Бібліятэка імя Мальдзіса будзе, Кіркораў дасць канцэрт. Улады пачалі адмахвацца ад апантанай актывісткі Бондаравай

Няўрымслівая праўладная актывістка Вольга Бондарава пачала цярпець паразы ў сваім апантаным змаганні са шкоднымі элементамі. Выглядае, што ўладам надакучала задавальняць патрабаванні лукашэнкаўскай актывісткі і з дазволу неабходных інстанцый яны пачалі яе «дынаміць». Стала вядома прынамсі пра два такія выпадкі.

2022_06_078_eyiuh.png

Астравецкая раённая бібліятэка будзе насіць імя Адама Мальдзіса нягледзячы на пратэсты Бондаравай, абуранай «бескантрольным разгулам нацыяналістаў і прапольскіх калабарантаў". Яна прасіла мясцовыя ўлады перагледзець рашэнне і не прысвойваць бібліятэцы імя Мальдзіса, нагадвае reform.by.

Бондарава дамаглася толькі таго, што на бібліятэку на сталі вешаць таблічку, але ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама паведаміла, што рашэнне аб перайменаванні бібліятэкі адмяняць не будзе, бо яно адпавядае дзеючаму заканадаўству.

«Улічваючы той факт, што ва ўпраўленне культуры таксама паступіў зварот у падтрымку ініцыятывы Астравецкага райвыканкама па прысваенні раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса, як вядомага дзеяча навукі і культуры, выбітнага ўраджэнца Астравецкага раёна, адмена рашэння ў цяперашні час не плануецца», — гаворыцца ў адказе чыноўнікаў.

Бондарава рашэннем засталася незадаволеная. «Такое пачуццё, што ў раёне размяшчэння стратэгічнага аб'екта ўлады займаюцца сабатажам дзяржаўнай бяспекі ў інфармацыйным полі», — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.

Нагадаем, Адам Мальдзіс, ураджэнец Астравецкага раёна, памёр у студзені гэтага года ва ўзросце 89 гадоў. У чэрвені раённай бібліятэцы прысвоілі яго імя і збіраліся ўсталяваць новую таблічку на будынку 7 жніўня.

Раней Бондарава абурылася планамі Філіпа Кіркорава даць два канцэрты ў Беларусі і паспрабавала іх скасаваць.

Расійскій спявак павінен выступіць у Гародні 25 лістапада і ў Мінску 26 лістапада. Бондарава лічыць расійскага спевака дзеячам «з нізкай грамадзянскай і сацыяльнай адказнасцю» і заяўляе, што такім тыпам не месца на беларускай сцэне.

Бондарава сабрала подпісы для адмены канцэртаў спевака і звярнулася ў Мінгарвыканкам. У звароце яна запатрабавала не толькі адмяніць выступы, але і правесці расследаванне «ў абуральнай сітуацыі, калі чыноўнікі даюць дазвол на выступ артыста з адназначна антыдзяржаўнай і адкрыта пранацысцкай пазіцыяй, які прапагандуе ЛГБТ і іншыя мярзоты», і пакараць вінаватых.

Аднак улады і тут не прыслухалісяда Бондаравай. Кіркораў у Беларусі выступіць.