычных сродкаў.

ugolovnyj_kodeks.jpg


У распрацоўцы праекта ўдзельнічалі юрысты Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД і памочнік дэпутата Ганны Канапацкай, і Джэсіка Цыдзвінцава, лідар руху «Наша права», піша bchd.info. У бліжэйшыя дні Ганна Канапацкая пачне працэдуру, неабходную для ўнясення законапраекта на сесію Палаты прадстаўнікоў.
Законапраект распрацаваны з улікам тых пытанняў, якія ўзнікалі пры ўжыванні дзеючай рэдакцыі артыкула і з улікам сусветнай практыкі.
Асноўныя змены, якія прапануюцца:
1. Замест аднаго артыкула 328 прапануецца два артыкулы, адзін з якіх рэгулюе адказнасць за незаконныя набыццё, захоўванне, перавозку, а артыкул 328.1 рэгулюе адказнасць за вытворчасць, збыт, перасылку.2. Выключана паняцце намеру на збыт.
3. Крымінальная адказнасць за захоўванне надыходзіць за захоўванне наркотыкаў ў значным памеры.
4. Уведзена розная адказнасць за захоўванне ў залежнасці ад памеру наркатычнага сродку.
5. Уведзеная адказнасць за збыт наркотыкаў з выкарыстаннем СМІ (уключаючы сетку Інтэрнэт)
6. Зніжаныя ніжняя і ў некаторых частках верхняя межы санкцый.
7. Выключана паняцце асабліва небяспечнага наркатычнага рэчыва.
8. Павялічаны ўзрост наступу адказнасці.
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД, адзначыў, што "змены ў артыкул 328 КК — гэта толькі першы крок у кампаніі за рэформу судовай сістэмы, якую праводзіць Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Хрысціянскія дэмакраты больш за год займаюцца праблемай незаконных альбо празмерна жорсткіх пакаранняў за распаўсюд, а часта проста за ўжыванне наркатычных сродкаў. У Беларусі за краты кінута больш за 15.000 людзей. Часта гэта дзеці, якія проста ў кампаніі пакурылі. Яны не маюць ніякага дачынення да распаўсюду наркотыкаў, а з'яўляюцца проста наркаманамі альбо ахвярамі злачыннай дзейнасці, разгорнутай у Беларусі наркакартэлямі. Мы выступаем за жорсткае пакаранне для рэальных арганізатараў распаўсюджвання наркотыкаў, для тых, хто возіць гэтую атруту ў Беларусь. Але тое, што нарабілі нашы следчыя органы, пракуратура, суды за апошнія некалькі гадоў, нельга назваць ніяк па-іншаму, як бязмежжам і беззаконнем.
Спачатку, магчыма, са згоды, а то і пры заступніцтве прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі маладых людзей пасадзілі на спайсы, якія былі легальнымі. Затым пасля ўзмацнення жорсткасці заканадаўства ў турму кінулі простых спажыўцоў альбо людзей, якія былі абгавораныя.
Наш законапраект у выпадку прыняцця дазволіць нявінна і незаконна асуджаным людзям выйсці на волю, а рэальных наркадзяльцоў пакіне за кратамі".
У сваю чаргу, Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД, адзначае, што аднымі зменамі ў артыкуле 328 праблему несправядлівых пакаранняў і фальсіфікацыі судовых спраў не вырашыць. Таму БХД працуе "над праектам рэформаў судовай сістэмы з тым, каб суддзі і суды былі рэальна незалежнымі ў нашай краіне, каб з'явілася незалежная пракуратура, каб адвакаты маглі свабодна абараняць беларускіх грамадзян і не падвяргаліся ганенням".
БХД заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян падтрымаць кампанію за судовую рэформу. "Бо пытанне справядлівых судоў — гэта не пытанне нейкай адной групы насельніцтва, асуджаных па артыкуле 328 альбо палітыкаў. Ад несправядлівых судоў у Беларусі пакутуюць усе. Гэта наша агульная бяда, агульная нацыянальная праблема, якую неабходна вырашаць разам", — кажа Вольга Кавалькова.