Эксперт: У адказ на ядзерную зброю Захад можа ўдарыць па ўлюбёнай галіне Лукашэнкі

На Захадзе ідуць размовы пра тое, каб абмежаваць пастаўкі ў Беларусь тавараў, што дапамагаюць весці сельскую гаспадарку. Пра гэта са спасылкай на дыпламатаў паведаміў палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Якіх яшчэ санкцый чакаць Беларусі? Ці пойдзе Захад на саступкі Пуціну?

Малюнак з сайта kartinkin.net

Малюнак з сайта kartinkin.net


Як сказаў Шрайбман у эфіры Еўрар*дыё, да таго як у Беларусі з’явіцца ядзерная зброя, калектыўныя санкцыі наўрад ці будуць. Але некаторыя краіны, як, напрыклад, Польшча, могуць на гэта пайсці.

Даволі нелагічна караць за тое, што яшчэ не адбылося. Лагічней папужаць, каб гэтага не адбылося. Але Польшча нешта аднабакова можа зрабіць, вядома. Як яна рабіла з памежнымі пераходамі і як можа зрабіць з пунктамі пропуску яшчэ раз.

Нядаўна было інтэрв'ю Дзмітрыя Крука з BEROC. Ён даволі сцісла накідаў некалькі варыянтаў. Першае — гэта, вядома, далейшае абмежаванне руху праз Беларусь. То-бок абмежаванне чыгуначнага — гэтага яшчэ не рабілі — і аўтамабільнага руху ў Польшчу, Літву і Латвію. Гэта даволі балюча будзе для Беларусі, але і для азіяцкіх краін, якія гандлююць праз Беларусь, таксама.

Па-другое, я чуў, што ёсць яшчэ непадсанкцыйныя тавары ў галіне сельскай гаспадаркі. Мабыць, не ўгнаенні, бо іх у Беларусі хапае, а нешта, патрэбнае для таго, каб атрымліваць ураджай кожны год. І гэта не масіўныя аб'ёмы макраэканамічна, але яны вельмі важныя для сельскай гаспадаркі. Мне казалі заходнія дыпламаты, што глядзяць у гэты бок.


Эксперт нагадвае, што яшчэ не ўсе банкі ў Беларусі адключаныя ад міжнароднай сістэмы SWIFT. Могуць быць і персанальныя санкцыі.

І ў якасці не санкцый, але крокаў у адказ я бачу цалкам магчымым умацаванне, павышэнне прысутнасці NATO ва Усходняй Еўропе. То-бок размяшчэнне новых ударных груповак, ці ўвогуле нейкіх груповак, ці інфраструктуры ў Польшчы, Літве і гэтак далей.

Па сутнасці, ёсць два спосабы адказу на ядзерную эскалацыю і на любую іншую эскалацыю. Вы альбо міргаеце першым і кажаце «акей, вы нас напужалі». Садзіцеся за стол перамоваў і неяк дээскалюеце самі. Ці вы эскалюеце ў адказ, каб даць зразумець іншаму боку, што ягоны шантаж не працуе.

Мне здаецца, лагічней чакаць эскалацыі ў адказ. Таму што калі вы ў адказ на шантаж Пуціна змякчаеце сваю пазіцыю па Украіне ці па нечым іншым, вы запрашаеце і Пуціна, і краіны, у якіх ёсць ядзерная зброя, заўсёды карыстацца такім шантажом для вырашэння сваіх палітычных мэтаў.

Таксама гэта будзе ўнёсак у пашырэнне прысутнасці ядзернай зброі ў свеце.

Бо краіны, у якіх няма ядзернай зброі, скажуць: «Дык гэта ж працуе, нам патрэбная ядзерная зброя». І таму нават з гэтых цалкам глабальных прычынаў, мне здаецца, будзе сустрэчная эскалацыя, каб даць Пуціну зразумець, што не, твой шантаж не пройдзе, ён толькі яшчэ больш пагоршыць тваё стратэгічнае становішча. Гэта класічная гонка ўзбраенняў, — робіць выснову Арцём Шрайбман.