«Адзін дзяўчыну прынёс, а іншы проста расстраляў усіх трох»

Рэпартаж «Люстэрка» з Бучы, што вяртаецца да жыцця праз год пасля трагедыі.

Вуліцы Бучы. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Вуліцы Бучы. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Буча — горад у Кіеўскай вобласці. Да вайны ў ім жыло больш за 35 тысяч чалавек. Перадавая калона расіян увайшла ў горад у ноч на 28 лютага, адступілі яны 31 сакавіка 2022. Пасля сябе акупанты пакінулі зруйнаваны горад з дзясяткамі целаў мірных жыхароў наўпрост на вуліцах. Леташняй вясной кадры з Бучы шакавалі ўвесь свет, а сам горад стаў страшным сімвалам бесчалавечных зверстваў і ваенных злачынстваў. Праз год пасля трагедыі «Люстэрка» наведала Бучу.

Зараз тут спакойна

Да страшнай вясны 2022 года пра Бучу мала хто ведаў, хаця дабрацца сюды з Кіева можна ўсяго за 20 хвілін электрычкай. Акурат такія ж курсіруюць з Мінска ў Калодзішчы ці Ратамку.

У вагонах людна, бабулькі прадаюць газеты і розную дробязь. Пенсіянеры традыцыйна абмяркоўваюць дачы, пасадкі і гароды, у той жа час пастаянна даносяцца ўрыўкі дыялогаў з абмеркаваннямі апошніх навінаў: колькі ворагаў знішчана, калі будзе контрнаступ, акалічнасці апошняй варожай атакі дронаў на Кіеўшчыну.

Пейзаж у вокнах амаль не нагадвае пра вайну і леташнюю акупацыю. Сама станцыя ў Бучы і цэнтральныя вуліцы — таксама: нягледзячы на дробны дождж, тут віруе жыццё, людзі бягуць па справах, працуюць крамы, аптэкі і кавярні.

Большасць целаў ахвяраў акупантаў былі знойдзеныя бліжэй да ўскраін горада. У самым жа цэнтры, проста на тэрыторыі царквы Апостала Андрэя месцілася брацкая магіла з целамі забітых. Сёння праведзена эксгумацыя, а пра трагедыю нагадваюць фота з выставы ў самой царкве. На манументальным будынку бачацца сляды ці то ад куль, ці то ад аскепкаў.

Бадай найбольш вядомымі вуліцамі Бучы засталіся Яблунская і Вакзальная, менавіта фота з іх абляцелі ўвесь свет. Сёння ідучы па Яблунскай нават не скажаш, што ўсяго год таму яна была цэнтрам трагедыі: больш няма на ўзбоччы дарогі людскіх целаў, вокны і дахі будынкаў адноўленыя, ездзіць транспарт.

Праз кепскае надвор’е мінакоў няшмат. Жанчына ў дажджавіку, Наталля, прызнаецца, што не мясцовая: яна з Ірпеня, які пачынаецца літаральна праз раку.

— Ведаеце, мяне Бог мілаваў, я не бачыла ўсіх тых жахаў, толькі абстрэлы, і тое, мы ў падвале хаваліся з сям’ёй, — дзеліцца жанчына. — Знаёмыя шмат страшных гісторыя распавядалі, проста жудасных. Таксама бачыла здымкі, без слёз немагчыма на іх глядзець. Зараз тут спакойна, нічога і не нагадвае, але ўсё адно сэрца сціскаецца, як ідзеш гэтымі вуліцамі.

На скрыжаванні Яблунскай і Вакзальнай зараз кіпяць працы, як і па ўсёй вуліцы ў адобва бакі. Год таму тут былі знойдзеныя чатыры ахвяры наўпрост на дарозе.

Сёння можна ўбачыць білборд з падзякай прэзідэнту ЗША і шмат будаўнічай тэхнікі: будынкі актыўна аднаўляюцца. У некаторых толькі замянілі вокны, але большасць даводзіцца ўзводзіць наноў, па ўсёй вуліцы вырастаюць ахайныя катэджы. На адным з ацалелых плотаў бачныя выцвілыя літары з указаннем «Цела».

Вярнуліся каля 70 працэнтаў

Па дарозе да Бучанскай гарадской рады напаткаў мемарыял воінам-інтэрнацыяналістам. Сёння на пастаменце стаіць сучасная БМП пад украінскім сцягам — такая повязь часоў.

