ЕС — за змякчэнне «наркатычнага» заканадаўства ў Беларусі
Летась кожны пятнаццаты з усіх асуджаных у Беларусі праходзіў менавіта паводле 328 артыкулу. Вінаватымі былі прызнаныя каля 3 000 чалавек.
Раздзяліць паняцці «збыт» і «ўжыванне» наркотыкаў. Развесці пакаранні ў залежнасці ад аб’ёму рэчыва. Еўразвяз падтрымлівае ініцыятыву прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.
З адпаведнай заявай падчас прэзентацыі зменаў у айчыннае заканадаўства выступіла прадстаўніца ЕС у нашай краіне Андрэа Віктарын. А тым часам галадоўка ўдзельніц руху “Маці-328” працягваецца.
Пратэст за змены ў «наркатычным» заканадаўстве працягваецца. Да шасці з Калінкавічаў і чатырох у Востраве далучылася яшчэ адна галадоўніца, жыхарка Ліды Людміла Лабко.
«Мы змагаемся не толькі за нашых дзяцей. Мы змагаемся за будучае пакаленне, якое яшчэ на волі. Бо ўлічваючы тое, што адбываецца цяпер, — гэта, вядома, страшна», — кажа галадоўніца Ала.
Удзельніцы руху “Маці-328” галадаюць чатырнаццаты дзень. За станам жанчын, прынамсі ў Пухавіцкім раёне, сочаць медыкі.
«Некаторым людзям галадаванне супрацьпаказанае. Таму жанчын, якія яшчэ былі, іх шпіталізавалі», — кажа медсястра.
Каб не рызыкаваць здароўем, галадаюць удзельніцы руху “Маці 328” па чарзе. Наступныя — Гарадзеншчына і Магілёўшчына. А жанчыны з Пухавіцкага раёну і Калінкавічаў заўтра другі раз едуць у Мінск — патрабаваць ад кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай адказаў. Там жа, каля будынку органу дзяржаўнага кіравання яны завершаць галадаванне. Што праўда, надалей з верай у злых баяраў і добрага цара.
«Як нам сказалі, што Аляксандр Рыгоравіч сказаў, «калі маці пайшлі на крайнія захады, на галадоўку, значыць, нешта не так. Значыць, недзе дапушчаныя нейкія памылкі. І яны павінны быць выпраўленыя», — адзначае галадоўніца Марына.
Як іх выправіць, ведае Ганна Канапацкая:
«Артыкул 328 стаўся тым індыкатарам, які паказвае тыя праблемы, якія сёння існуюць у беларускім правасуддзі, у беларускіх органах следства. Ён кажа пра тое, што нам трэба мяняць не толькі крымінальны кодэкс, але і крымінальна-працэсуальны, крымінальна-выканаўчы. Нам трэба праводзіць буйную судовую рэформу».
Дэпутатка разам з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі сёння ў сталіцы прэзентавала прапановы для змены «наркатычнага» заканадаўства. Асноўны момант — разбіццё артыкулу «незаконны абарот наркотыкаў» на два.
«Першы будзе рэгуляваць захоўванне наркотыкаў, а другі артыкул будзе рэгуляваць збыт. Таксама новыя паняцці будуць уведзеныя — буйны памер, асабліва буйны, значны памер. Крымінальная адказнасць мае пачынацца са значнага памеру».
Летась кожны пятнаццаты з усіх асуджаных у Беларусі праходзіў менавіта паводле 328 артыкулу. Вінаватымі былі прызнаныя каля трох тысячаў чалавек. Найбольш паводле першай і трэцяй частак.
«Мой сын Сяргей асуджаны паводле артыкулу 328, частка трэцяя. У яго пры вобшуку знайшлі 800 грамаў кустоў дзікай марыхуаны. Частка з іх была падгнілая, частка з цвіллю. Але ў нас няма размеркавання на лісты, ствалы ці шышкі. Пракурор прасіў 8 гадоў 6 месяцаў, суд даў 9 гадоў», — распавядае Генадзь Пагоцкі, бацька асуджанага паводле арт. 328.
Перагледзець прысуды паводле 328 артыкулу з 2013 года. Апроч змякчэння «наркатычнага» заканадаўства, такое патрабаванне ўдзельніц галадавання. Цяпер ён прадугледжвае мінімум два гады пазбаўлення волі паводле першай часткі і дваццаць пяць гадоў паводле пятай.
Лола Бурыева, «Белсат»