Дык ці вылучаць ЗША дапамогу Украіне? Прагноз паплечніцы Байдэна

Віцэ-прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Камала Харыс дала свой прагноз па галасаванні за пакет дадатковай дапамогі Украіне.

Скрыншот unian.net

Скрыншот unian.net

Пра гэта яна сказала падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, адказваючы на пытанне, чаму ў ЗША так моцна зацягнуўся разгляд пытання аб дапамозе Украіне, і ці маюць Штаты «план Б» на выпадак, калі Палата прадстаўнікоў не ўзгодніць неабходнае рашэнне.

На гэта Харыс адзначыла, што ў іх толькі адзін план — «план А» — забяспечыць атрыманне Украінай усяго, што ёй неабходна».

«Я падкрэсліваю, што індыкатары таго, дзе мы павінны быць, дзе мы павінны знаходзіцца, — гэта двухпартыйная падтрымка, у абедзвюх палатах Кангрэса: з боку Сената і з боку Палаты прадстаўнікоў. Я перакананая, што пакет дадатковай дапамогі, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, — калі яго паставіць на галасаванне, ён будзе прагаласаваны», — сказала яна.

Акрамя таго, віцэ-прэзідэнт выказала перакананне, што «ёсць кансенсус па абедзвюх партыях, які прызнае брутальнасць маскоўскай агрэсіі, і што павінен быць адказ, які заключаецца ў тым, каб заставацца разам са сваімі сябрамі, і працягваць барацьбу з гэтай агрэсіяй».

«І гэты кансэнсус у Кангрэсе ЗША ёсць. Што амерыканскае лідарства, выбраныя асобы ў Кангрэсе павінны быць аб'яднаныя ў сваёй апазіцыі да расійскай агрэсіі, у супрацьдзеянні расійскай агрэсіі», — адзначыла Харыс.

Яна таксама дадала, што бачыць кансэнсус у Кангрэсе ЗША адносна таго, што неабходна выкарыстоўваць поўны набор даступных ім магчымасцяў для падтрымкі Украіны ў яе барацьбе за ўтрыманне сваёй незалежнасці і дэмакратыі.

Глядзіце таксама

Сёння генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг «наехаў» на ЗША, пасарамаціўшы амерыканцаў праз нізкі ўзровень дапамогі Украіне.

Гаворка ідзе аб дапамозе, якую да гэтага часу не ўзгаднілі для Кіева заканадаўцы ў Кангрэсе. Паводле слоў Столтэнберга, некаторыя хаўруснікі Украіны ўжо дапамаглі ёй грашыма больш, чым ЗША.

Ён лічыць, што затрымка ў рашэнні з боку Кангрэса аказвае негатыўны ўплыў на вайну, і гэта ўжо адчуваецца на ўкраінскім полі бою. Ён таксама адзначыў, што не ў яго кампетэнцыі нешта раіць Кангрэсу, аднак пакет ваеннай дапамогі для Украіны — надзённая патрэба, якую трэба вырашыць.

Узгадніць дапамогу Украіне аб’ёмам каля 60 мільярдаў долараў пакуль не атрымліваецца праз пазіцыю прыхільнікаў Дональда Трампа ў Палаце прадстаўнікоў. Так, апантаны трампіст ад Рэспубліканскай партыі Майк Джонсан, які з’яўляецца спікерам ПП, адмовіўся ставіць на галасаванне адпаведны законапраект.

16 лютага Зяленскі на супольнай прэс-канферэнцыі з канцлерам Германіі Олафам Шольцам адзначыў, што разлічвае, што ЗША нікуды не знікне.

Кіраўнік украінскай дзяржавы прызнаў, што ў Штатах гучаць розныя галасы, у тым ліку і радыкальныя, і ёсць «гарачыя галовы», якія займаюцца палітычным працэсам. Ён чакае, што ў ЗША прытрымліваюцца прагматычнага падыходу да абароны бяспекі свету, каб зацвердзіць падтрымку для Украіны.

Паводле unian.net