Тая самая БМП. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Тая самая БМП. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

У самой жа радзе і службоўцы, і валанцёры, і проста людзі падаюць дакументы на аднаўленне маёмасці. Кіруючы справамі Бучанскай рады Зміцер Гапчэнка расказвае, што на сённяшні дзень закрытыя амаль усе пытанні па аднаўленні горада: большасць аб’ектаў адрэканструіравана, замененыя вокны і дахі, ідзе праца над цалкам знішчанымі будынкамі. Вялікую дапамогу ў рэканструкцыі аказваюць міжнародныя донары і валанцёры з усёй Украіны.

— Вярнулася ўжо шмат людзей, каля 70%, — кажа Зміцер Аляксандравіч. — Чакаем, што больш актыўна будуць вяртацца людзі ў жніўні, пасля летніх канікул. Тады горад практычна вернецца да даваеннага стану.

Адносна колькасці ахвяраў спадар Зміцер адзначае, што пра канчатковыя колькасць казаць рана, бо цяпер яна бачыцца па-іншаму:

— Так, лічба 419 застаецца афіцыйнай, але мы працуем з інфармацыяй: хочам зрабіць інстытут памяці пра кожнага чалавека, што загінуў. Сёння бачым шмат людзей, якія загінулі, і лічыліся памерлымі. Але ж высвятляецца, што прычына смерці — акурат вайна. Напрыклад, у мяне суседка памерла ад інсульту. Без кваліфікаванай медычнай дапамогі і лекаў яна памерла: не ад кулі, але ўсё адно, асноўная прычына — вайна. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Ведаем, людзі паміралі ад стрэсу, ён выклікае развіццё і абвастрэнне іншых захворванняў. Зараз больш за 500 чалавек у спісе асоб, што памерлі ад прычын, прама ці ўскосна звязаных з вайной. У некаторых значыцца прычынай смерці сардэчны прыступ, а па паказаннях сведкаў, дазнаемся, што чалавека закатавалі, і таму ён памёр. Таму агульная колькасць будзе большая.

Праз год Крэмль сцвярджае, што забойствы ў Бучы — гэта фэйк. Аднак расследаванні СМІ даказалі: мірных жыхароў забілі менавіта вайскоўцы РФ

Горад цяпер поўнасцю правёў эксгумацыю і перапахаванне з брацкіх магіл і асобных магіл у дварах. Але 78 пахаванняў застаюцца неапазнанымі. Часткова мы ўжо знайшлі сваякоў, і зараз адбываюцца дакументальныя працэсы для перазахавання. Частка ў працэсе ідэнтыфікацыі. Бо ў некаторых выпадках немагчыма устанавіць асобу. На жаль, дапускаем, што нехта можа застацца неапазнаным, хоць і будзем рабіць усё магчымае.

Такая даволі вядомая гісторыя, дзе 5 чалавек спалілі: акупанты згвалтавалі, забілі, а потым намагаліся схаваць злачынства і спалілі целы. Сваякоў некалькіх з гэтых людзей мы не можам знайсці.

Зміцер Аляксандравіч паказвае схемы таго, дзе хто пахаваны. На гэтых магілах устаноўлены таблічкі з нумарамі. Зараз колькасць пахаванняў — 635. Ёсць шмат людзей з іншых населеных пунктаў. Нехта проста праязджаў праз Бучу, быў забіты тут.

Схема неапазнаных пахаванняў на гарадскіх могілках Бучи. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Схема неапазнаных пахаванняў на гарадскіх могілках Бучи. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

— Які зараз настрой у людзей? Баявы: усе намагаюцца дапамагчы УСУ, гораду, адно адному, каб выжыць і наблізіць перамогу, — расказвае кіруючы справамі. — Няма панікі. Цяжка асабліва тым, хто згубіў родных, але ў цэлым усе трымаюцца. Звычайна, патрэбны не адзін год, каб чалавек мог вярнуцца да нармальнага жыцця, перажыўшы тое, што перажылі людзі тут цягам акупацыі.

Настолькі незразумелыя для нармальнага чалавека праявы: забівалі бязглузда, беспадстаўна, проста так. І масава. Чалавек проста ішоў… і ўсё.

