Актывісткі «Матчынага руху» не губляюць надзеі на асабістую сустрэчу з Лукашэнкам

Мамы падлеткаў, асуджаныя на вялікія тэрміны за спажыванне наркотыкаў, хочуць спытацца ў Лукашэнкі, чаму ён нічога не робіць, каб вырашыць праблему.

Здымак «Радыё Свабода»

Здымак «Радыё Свабода»


Актывісткі "Матчынага руху 328" — удзельніцы галадоўкі з Калінкавічаў (Гомельская вобласць) 11 мая перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пра асабістую сустрэчу.
"Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! За 15 дзён галадоўкі маці ініцыятывы "Матчын рух 328" мы яшчэ раз пераканаліся ў неабходнасці сустрэчы з вамі, — гаворыцца ў звароце. — Гэтаму паслужыў прагляд сюжэту пра размову прэзідэнта са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам і інтэрв'ю з ім".
"Валянцін Алегавіч дапусціў недакладнасць, агучваючы дадзеныя аб колькасці ўдзельнікаў галадоўкі і абскарджаных у Вярхоўным судзе прыгавораў. Гэта сцвярджае нас у думцы, што да вас даносіцца няпоўная альбо недакладная інфармацыя. Мы лічым, што маем права агучыць сваё бачанне праблемы нарказлачыннасці ў краіне, паколькі ведаем яе знутры. Яшчэ раз пераканаўча просім прыняць нас у зручны для вас час", — пішуць маці асуджаных па антынаркатычным" артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. Зварот падпісалі шэсць чалавек.
Актывістка руху Таццяна Канеўская паведаміла журналістам, што зварот прыняў супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Ламаносаў. На яе пытанне, ці даходзяць гэтыя звароты асабіста да Лукашэнкі, чыноўнік адзначыў: "Я не ведаю, ці чытае ён іх асабіста, але інфармацыя да яго даводзіцца".
Адказваючы на пытанне, што б яна сказала на сустрэчы з Лукашэнкам, Канеўская заявіла: "Я хацела б не сказаць, а спытаць. Ён наш прэзідэнт, я хачу з яго спытаць, што адбываецца. Калі ён ведае, што адбываецца, чаму нічога не робіць. Я б хацела, каб ён апраўдаўся перада мной".
Яна нагадала, што на сустрэчы з маці асуджаных 2 мая кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава "абяцала ў самыя кароткія тэрміны адправіць адказ пра тое, дзе знаходзіцца законапраект аб змяненні артыкула 328, але да гэтага часу нічога няма".
"Наталля Іванаўна, пераканаўчая просьба: будзьце паслядоўныя ў сваіх словах. Мы паслядоўныя: сказалі, што ад вас пойдзем і працягнем галадоўку, і так і зрабілі. Так, асабіста мы не змаглі яе працягнуць па стане здароўя, але галадоўка працягваецца па Беларусі. Не глядзіце на нас — глядзіце на ўсю краіну. Краіна працягвае галадоўку", — заявіла Канеўская.
Галадоўка маці асуджаных па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) пачалася 27 красавіка ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці і Калінкавічах. Асноўныя патрабаванні ўдзельнікаў акцыі: сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, стварэнне камісіі па пераглядзе крымінальных спраў асуджаных па ўсіх частках артыкула 328, змяненне "антынаркатычнага" заканадаўства.
2 мая актывісткі "Матчынага руху 328" сустрэліся з Наталляй Качанавай, і тая абяцала даслаць афіцыйны адказ на іх патрабаванні.
8 мая Валянцін Сукала пасля сустрэчы з Лукашэнкам паведаміў, што афіцыйны лідар выступае супраць аслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. "Кіраўнік дзяржавы адназначна адзначыў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і паблажкі, — сказаў Сукала. — А што тычыцца той формы, якая сёння абрана групай маці, то гэта з'яўляецца недапушчальным, гэта націск і ўмяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас".
Увечары 11 мая актывісткі "Матчынага руху 328" з Калінкавічаў і Пухавіцкага раёна галадоўку спынілі, аднак яна працягваецца ў Лідзе (Гродзенская вобласць) і плануецца ў Магілёве.
Паводле БелаПАН