729-ты дзень вайны Расіі з Украінай: асноўнае на гэты час

Джо Байдэн назваў Пуціна  «ашалелым суччыным сынам». У гэтым годзе Расія можа вывесці на касмічную арбіту ядзерную зброю.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

«Ашалелы суччын сын»: Байдэн выступіў з рэзкай заявай у адрас Пуціна

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў Уладзіміра Пуціна «суччыным сынам, які заблукаў». Гэта адбылося падчас акцыі па зборы сродкаў у сераду ў Сан-Францыска. Пра гэта паведамляе CNN.

«У нас ёсць ашалелы суччын сын, як той чалавек, Пуцін, і іншыя. І нам заўсёды трэба турбавацца аб ядзерным канфлікце. Але экзістэнцыяльнай пагрозай для чалавецтва з'яўляецца клімат», — сказаў Байдэн, калі прамаўляў да прысутных на дабрачынным вечары.

Байдэн таксама раскрытыкаваў каментары былога прэзідэнта Дональда Трампа, які параўнаў свае юрыдычныя праблемы са смерцю Аляксея Навальнага.

Прэзідэнт ЗША перафразаваў каментарыі свайго папярэдніка, а затым сказаў прысутным, што «калі б я стаяў тут 10-15 гадоў таму і сказаў усё гэта, вы б усе падумалі, што я павінен сядзець у турме». 

На саміце G20 Расію асудзілі за агрэсію супраць Украіны

На сустрэчы G20 у Бразіліі міністры замежных спраў заходніх краін асудзілі Расію за ўварванне ва Украіну, піша «Reuters».

«Расія павінна заплаціць за сваю агрэсію», — заявіў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран на закрытай сустрэчы, паведамілі ў яго Офісе.

Міністр Нарвегіі Эспен Барт Эйдэ заявіў журналістам, што Лаўроў спакойна адрэагаваў на выказванні Кэмерана «наборам альтэрнатыўных фактаў» адносна падзей ва Украіне.

«Мы павінны падтрымліваць Украіну, пакуль яна не стане свабоднай і незалежнай суверэннай краінай без іншай арміі на сваёй зямлі», — сказаў міністр замежных спраў Нарвегіі падчас свайго выступлення на ​​сустрэчы.

Высокапастаўленыя дыпламаты з ЗША, Аўстраліі, Канады, Германіі, Італіі і Францыі зрабілі падобныя заўвагі ў першы дзень двухдзённай сустрэчы.

Сустрэча мела на мэце падрыхтаваць парадак дня саміту G20, што адбудзецца 18-19 лістапада ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія). 

Крэмль рыхтуе народ Расіі да працяглай вайны з Украінай і Захадам — брытанская выведка

Крэмль апраўдвае працягласць вайны з Украінай тым, што яны нібыта ваююць з Захадам. Жыхароў Расіі рыхтуюць да паніжэння ўзроўню жыцця. Пра гэта напісала Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter.

Варта згадаць, што 14 лютага афіцыйны прадстаўнік прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам: хоць «спецаперацыя» пачалася як аперацыя супраць Украіны, пазней яна набыла форму вайны супраць калектыўнага Захаду. Што гэта «вайна, у якой краіны калектыўнага Захаду на чале з ЗША непасрэдна ўцягнуты ў канфлікт».

На думку брытанскай выведкі, гэта ў цэлым адпавядае тэндэнцыі расійскай афіцыйнай рыторыкі, якая спрабуе апраўдаць працягласць вайны і памер расійскіх страт, паказваючы вайну як прамы канфлікт з Захадам.

Далей Пяскоў дапусціў, што «спецаперацыя» «можа працягнуцца крыху даўжэй, але гэта не зменіць ход рэчаў».

«Гэта частка афіцыйнай расійскай версіі, якая амаль напэўна накіравана на тое, каб падрыхтаваць насельніцтва краіны да доўгатэрміновага канфлікту і звязанага з ім падзення ўзроўню жыцця ўнутры краіны, адначасова даючы ўпэўненасць у канчатковай перамозе Расіі», — заявіла брытанскае Міністэрства абароны. 

ЗША папярэджваюць саюзнікаў, што Расія можа вывесці на арбіту ядзерную зброю ў гэтым годзе — NYT

Спецслужбы ЗША заявілі сваім бліжэйшым еўрапейскім саюзнікам, што калі Расія збіраецца вывесці на арбіту ядзерную зброю, то, хутчэй за ўсё, зробіць гэта ў бягучым годзе, піша «The New York Times».

Пры гэтым спецслужбы ЗША мяркуюць, што Расія таксама можа вывесці на арбіту бяскрыўдны «муляж» боегалоўкі, каб на Захадзе не здагадваліся пра яе магчымасці.