Такі выпадак згадаў (хоць падобных выпадкаў вельмі шмат, магу вельмі доўга апісваць). Па вуліцы Тарасаўскай адзін вайсковы расійскі нёс маладую дзяўчыну, якую, імаверна, акупанты згвалтавалі, яна была параненая. Ён занес яе ў двор будынка, людзі выйшлі дапамагчы гэтай дзяўчыне, вынеслі аптэчку. Следам прыйшоў іншы вайсковы і расстраляў усіх іх. Простыя людзі спрабавалі дапамагчы дзяўчыне, якую ж расіяне і прынеслі: адзін прынёс, а іншы проста расстраляў усіх трох, і яны ляжалі амаль месяц у сябе ў двары. Толькі ў красавіку іх знайшлі і пахавалі.

Мэр Бучы днямі адзначаў, што будзе названая вуліца ў гонар беларускага добраахвотніка, кіруючы справамі ўдакладняе:

— Зараз акурат адбываецца працэс перайменавання. Мы запусцілі яго яшчэ год таму. Звычайна, такія людзі, што дапамагалі бараніць нашу зямлю, вартыя, каб увекавечыць іх памяць. На сённяшні дзень яшчэ трывае дыскусія па гэтым пытанні з грамадскасцю, пакуль грамадскасць яшчэ да канца не вызначылася з усімі пытаннямі. Што тычыцца гэтага беларуса, то ён загінуў акурат 4 сакавіка, пазыўны Ліцвін. Там, дарэчы, загінула і шэсць азоўцаў. Гэта быў бой каля павароту на Ворзэль, там дзе быў найбольшы ў нашым рэгіёне ўкраінскі сцяг. Па-сутнасці была бойка пад сцягам. Акупанты яго знішчылі ўрэшце, але байцы больш за содні ў поўным атачэнні адбівалі варожыя атакі і змаглі выйсці, на жаль, некаторыя загінулі, адзін з іх акурат і быў беларус.

ulicy_buchi_v_aprele_2022_goda._foto_iz_arkhiva_aleksandryphoto_2023_04_02_09.03.18.jpeg

«Беларусы павінны крычаць адусюль, што рашысцкі рэжым — гэта жахліва»

Стаўленне да Беларусі ў Бучы сапраўды неадназначнае: з аднога боку акупанты патрапілі ў горад акурат з поўначы, з Гомельскай вобласці, з іншага ж — ваяры-каліноўцы бралі актыўны ўдзел у баях пад Кіевам у складзе ўкраінскага войска. Па дарозе на гарадскія могілкі сустракаю Аляксандру, якая з сяброўкай вярталася са спартыўнай залі дадому.

— Я лічу, што ў Беларусі дакладна ёсць нармальныя адэкватныя людзі, — дзеліцца дзяўчына. — Яны закладнікі таго рэжыму. Я ведаю па сваіх сябрах з Беларусі, што 24 лютага яны, як і мы, апынуліся ў жудасным становішчы, вельмі шмат хто проста выехаў. І калі мы можам вярнуцца ў свае хаты, хоць са страхам, але можам працягваць жыць сваім штодзённым жыццём, то яны не, бо іх пераследуюць, яны вымушаныя жыць у іншых краінах, не ведаючы, калі змогуць вярнуцца дамоў. Стаўленне дваякае: частка людзей за нас, але ж нехта і падтрымлівае нашага ворага. Беларусы павінны крычаць адусюль, што рашысцкі рэжым — гэта жахліва.

Аляксандра ўзгадвае, што летась 24 лютага прачнулася ад гуку верталёта над сваім будынкам. Кажа, не ведала, што рабіць: ці спускацца ў падвал, ці выязджаць. Вырашылі ехаць, але засталіся ў вёсцы непадалёк ад Бучы, бо скончыўся бензін.

— Мы хавалі машыну, самі хаваліся, бо было страшна, — з хваляваннем у голасе прыгадвае дзяўчына. — Бачылі акупантаў толькі на блокпастах. У першыя дні ў бацькоўскім чаце дзіцячага садочка пісалі, што забілі бацька дзіцёнка з садка, я яго асабіста ведала, бо дзеці ў адной групе былі. Праз дзень у будынак у Барадзянцы патрапіла бомба, 40 чалавек адразу загінулі, вось там былі мае знаёмыя.

