724-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Украінцы адыходзяць з Аўдзееўкі, а расійцы заяўляюць пра атакі сваіх рэгіёнаў дронамі.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) мяркуюць, што цяпер украінскія падраздзяленні «ажыццяўляюць адносна кантраляваны адыход» з Аўдзееўкі.

Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў ноччу 17 лютага, што ён загадаў украінскім сілам у Аўдзееўцы адысці на больш выгадныя абарончыя пазіцыі, каб пазбегнуць акружэння і захаваць жыцці ўкраінскіх вайскоўцаў.

Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія войскі масава адыходзяць і што адыход украінскіх войскаў становіцца ўсё больш хаатычным і затратным. Аднак, ISW не назіраў ніякіх візуальных доказаў масавага або хаатычнага адыходу ўкраінскіх войскаў, а пастаяннае нязначнае прасоўванне расійскіх войскаў у Аўдзееўцы і вакол яе дазваляе выказаць здагадку, што ўкраінскія войскі на дадзены момант ажыццяўляюць адносна кантраляваны адыход з населенага пункта.

Цяпер ISW ацэньвае, што прыкладна тры з паловай кіламетры аддзяляюць расійскія пазіцыі на захадзе і поўдні Аўдзееўкі, абапіраючыся на наяўныя візуальныя доказы.

Спецыялісты мяркуюць, што ўкраінскім сілам, магчыма, давядзецца праводзіць контратакі, каб ажыццявіць спарадкаваны выхад з Аўдзееўкі, а расійскія намаганні, накіраваныя на тое, каб ускладніць або прадухіліць вывад украінскіх войскаў, могуць стаць дастаткова знясільваючымі.

***

За мінулыя суткі на фронце ва УСУ адбылося 90 баявых сутыкненняў з варожымі войскамі, больш за ўсё — на Аўдзееўскім кірунку.

Агулам вораг нанёс 8 ракетных і 55 авіяцыйных удараў, здзейсніў 137 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.

Авіяцыйным ударам падвергліся: Уды, Гацішча, Кацярынаўка Харкаўскай вобласці; Белагораўка Луганскай вобласці, Раздолаўка, Тэрны, Аўдзееўка, Сямёнаўка, Ластаўчына, Александропаль Данецкай вобласці.

Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

Губернатары Белгародскай, Калужскай, Бранскай, Варонежскай абласцей РФ Вячаслаў Гладкоў, Уладзіслаў Шапша, Аляксандр Багамаз, Аляксандр Гусеў заявілі пра збіццё 13 дронаў над рэгіёнамі Расіі.

У Губкінскай гарадской акрузе спрацавала сістэма СПА — збітыя 2 БПЛА самалётнага тыпу ў раёне вёскі Віслая Дуброва. 

Гладкоў адзначыў, што, паводле папярэдніх звестак, пацярпелых і разбурэнняў няма. Адначасова «аператыўныя службы ўдакладняюць інфармацыю наконт наступстваў на зямлі».

Пазней Шапша паведаміў, што «на тэрыторыі Людзінаўскага раёна сродкамі СПА збіта 4 БПЛА». Багамаз напісаў пра атаку 5 дронаў, а Гусеў — двух.

***

За мінулыя суткі сілы абароны Украіны знішчылі яшчэ 1050 захопнікаў, 11 танкаў і 28 артылерыйскіх сістэм ворага.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 17.02.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 401 350 (+1050) чалавек;
  • танкаў — 6476 (+11) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 12 145 (+16) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 9669 (+28) адз.;
  • РСЗА — 984 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 671 (+0) адз.;
  • самалётаў — 332 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7413 (+5) адз.;
  • крылатых ракет — 1896 (+1) адз.;
  • караблёў / катэраў — 25 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 12 734 (+18) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1533 (+5) адз.

***

На працягу сутак 16-17 лютага расійскія войскі абстралялі тэрыторыю 11 абласцей Украіны: былі атакаваныя 99 населеных пунктаў і 89 аб'ектаў інфраструктуры.

Увогуле акупанты атакавалі з розных відаў узбраення: мінамёты, танкі, ствольная артылерыя, РСЗА, ЗРК, АТРК, БПЛА і тактычная авіяцыя.

У прыватнасці, у 2:35 ночы расійцы абстралялі Купянск, былі траўмаваныя 75-гадовы мужчына і 71-гадовая жанчына.

Днём 16 лютага падчас абстрэлу Чугуеўскага раёна загінуў 52-гадовы мужчына. 

У Ізюмскім раёне, у полі на міне падарваліся трое грамадзянскіх. Двое мужчын 25 і 50 гадоў загінулі. Яшчэ адзін 30-гадовы мужчына шпіталізаваны, атрымаў асколачнае раненне.

На Херсоншчыне праз атаку расійцаў параненыя два чалавекі.

***

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на Мюнхенскай канферэнцыі.

— Чым даўжэй гэтая расійская агрэсія будзе працягвацца, тым большымі будуць змены, якія яна правакуе. Магчыма, людзі павінны будуць жыць у свеце, дзе лакальныя войны не будуць заставацца лакальнымі. Любы пачатак вайны будзе несці рызыкі ператварэння ў глабальную катастрофу, — заявіў украінскі прэзідэнт.

У Пуціна толькі два магчымыя канцы: трыбунал у Гаазе або быць забітым адным з тых, хто цяпер забівае для яго.