Афіцыйныя прадстаўнікі разведкі ЗША правялі серыю паспешлівых сакрэтных брыфінгаў для сваіх саюзнікаў па NATO і азіяцкіх саюзнікаў, калі пачалі прасочвацца дэталі ацэнкі ЗША намераў Расіі.

Нарэшце ў аўторак, 20 лютага, Пуцін адхіліў абвінавачванні ў намеры вывесці на арбіту ядзерную зброю, а міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што папярэджанне разведкі было сфабрыкавана, каб прымусіць Кангрэс санкцыянаваць павелічэнне дапамогі Украіне.

Зрэшты, Пуцін не хаваў сваёй зацікаўленасці ў мадэрнізацыі расійскіх сістэм дастаўкі часоў халоднай вайны, такіх як бамбавік, здольны дасягнуць ЗША і несці два дзясяткі ядзерных адзінак. Ён рэкламаваў парк новых відаў зброі (некаторыя яшчэ знаходзяцца ў распрацоўцы), у тым ліку беспілотную ядзерную тарпеду «Пасейдон», якая перасячэ Ціхі акіян без кантролю чалавека і ўзарвецца на заходнім узбярэжжы ЗША.

Аднак касмічная зброя будзе не такой. У адрозненне ад астатняга расійскага або амерыканскага арсенала, яна не будзе разлічана на ўдары па гарадах, па ваенных аб'ектах або дзе-небудзь яшчэ на Зямлі. Замест гэтага зброя будзе ўбудавана ў спадарожнік, здольны знішчыць раі камерцыйных і ваенных спадарожнікаў, якія круцяцца побач з ім на нізкай калязямной арбіце, у тым ліку такіх, як Starlink — і гэта трансфармуе магчымасці глабальнай сувязі.

Па словах двух высокапастаўленых чыноўнікаў, знаёмых з ацэнкай разведкі, якую ЗША прадставілі саюзнікам, афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што Пуцін можа паверыць, што простая пагроза масавага знішчэння — нават калі гэта азначае падрыў яго ўласных расійскіх спадарожнікаў — можа стаць новай формай стрымлівання

Пагроза вываду ядзернай зброі на арбіту: што вядома?

14 лютага старшыня камітэта па выведцы Палаты прадстаўнікоў Майк Тэрнер заявіў аб сур'ёзнай пагрозе нацыянальнай бяспецы ЗША, бо, паводле звестак выведкі, Расія плануе размясціць у космасе ядзерную зброю.

Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван пацвердзіў гэтую інфармацыю, а прэзідэнт Джо Байдэн даручыў сваёй Адміністрацыі весці перамовы з Расіяй адносна магчымага выпрабавання ядзернай зброі ў космасе.

Пазней стала вядома, што Белы дом спрабаваў весці таемныя перамовы з РФ, каб адгаварыць Крэмль ад выпрабаванняў касмічнай ядзернай зброі.

Навіны вайны

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ па стане на раніцу 22 лютага: асабовага складу — каля 407 240 (+1160 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 6523 (+7), баявых браніраваных машын — 12 373 (+35), артылерыйскіх сістэм — 9867 (+41),  РСЗА — 997 (+5).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Раніцай расіяне ўдарылі па вёсцы Ліманы Галіцынаўскай абшчыны Мікалаеўскай вобласці: паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў адзін чалавек. Адзін жылы дом разбураны, некалькі прылеглых — пашкоджаны.

За мінулыя суткі на фронце адбылося 64 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

На аўдзееўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 19 нападаў войска РФ у раёнах Стэпавага, Ластаўчынага, Паўночнага, Першамайскага і Невельскага.

На мар’інскім кірунку армія РФ 14 разоў спрабавала прарваць абарону ўкраінскіх войскаў у раёнах Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці.

На купянскім кірунку армія РФ тройчы спрабавала наступаць у раёнах Сінькоўкі і Табаеўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — шэсць разоў атакавала ўкраінскія падраздзяленні ў раёнах Данецкай вобласці.

На бахмуцкім кірунку УСУ адбілі дзве атакі ў раёнах Кляшчыеўкі і Маёрска Данецкай вобласці; на навапаўлаўскім — адну атаку на поўдзень ад Залатой Нівы Данецкай вобласці; на запарожскім — восем атак на захад ад Івавага і ў раёне Рабоціна Запарожскай вобласці. На херсонскім кірунку Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць пазіцыі, адбілі чатыры штурмы РФ на левабярэжжы Дняпра.


Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Украінская супрацьпаветраная абарона ўначы знішчыла восем з дзесяці ўдарных БПЛА тыпу «Shahed», якімі Расія атакавала з Прыморска-Ахтарска, паведаміла камандаванне паветраных сіл. Дроны знішчаны ў межах Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай і Харкаўскай абласцей. Акрамя таго, вораг выпусціў супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31п з акваторыі Чорнага мора.