Мы вярнуліся ў Бучу 10 красавіка, калі яшчэ было небяспечна вяртацца, але ж нашыя воіны ўжо зайшлі ў горад. Мы мелі дазвол, дык адразу вярнуліся, бо баяліся марадзёрства. Вельмі жахліва было. Нібыта гэта не са мной адбываецца, а ў нейкім жахлівым сне ці фільме. Уязджаючы ў Бучу бачылі разбітыя машыны на дарогах, нябожчыкі. Я старалася не глядзець у вокны, гэта было жудасна. Год прайшоў, а мне ўсё яшчэ здаецца, што гэта мне проста снілася, хоць яно было ў рэальнасці.

Калі мы зайшлі на двор нашага дома, не маглі прайсці, бо ўсё было ўсыпана аскепкамі ад снарадаў, частка будынка была пашкоджаная. Запомніўся момант, калі праязджалі ў той дзень нашыя хлопцы каля нас, мы выйшлі з мужам, пабачылі іншых людзей, усе ставалі на калені, дзякавалі. Нас увогуле магло б тут не быць, толькі дзякуючы нашым абаронцам, мы жывыя. Муж таксама плакаў. Гэтыя пачуцці немагчыма перадаць. Гэта пачуццё і ўдзячнасці, і надзеі, і шчасця. Пераломны дзень. Потым літаральна кожныя два тыдні горад мяняўся, пакрысе аднаўляліся будынкі.

Але вайна перыядычна нагадвае пра сябе і ў вызваленым горадзе: у ноч на 28 сакавіка акурат над Бучай збілі некалькі расійскіх ваенных беспілотнікаў, выбухі было чуваць на ўсю акругу. Тым не менш, Аляксандра зазначае, што нягледзячы на страх, ёсць і надзея, што ўжо хутка ўвесь гэты жах скончыцца.

Развітаўшыся з Аляксандрай, даходжу да цэнтральных могілак, дзе перапахавалі большасць ахвяраў з брацкіх магілаў і адзінкавых магіл у дварах. На ўваходзе адразу бачны свежыя пахаванні. Цэлыя шэрагі з яшчэ драўлянымі крыжамі: 2023 год смерці, за ім 22-гі, а ззаду ўжо гранітныя памятнікі ваярам з Бучы, што загінулі на вайне з 2014-га.

Да пахаванняў ахвяр мінулага году даводзіцца прабірацца па брудзе і размоклай ад дажджу зямлі: настолькі разрасліся за год тыя могілкі, што асфальтаваныя тратуары не дацягваюцца да цяперашняй мяжы. Тут цэлы сектар з крыжамі, дзе на таблічках указаныя толькі парадкавы нумар пахавання і год. Паўсюль — шмат кветак і ўкраінскіх сцягоў. І цішыня…

buchanskoe_kladbishche_2._ukraina_mart_2023_goda._foto_ales_minov_zerkalo.jpeg

«Ехаў чалавек на машыне, выбягае акупант, той толькі выйшаў з машыны, а яго і расстралялі адразу. Вось так мы жылі»

Сцягоў шмат і на вуліцах: не толькі на адміністрацыйных будынках, а і на балконах, платах, машынах. Але мінакі, якіх я сустракаю на вуліцыразмаўляюць вельмі неахвотна. Большасць шчыра кажа: «Не хачу нічога ўзгадваць, прабачце».

Гаварыць пагаджаецца 24-гадовая Ірына, яна працуе ў адной з крамаў з тэхнікай. Ад пытанняў яна моцна расхвалявалася, не хацела ўзгадваць перажытая жахі.

— Я ўвесь час была тут, — ледзь стрымліваючы слёзы дзеліцца Ірына. — Хоць і спрабавалі выехаць, але не выйшла. 7 сакавіка людзі казалі, што вывозяць, ёсць эвакуацыя. Мы сабралі трошку рэчаў, ежы і пайшлі. Знаёмыя дагэтуль выехалі, усё добра было. Мы выйшлі з маці і па-троху пайшлі: думалі, што жанчын прапусцяць. На цэнтральных вуліцах стаялі танкі, бронемашыны, салдаты, іх было надта шмат. Яны на нас направілі аўтаматы, вельмі страшна стала. Сказалі: «Прахадзіце, мы вас прапусцім». Вяртацца баяліся таксама, бо былі абстрэлы. Казалі людзі, што снайперы працуюць, страляюць па мірных. Ды таго ж падумалі б, што мы дыверсанты, таму пайшлі далей.

