Міжнародны крымінальны суд. Дасье ў карыкатурах

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. З дапамогай карыкатур успомнілі, на якіх палітыкаў раней выпісваліся такія ордары і чым канчаліся справы.


Яшчэ ў 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН у сваёй рэзалюцыі ўказвала аб неабходнасці стварэння спецыяльнага юрыдычнага органа, які б займаўся крымінальным пераследам асоб, адказных за ўчыненне злачынстваў генацыду і іншых злачынстваў аналагічнага цяжару. Але справа зрушылася з мёртвай кропкі толькі 17 ліпеня 1998 года. У гэты дзень 120 дзяржаў падпісала Рымскі статут — прававую аснову для стварэння пастаяннага Міжнароднага крымінальнага суда (ICC).
На момант стварэння ICC у свеце хапала энтузіязму наконт яго дзейнасці. Напрыклад, мастак Пітэр Шранк з часопісу The Economist лічыў, што новая ўстанова поўнасцю зменіць карціну свету. На ягоным малюнку дыктатары і вайсковыя злачынствы літаральна разбягаюцца ад суддзі ICC.

1_682.png

Прыкладна праз тры гады кантора запрацавала. 17 сакавіка 2006 года быў арыштаваны і аддадзены Суду грамадзянін Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Томас Лубангу Дзіла, лідар «Саюза кангалезскіх патрыётаў». Ён быў абвінавачаны ў прызыве на вайсковую службу дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў і выкарыстанні іх у ваенных дзеяннях. У ліпені 2012-га Суд прысудзіў Лубангу да 14 гадоў пазбаўлення волі. Міжнародная грамадскасць, у тым ліку мастакі, вітала вердыкт. Малюнак мастака Чарльза Эберта.

2_632.webp

Вялікі рэзананс выклікала рашэнне ICC ад 21 ліпеня 2008 года, калі ён выдаў ордар на арышт прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра па абвінавачанні ў генацыдзе. Такім чынам, аль-Башыр стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, супраць якога было вылучана абвінавачанне з боку органаў міжнароднай юстыцыі. Аднак справа аль-Башыра прадэманстравала слабыя бакі судовай установы. Правядзенне арыштаў з'яўляецца для яго немагчымай праз адсутнасць уласнай паліцыі. Гэта прымушае Суд спадзявацца толькі на ўлады краіны, дзе знаходзіцца падазраваная асоба. Між тым, тыя не вельмі гараць жаданнем супрацоўнічаць з ICC.
Напрыклад, затрымаць Амара аль-Башыра не ўдаецца да гэтага часу. Нават нягледзячы на тое, што ў выніку перавароту яго даўно зрынулі і прыгаварылі да 70 гадоў турмы. Тэматычны малюнак мастака Меддке, на якім аль-Башыр хаваецца ад суддзяў ICC за спінай чыноўніка суданскага ўраду.

3_565.jpg


30 лістапада 2011 года для ICC мела месца яшчэ адна гістарычная падзея: перад судом паўстаў Ларан Гбагба, былы прэзідэнт Кот-д'Івуара. Назіральнікі адзначаюць, што Гбагба стаў першым у гісторыі былым кіраўніком дзяржавы, які асабіста паўстаў перад крымінальным судом. Яму былі прад'яўленыя абвінавачанні ў злачынствах супраць чалавецтва, учыненых падчас узброенага канфлікту. Аднак 15 студзеня 2019 года Гбагба быў апраўданы. Рашэнне выклікала шок. Многія, у тым ліку графікі, лічылі, што Ларану Гбагба гарантаваны турэмны тэрмін. Адпаведна яго і выяўлялі. Малюнак рэсурсу Political Cartoon.

4_528.jpg


А вось хто мог бы атрымаць тэрмін, дык гэта Муамар Кадафі. 27 чэрвеня 2011 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт лівійскага лідара і яго сына Саіфа аль-Іслама. Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) аб'явіў, што мае важныя сведчанні. Паводле іх, лівійскі лідар Муамар Кадафі аддаваў загады аб згвалтаванні сотняў жанчын у якасці меры барацьбы з паўстанцамі. Аднак справа не дайшла нават да арышту. Сам Кадафі быў забіты паўстанцамі, а яго сын недзе дагэтуль хаваецца. Між тым мастак брытанскага выдання The Independent лічыць, што Саіф аль-Іслама ўсё ж калісьці пакараюць.

5_492.jpg

Усяго ICC за час сваёй дзейнасці прад'явіў абвінавачанні прыкладна 30 асобам. І толькі адзін з іх — Томас Лубангу Дзіла — быў асуджаны і адседзеў да канца. Астатнія падазраваныя альбо сядзяць, або памерлі, альбо ігнаруюць ордары ICC, альбо хаваюцца, альбо ўсё яшчэ судзяцца, альбо ўвогуле апраўданыя. А адзін з фігурантаў справы аб сітуацыі ў Кеніі Ухуру Кеніата ў статусе абвінавачанага нават быў абраны прэзідэнтам.
Як бачым, статыстыка не вельмі мажорная. Нарэшце, кідаецца ў вочы, што справы заводзіліся толькі ў дачыненні да краін Афрыкі. Такога кшталту цікавасць да Афрыкі выклікала падазрэнне, што ў ICC засядаюць расісты, якія баяцца пакрыўдзіць белых палітыкаў. Выданне Paleca library наступным чынам выявіла працу Феміды з ICC.

6_365.jpg

Шмат крытыкі выклікае ўпартае нежаданне прыцягваць да адказнасці падазраваных у вайсковых злачынствах грамадзян ЗША. ЗША дарэчы самы люты крытык дзейнасці ICC. Яшчэ ў 2002 годзе быў прыняты спецыяльны Закон аб забароне затрымліваць амерыканскіх вайскоўцаў на тэрыторыі якой-небудзь дзяржавы па ордары Суда. 12 красавіка 2019 года Міжнародны крымінальны суд адмовіўся расследаваць дзеянні амерыканскіх вайскоўцаў у Афганістане. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў дадзенае рашэнне суда «буйнай міжнароднай перамогай», што палесцінскае выданне The MintPressNews праілюстравала наступным малюнкам. На малюнку Дзядзька Сэм забараняе міжнароднаму крымінальнаму суду разглядаць злачынствы амерыканцаў у Афганістане.

7_264.png

Так ці інакш 17 сакавіка 2023 года ў гісторыі ICC пачалася новая вяха. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай па падазрэнні ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію з Украіны. На навіну тут жа адрэагавалі ўкраінскія мастакі, якія малююць Уладзіміра Пуціна ў засценках турмы ICC. Так, напрыклад, бачыць будучыню расейскага гаранта ўкраінскі мастак Андрэй Пятрэнка.

8_175.jpg


Аднак пакуль канкрэтная схема, як УУП трапіць у турму, незразумелая. Прэцэдэнтаў выдачы дзейнага кіраўніка дзяржавы няма. У любым выпадку стаўкі вялікія — або ICC даб'ецца асуджэння Пуціна, або моцна страціць аўтарытэт.