Ядзерная Беларусь: лепш быць бедным, але жывым
Безумоўна, сенсацыйная заява Пуціна пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі стала самай абсмоктваемай тэмай на тыдні. Яе круцяць цяпер з усіх бакоў, разважаючы, чым нам гэта адгукнецца з палітычнага, эканамічнага, вайсковага і сацыяльнага рэчышчаў. На гэтым фоне міма ўвагі праходзяць і іншыя атамныя тэмы.
Не ведаю, ці так супала, ці не, аднак менавіта пасля заявы Пуціна «атамнае лобі» ў Беларусі актывізавалася. Напрыклад, старшыня Прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў, што быў бы не супраць пабудаваць даследчы рэактар. З ягоных слоў, на гэтую ідэю іх наштурхнула наведванне летась Курчатаўскага інстытута, дзе яны ўбачылі гэты даследчы рэактар ПІК у Гатчыне. «Працуем і над тым, каб у Беларусі стварыць даследчы рэактар, ужо для задач больш практычнага характару — для забеспячэння бяспекі БелАЭС», — прыводзіць словы Гусакова БелТА.
Заява Гусакова вельмі дзіўная, і разам з тым смелая. Па-першае, у Беларусі ўжо ёсць даследчы рэактар — у Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Ён застаўся там яшчэ з савецкіх часоў. Вельмі верагодна, што ён маральна састарэў, не працуе і патрабуе замены, але ён ёсць. Навошта «ствараць» тое, што даўно створана?
Па-другое, трошкі дзіўна, што «для забеспячэння бяспекі» двух рэактараў БелАЭС трэба пабудаваць трэці рэактар. І пытанне, якім чынам рэактар у Соснах пад Мінскам (а менавіта там Гусакоў прапануе дадаць новы атамны блок) зможа гарантаваць бяспеку АЭС у Астраўцы? Гэтыя рэактары знаходзяцца ў 150 кіламетрах адзін ад аднаго. Не далёка?
Ну і па-трэцяе, усе «прарыўныя» даследаванні Акадэміі навук пакуль ні да чаго не прыводзілі (у дадзеным выпадку, можа быць, «дзякуй богу»). Ужо колькі разоў і колькі часу — гадоў дзесяць, напэўна, — НАН паказвала нам розныя прататыпы беларускага электрамабіля. І дзе вытворчасць гэтых электрамабіляў? Навукоўцы проста «сякуць бабло» на актуальнай тэме. Верагодна, тая ж гісторыя можа адбыцца і з рэактарам.
Дарэчы, пра Курчатаўскі інстытут, які так спадабаўся нашаму кіраўніку навукоўцамі. На гэтым тыдні ён адкрыў філіял у Мінску, дзе, па паведамленні партала так званай «Саюзнай дзяржавы» размесцяцца шэсць лабараторый. Займацца яны будуць самымі рознымі рэчамі. Гэта мікраэлектроніка, асабліва для машынабудавання. Сельская гаспадарка, генетыка для раслінаводства, жывёлагадоўлі, аквакультуры. Матэрыялазнаўства, у тым ліку для космасу. Ядзерныя тэхналогіі, уключаючы ядзерную медыцыну. «І яшчэ адзін напрамак — кагнітыўныя і сацыягуманітарныя даследаванні, у тым ліку датычныя гістарычнай спадчыны», — сказаў кіраўнік Курчатаўскага інстытута Міхаіл Кавальчук.
Нагадаем, асноўнымі напрамкамі дзейнасці Расійскага нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» з'яўляюцца развіццё ядзернай энергетыкі, кіраваны тэрмаядзерны сінтэз і плазменныя працэсы, ядзерная фізіка, фізіка цвёрдага цела, звышправоднасць і гэтак далей. Але ў Беларусі Інстытут зоймецца мікраэлектронікай, сельскай гаспадаркай і культурна-гістарычнай спадчынай.