Уся вуліца была ў гільзах, наперадзе ехаў чалавек на ровары. Мы й падумалі: значыць, спакойна, нікога няма. Потым проста ніадкуль выходзіць салдат расійскі і кажа да таго чалавека: «Стой!» І адразу пачынае страляць па ўсёй вуліцы.

Ірыну і яе маці расійскія ваенныя не прапусцілі. Сказалі, што яны нікуды не пойдуць, і павялі ў прыватны дом побач, дзе ўжо сядзела сям’я з дзецьмі і стаялі салдаты з аўтаматамі.

— Некаторыя былі ў цывільным, казалі, што мясцовыя. Я спрабавала з імі пагутарыць, але пра Бучу яны нічога не ведалі, — працягвае наша суразмоўца. — Маладыя хлопцы, я так думаю, гэта былі проста пераапранутыя акупанты. Падобныя проста не зэкаў, так яны размаўлялі. Было таксама шмат буратаў.

— Прасядзелі мы пад аўтаматамі цэлую ноч, было чуваць абстрэлы, як выбухае нешта вакол, — працягвае Ірына. — Спачатку мяне хацелі пасадзіць у іншы пакой, я папралісася, каб быць разам з усімі людзьмі. Я ж ведала, што яны з дзяўчатамі робяць, было страшна. Зранку адпусцілі, дзякуй богу. Так і пайшлі назад, потым з дому намагаліся не вылазіць. Бачылі з акна, як людзей расстрэльвалі: проста стралялі па ўсіх, хто быў на вуліцы. Так ехаў чалавек на машыне, выбягае акупант, той толькі выйшаў з машыны, а яго і расстралялі адразу. Вось так мы жылі. Зараз значна лепей, працуем патроху, верым у перамогу. Нам-та пашанцавала, сярод родных усе жывыя.

Прадавачка прадуктовай крамы Аляксандра прызнаецца, што пра леташнія падзеі нічога рассказаць не зможа. Яна не мясцовая: усе свае 34 гады пражыла ў Белагораўцы Луганскай вобласці. Наступствы вайны жанчына адчувала з 2014 году, але выехала толькі з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання:

— Спачатку ў Вінніцу, там спакойна, але няма працы зусім. Таму ў пачатку лета перабралася сюды. Насамрэч, Буча на вачах аднаўлялася, тады тут была нібы будаўнічая пляцоўка. Цяпер у горадзе ўсё ёсць, ўсё працуе. Апошнім часам нават няма праблем з электрычнасцю. Калі дадому? Толькі, як скончыцца вайна і знікне небяспека.

«Вось двор, па якім я хадзіў сто разоў, а цяпер тут магіла»

Аляксандр Барцоў — рэдактар мясцовага выдання TheBuchaCity. На пачатку вайны яно існавала ў сацсетках і расказвала пра навіны горада. Менавіта TheBuchaCity стала пляцоўкай для яднання людзей падчас уварвання.

— Прачнуўся ад выбуху, не адразу зразумеў, што адбываецца, — дзеліцца Аляксандр. — Спачатку мне патэлефанаваў сябар, потым калега. Пачалі акумуляваць людзей, перанапраўляць іх у чат. Сёння там больш за 4 тысячы, а тады было толькі 300 чалавек. Каардынавалі, распаўсюджвалі інфармацыю пра ўсё, што адбываецца. Бліжэй да вечара, мы з сябрам выехалі ў бок Вінніцы. Я сам не хацеў выязджаць, але знаёмыя сказалі, што трэба, бо будзе бяда. З Вінніцы працавалі, дапамагалі каардынаваць людзей.

Ужо ў першы дзень была праблема з тым, каб выехаць. Бо на жытомірскай трасе была агромністая чарга, мы ехалі аб’язнымі дарогамі. У першыя ж дні было і такое, што некаторыя імкнуліся з Кіева выехаць у Бучу перасядзець ці да бацькоў. А літаральна праз пару дзён шанцаў не было: з’явіліся акупанты, якія расстрэльвалі машыны на дарогах.

