Альфрэд Кох: «На Лукашэнку націснулі кнопачку, і ён выпаліў пра неабходнасць перамір'я»

Былы расійскі віцэ-прэм'ер, які цяпер жыве ў Германіі, заўважыў дзіўную прапанову Лукашэнкі па перамір’і ва Украіне. Дзіўную, таму што незразумела, каму яна адрасавана і на якіх умовах павінна адбыцца перамір’е.

Фота: Twitter

Фота: Twitter


— Тут надоечы здарыўся даволі пацешны выпадак. Заходнія палітыкі (ужо не памятаю, хто канкрэтна) нешта такое сказалі пра магчымасць увядзення ў зону расійска-ўкраінскага канфлікту міратворцаў пад сцягам ААН, — піша Альфрэд Кох.

Божа! Што тут пачалося ў крамлёўскіх жаб! Нейкі каціны канцэрт. Яны літаральна вішчалі, што гэта зусім немагчыма. Што гэта топча асновы. Што нават абмяркоўваць гэта — блюзнерства. І галоўнае: ніколі, ніякія міратворцы не ўвойдуць у зону канфлікту без згоды Расіі і яе нацыянальнага лідара — вялікага палкаводца Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна.

І літаральна следам, без усялякага сораму, на Лукашэнку націснулі кнопачку, і ён завучанай скорагаворкай выпаліў пра неабходнасць перамір'я і неадкладнага спынення агню.

Гэта выклікала такі прыліў энтузіязму ў пуцінскай абслугі, што яны наперабой забуркавалі, што Лукашэнку гэта трэба неадкладна абмеркаваць з Пуціным, і яны павінны прыняць пастанову, і што пытанне важнае, а ініцыятыва — своечасовая. І цяпер патрэбны кансультацыі паміж гэтымі двума саюзнікамі…

Ау, убогія! А з Зяленскім вы не хочаце гэта абмеркаваць? Калі міратворцаў трэба абмяркоўваць з Пуціным, а без гэтага ідэя не працуе, то як можа працаваць перамір'е і спыненне агню без згоды на яго Украіны? У вас усё добра з галавой? Вы не бачыце, як па-дурному выглядаеце, адмаўляючы адну магчымасць і прапаноўваючы наўзамен яшчэ больш дзіўную?

Пра якое перамір'е можа ісці гаворка, калі Украіна сто разоў на дзень кажа адное і тое ж: ніякага перамір'я не будзе, пакуль расійскае войска не сыдзе на межы 1991 года. Што тут незразумела, а, Лукашэнка? Хіба тут ёсць прастора для фантазіі?

Ці, можа, вы хочаце спыніць агонь у аднабаковым парадку? Гэта — калі ласка. У гэтым ёсць рацыянальнае зерне. Сапраўды: калі канец непазбежны, то хай ён наступіць хутка. Для чаго гэтая зацяглая агонія? Як гаворыцца: лепш жудасны канец, чым бясконцы жах. Спыняеце агонь, УСУ прыходзяць, вы здаяцеся — фініта ля камедыя. Толькі тады такое перамір'е называецца капітуляцыяй.

Ці, можа, вы хочаце абвясціць перамір'е з адначасовым адступленнем на межы 1991 года? Што ж, тады так. Такі варыянт перамір'я сапраўды не трэба ўзгадняць з Зяленскім. Але гэта адзіны варыянт, які з ім не трэба ўзгадняць. Аднак, здаецца мне, што не яго прапануе Лукашэнка. Ой не яго…

Увогуле, балбатня чарговая. Надзіманне шчок. Гэта на фоне таго, што нават самыя ашалелыя пуцінскія прапагандысты зразумелі, што перамогай ужо даўно не пахне. А зусім нават наадварот. Што свеціць ім у агляднай будучыні «адмоўная перамога», якая ў простым людзе называецца разгромам. З усімі вынікаючымі наступствамі.

А пачалося ўсё ў Бучы. Гадавіна трагедыі, якую мы ўспамінаем. Менавіта разня ў Бучы прывяла да зрыву перамоў у Стамбуле. Менавіта пасля гэтага для ўкраінцаў пытанне перамогі над пуцінскім войскам стала прынцыповым.

Менавіта пасля Бучы заходнія лідары адкінулі апошнія сумневы і прынялі пастанову аб вайсковай падтрымцы Украіны.

Пуцін, падзякуй сваім марадзёрам, мяснікам і садыстам за Бучу. Менавіта там з лідара агрэсіўнай краіны ты ператварыўся ў ваеннага злачынца. Менавіта з гэтага моманту пачаўся для цябе зваротны адлік. І цяпер твая шчыгрынавая скура няўмольна сціскаецца. Усе твае дні палічаны. «Мене, Тэкел, Фарэс».

Зрэшты, ты ім і на самай справе аддзячыў: уручыў ордэны і медалі, а вайсковай часці прысвоіў званне гвардзейскай. І тым самым падпісаў сабе прысуд. Таму што стаў саўдзельнікам. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ты ім і да гэтага быў, але, узнагародзіўшы гэтых садыстаў, ты даў паказанні супраць сябе самога, і цяпер ні ў каго няма ніякіх сумневаў, што ўсё гэта яны рабілі з тваёй згоды, а хутчэй за ўсё — па тваім загадзе.

І сёння, праз год пасля трагедыі ў Бучы, я магу сказаць толькі адно: гэтыя смерці дакладна будуць адпомшчаныя.