Вядома, можна было б пакпіць на тэму, што «Беларусь — месца праклятае», дзе атамная фізіка ператвараецца ў раслінаводства для калгасаў. Але гэта не зусім так. Міхаіла Кавальчука ў навуковым асяроддзі лічаць аўтарам і аматарам антынавуковых гіпотэз, у тым ліку пра этнічную зброю, баявых камароў і службовы падвід чалавека.
Думаецца мне, нават у Расіі да падобных ідэяў Кавальчука стаўленне не тое што скептычнае, але і з некаторай доляй іроніі. А вось у парадыгму беларускай улады яго фантазіі ўкладваюцца вельмі добра. Калі вышэйшыя службовыя асобы нашай рэспублікі на поўным сур'ёзе цытуюць «план Далеса» і «Пратаколы Сіёнскіх мудрацоў», то псеўданавуковыя выдумкі Кавальчука знойдуць (ці ўжо знайшлі?) у іх сэрцах гарачы водгук. Верагодна, таму ў Беларусі яму далі поўную свабоду творчасці.
Зрэшты, у гэтым плане Беларусь — краіна свабодная. Хочаш, вер у змову сусветнага ўрада, хочаш — у паўстанне машын, хочаш — у плоскую Зямлю. Чым бы дзіця не цешылася, абы не рукамі. Але ў тым жа і справа, што дурная галава не дае спакою менавіта рукам!
Той жа Уладзімір Гусакоў у супрацоўніцтве з тым жа Курчатаўскім інстытутам плануюць вярнуцца да распрацоўкі мабільных атамных станцый. «Ёсць ідэя вярнуцца да мабільных ядзерных установак, мабільных атамных станцый. Дакументацыя захавалася. Створана група, якая працуе над аднаўленнем гэтага ўнікальнага вынаходніцтва. Савецкі Саюз быў першым у свеце па мабільных ядзерных устаноўках», — заявіў Гусакоў.
Распрацоўка сапраўды была цікавая. Меркавалася, што гэты рэактар будзе размяшчацца на дзвюх платформах, і зможа дастаўляцца ў месцы стыхійных бедстваў і цяжкадаступныя раёны. І ён, быццам бы, нават працаваў. Аднак у 1988 годзе выпрабаванні былі спыненыя. Як цяпер пішуць у інтэрнэтах, яны былі спыненыя з-за «рэха Чарнобыля» і непрыняцця насельніцтвам атамнага аб’екта ў 6 кіламетрах ад Мінска. Насамрэч пра гэты «атамны аб’ект» мала хто ведаў, бо такія інстытуты заўсёды былі «паштовымі скрынямі» з добрым покрывам дзяржаўнай таямніцы.
А спыненыя выпрабаванні былі таму, што, як расказвалі мне людзі, якія непасрэдна працавалі на тым рэактары, у якасці цепланосьбіта ў «Паміры» выкарыстоўваўся тэтрааксід азоту (N₂O₄) — рэчыва вельмі агрэсіўнае, якое пры рэакцыі з вадой ператваралася ў азотную кіслату. А ўлічваючы, што вады дастаткова і ў паветры... Аднойчы падчас выпрабаванняў адбылася ўцечка гэтага цепланосьбіта, і толькі коштам жыцця аднаго з навукоўцаў-супрацоўнікаў Мінск не накрыла атрутным воблакам. Менавіта пасля той аварыі выпрабаванні і былі спыненыя.
А яшчэ радуе (ніколі не думаў, што гэта скажу), што ў нас у краіне эканамічны крызіс, і грошай на гэтыя ядзерныя эксперыменты ў нас дакладна не хопіць. І добра, што Расія сама падае ў эканамічную яму, таму што грошай на гэтыя эксперыменты і яна нам не падкіне. І добра, што ў мінулым годзе ў нас здарыўся дэфолт, бо цяпер нам на гэтыя пражэкты грошай не дасць і Кітай.
І Мазырскі НПЗ плануе правядзенне вялікай рамонтнай кампаніі, якая запатрабуе прыпынення практычна ўсіх вытворчых аб'ектаў. Гэта азначае, што і самі мы на такія ядзерныя эксперыменты грошай не здабудзем. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.
Лепей быць бедным, але жывым, праўда?