Той месяц Аляксандр успамінае як месяц шалёнай працы і агромністай плыні інфармацыі: ён разам з аднадумцамі стварыў сетку чатаў па раёнах Бучы, каб людзі расказвалі, што і дзе адбываецца. Бывала, што проста не меў часу, каб адысці паесці, бо трэба было працаваць. Дадому Аляксандр вярнуўся толькі 9 красавіка.

Вуліцы Бучы. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Вуліцы Бучы. Украіна, сакавік 2023 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

— Нельга параўнаць з тым, што ты бачыш на фота і відэа. Калі ж ты заязджаеш у свой родны горад, дзе ты пражыў усё жыццё, бачыш, стаяць танкі разбітыя, ляжаць мёртвыя людзі, мёртвыя жывёлы, расцяжкі, крыжы ў дварах, дзе людзей закапалі. Разумееш, што гэта рэальнасць, але не хочацца ў гэта верыць — мозг проста гэта не ўспрымае. Да апошняга ты не быў гатовы, што ў 2022 годзе такое можа адбывацца. Ужо людзі на Марс збіраюцца ляцець, а тут такое адбываецца. Гэта карціна сапраўды была жахлівая, патрэбны быў пэўны час для адаптацыі.

Ужо пасля вяртання мужчына актыўна ўключыўся ў працу валанцёраў. Іх каманда стварыла свой пункт гуманітарнай дапамогі, фарміраавалі спісы, шукалі людзей, якім патрэбна дапамога. Кажа, што валанцёрства дазволіла не паехаць дахам, бо проста не было часу на асэнсаванне:

— Людзі, якім мы дапамагалі, былі вельмі радыя. Калі людзі маглі самі набраць у наш гуманітарны цэнтр, папрасіць дапамогу, то мы адразу выязджалі да іх. А бывала, што нехта сталага веку ці проста без сувязі, то за іх званілі іхныя дзеці ці родныя, мы прыязджалі, і для людзей быў сюрпрыз. Ніхто лішняга не браў, казалі: «Ой не, мне гэтага не трэба, аддайце камусь яшчэ». Людзі расказвалі шмат жахлівых гісторый. Некаторыя гадзінамі маглі казаць, але, на жаль, не было часу слухаць, бо трэба было ездзіць далей.

Сярод самага складанага, што было ў гэтым годзе, мужчына ўспамінае магілы ў двары і разбітыя будынкі:

— У мяне проста каля хаты быў крыж у двары: там пахавалі жанчыну. Гэта мяне ўразіла: вось двор, па якім я хадзіў сто разоў, а цяпер тут магіла. Уразіла, што не было дзяцей, вельмі ціха. Не было дзіцячага смеху, ходзіш па бязлюдных вуліцах. Былі ў сябра дома на восьмым паверсе, глядзіш на Бучу, а паўсюль цемра і ціша, як апакаліпсіс.

Сёння адсоткаў на 80 горад адноўлены. Калі зараз прывезці людзей, правесці па цэнтры, то чалавек, што не бачыў усяго таго жаху, мо й не паверыць, што тут адбывалася.

Людзям складана вяртацца ў зруйнаваны горад. Псіхалагічна прасцей вяртацца да жыцця, калі тыя ж фасады адноўленыя, каб дзеці не пыталі кожны раз, а чаму тут будынкі разваленыя.

Мы зараз з камандай здымаем праект «Буча — горад нязломнасці» на 10 эпізодаў, гутарым з людзьмі. Адна з перадапошніх гераінь рассказала, як у яе дзіця запыталася: «А чаму ў дзядзі мазгі ляжаць на асфальце?» Добра, што такога ўжо няма. Людзі могуць пакрысе вяртацца ў сённяшні дзень, да жыцця. Хацелася б верыць, што гэта скончыцца летам. Цана ўсяго — чалавечыя жыцці. Будынкі можна аднавіць, а жыцці не вернеш. Украіна плоціць вельмі высокую цану за тое, што мы зараз з вамі можам размаўляць.

Я кожны дзень радуюся, што мы знішчылі яшчэ больш ворагаў. А значыць, яны не змогуць больш нанесці шкоду. Спадзяюся, што найбліжэйшым часам усё гэта скончыцца, што Расія распадзецца, бо гэтая імперыя толькі нішчыць усё вакол. Каб больш не адбывалася падобнага ні тут, ні ў Грузіі, ні ў Прыднястроўі.