У пасланні Лукашэнка наўпрост сказаў, што трэба рыхтавацца да вайны — Мельянцоў
Пазбегнуць вайны Беларусі можа дапамагчы толькі цуд, аднак ён вельмі верагодны, лічыць Дзяніс Мельянцоў. А ўсё таму, што Лукашэнка «часта дасягаў немагчымага і адхінаўся ад такіх пагроз, якія знішчылі б іншых на яго месцы». Відаць, акрамя веры ў чарговае цудоўнае выратаванне, спадзявацца застаецца мала на што…
Прынамсі, пра гэта піша каардынатар праграмы «Знешняя палітыка Беларусі» Рады па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог», а калісьці аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў. Ён у сваім тэлеграм-канале выказаўся пра пасланне беларускага кіраўніка і даў свой кароткі пераказ выступлення для тых, хто не адважыўся глядзець яго сам.
— Нягледзячы на ладную долю гумару і смеху ў зале, гэта адно з самых лёсавызначальных і адначасова трагічных выступленняў Лукашэнкі, — лічыцьДзяніс Мельянцоў. — Па-першае, ядзерная зброя.
Аляксандр Лукашэнка абгрунтаваў вяртанне тактычнай (а пасля, магчыма, і стратэгічнай) ядзернай зброі зневажаннем Захадам гарантый па Будапешцкім мемарандуме. Калі яно адбудзецца, перабазіраванне ядзернай зброі і ўдзел Беларусі ў прыняцці рашэння па яе ўжыванні, можна паставіць кропку на планах асобных краін НАТА адкрыць другі фронт у Беларусі. Але гэта ж і павышае стаўкі для Беларусі ў магчымым вялікім канфлікце ў Еўропе.
Па-другое, вызначана месца Беларусі ў рускім свеце, у яго гістарычным, а не палітычным сэнсе. Вялікае Княства Літоўскае і Рускае, пераважны ўплыў праваслаўя, стратэгічны саюз з Расіяй.
Па-трэцяе, праведзена выразная мяжа паміж светам сацыяльнай справядлівасці і адказнасці перад будучымі пакаленнямі, з аднаго боку, і ліберальным светам няроўнасці і засіллем транснацыянальных карпарацый, з другога. Адсылка да барацьбы з неакаланіялізмам, пра які казаў Пуцін.
Па-чацвёртае, усведамленне глабальнага вымярэння канфлікту вакол Украіны. Пакуль амерыканцам выгадны гэты канфлікт на межах Расіі, яго немагчыма спыніць.
Па-пятае, нягледзячы на гэта, спрабаваць спыніць вельмі нявыгадны для Беларусі канфлікт трэба. Адсюль прапанова перамір'я. Спроба вярнуць ролю міратворца, раней перахопленую Турцыяй, якая пакуль занята сваімі праблемамі. Але мэта тут не піяраўская, а менавіта экзістэнцыяльная.
Трагізм у тым, што мэту гэту цяжка ўвасобіць у жыццё, калі наогул такое магчыма. Супярэчнасць паміж чацвёртым і пятым пунктам відавочная. Лукашэнка прама сказаў, што трэба рыхтавацца да вайны. Але яго гісторыя паказвае, што ён часта дасягаў немагчымага і адхінаўся ад такіх пагроз, якія знішчылі б іншых на яго месцы.
Таму другі бок яго паслання — аптымістычны.
У цэлым на дадзены момант у Беларусі ўсё добра: эканоміка працуе, рынкі збыту ёсць, харчаванне сваё, энергарэсурсы ёсць, унутрыпалітычная стабільнасць дасягнута. І традыцыйны пасыл: «Там, дзе ты цяпер стаіш, там і поле Кулікова».