Сіўчык: Мы — нацыя, якая перамагла нацысцкую Германію

У Беларусі адзначаюць Дзень перамогі — 73-ю гадавіну завяршэння вайны. Але мы не павінны забываць пра дату 8 траўня, як дату, якая таксама належыць беларускай нацыі, лічыць Вячаслаў Сіўчык.

siuczyk_3.jpg

 

Ці варта ў гэты дзень святкаваць або трэба смуткаваць? Між іншым пра гэта, але таксама пра ўшанаванне памяці ахвяраў у Курапатах, “Радыё Рацыя” паразмаўляла з Вячаславам Сіўчыкам, прадстаўніком руху салідарнасці “Разам”

— Рух салідарнасці “Разам” вядомы тым, што праводзіць штомесяц традыцыйныя акцыі ў Курапатах. Як вядома, у гэтым годзе і таксама ў мінулым афіцыйныя ўлады праявілі нейкае жаданне дапамагчы ў Курапатах. Як вы глядзіце на гэтыя памкненні ўладаў? Ці думаеце, лепш бы яны не ўваходзілі ў гэтыя справы?

 — Абсалютна няма ў мяне даверу ў гэтым пытанні да сённяшняй улады Беларусі. Я лічу, што нічога добрага яны ў пытанні мемарыялізацыі Курапатаў зрабіць проста не могуць. Лічу Курапаты і тую мемарыялізацыю, якая там адбылася, вельмі сур’ёзным здабыткам беларускай нацыі. Таму што гэта фантастыка, у тых умовах, калі ўлада заўсёды пярэчыла мемарыялізацыі, пярэчыла нават відавочным фактам, што адбываліся камуністычныя рэпрэсіі ў нашай краіне.

Самі людзі былі здольныя рэалізаваць канцэпцыю Зянона Пазьняка. І сёння нацыянальны некропаль мае ўжо выгляд нацыянальнага мемарыяла. Прычым людзі зрабілі ўсё гэта самі.

Крыжы — гэта традыцыйныя сімвалы для Беларусі. І натуральна, мне вельмі страшна стала, калі зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў: пакладзіце мне нейкія дакументы на стол, я буду займацца мемарыялізацыяй. Я баюся ўсіх гэтых крокаў сённяшняй улады, бо гэта тая страшная сістэма, ЧК, ГПУ, НКВД, МГБ, якая знішчала і беларускую нацыю, і іншыя нацыі, якія трапілі пад панаванне камуністаў.

Хацеў бы нагадаць, што 3 чэрвеня будзе вельмі важная дата для ўсіх нас. 3 чэрвеня 1988 года газета “Літаратура і мастацтва” надрукавала знакаміты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Дарога на Курапаты”. Я сам памятаю свае эмоцыі, калі я прачытаў гэты артыкул. Я ўдзельнічаў у мітынгу, які арганізоўвала “Талака”. Гэта быў масавы мітынг ужо ў абарону і аўтараў гэтага артыкула, і газеты “ЛіМ”, якая надрукавала з прадмовай Васіля Быкава гэты артыкул.

І я лічу, што менавіта дата 3 чэрвеня вельмі важная для беларускага нацыянальнага руху. Мне здаецца, што навейшая хваля беларускага адраджэння якраз і пачынаецца з гэтай даты. Таму што ўпершыню беларусы пабачылі, як іх шмат.  

— І як іх знішчалі…

— І што яны здольныя аб’яднацца ў барацьбе за праўду. І ўжо пазней дадалася яшчэ адна тэма — гэта барацьба за праўду пра Чарнобыль.

Практычна так і паўстаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэнне” — першая некамуністычная арганізацыя. На вялікі жаль, у звязку з тым, што ўлады ў нас сёння такія, як ёсць, я не бачу адпаведнай акцыі ў Беларусі гэтай даце. Таму дэлагацыя руху салідарнасці “Разам” паедзе ў Кіеў, каб 3 чэрвеня правесці акцыю па ўшанаванні ахвяр камуністычных рэпрэсій.

kyiv_bykivnia.jpg

Быкоўня — гэта таксама знакамітае месца. Пра яго даведаліся не так, як пра Курапаты ў канцы 80-х, а падчас Другой сусветнай вайны. Там, у адрозненні ад Беларусі, паважаюць памяць людзей, якія загінулі ад камуністычных рэпрэсій. Быкоўня ўнікальнае яшчэ тым, што гэта адзінае месца, якое аднойчы наведаў з афіцыйным візітам Аляксандр Лукашэнка, калі ён вёў перамовы з Віктарам Юшчанкам, тагачасным прэзідэнта Украіны. Яны разам усклалі кветкі і ўшанавалі памяць ахвяр камуністычных рэпрэсій. Што я лічу добра, бо і ў Курапаты, напрыклад, нельга нікому забараняць прыходзіць. Гэта як царква. І ніхто не мае права ў такія святыя месцы нікому забараняць прыходзіць. І гэта вельмі кепска, што сённяшні кіраўнік Беларусі ні разу не наведаў Курапаты, што, канешне, проста дзіка.

Паколькі гаворым пра памятныя мерапрыемства, сустракаемся з вамі ў дні, калі прыгадваем завяршэнне Другой сусветнай вайны. У беларускай прасторы, прынамсі ў незалежнай прасторы, вядуцца дыскусіі наконт таго, ці павінен гэта быць дзень парадаў і святкаванняў, ці ўсё ж такі дзень смутку і прымірэння. Вось якую пазіцыю вы занялі ў гэтым пытанні?

Акцыя ўшанавання на Вайсковых могілках 8 траўня 2018 г. Фота з фэйсбука Вячаслава Сіўчыка

Акцыя ўшанавання на Вайсковых могілках 8 траўня 2018 г. Фота з фэйсбука Вячаслава Сіўчыка

— Па-першае, рух салідарнасці “Разам” даўно далучыўся да той акцыі, якую яшчэ запачаткавала Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. Гэта акцыя, якая праходзіць на Вайсковых могілках 8 траўня. У той дзень, калі адбылася капітуляцыя нацысцкай Нямеччыны перад войскамі саюзнікаў. Асноўнае, я лічу, мы не павінны забываць пра дату 8 траўня, як дату, якая таксама належыць беларускай нацыі. Чаму? Таму што мы пераможцы. Мы — нацыя, якая перамагла нацысцкую Германію. Не трэба забываць, што акрамя жорсткіх рэпрэсій, ахвяраў, ёсць і здабыткі нацыі. І тое, што беларуская нацыя за ўнёсак у барацьбу з нацызмам, дакладней БССР, стала заснавальнікам ААН. У нас вельмі шмат герояў. Таму што беларусы аказаліся паміж двума таталітарнымі рэжымамі. Вайна ішла менавіта на нашай тэрыторыі, яна была страшная, і, натуральна, мы не можам забываць гэтую дату.


www.racyja.com