Беларускія грамадзяне ўспрымаюцца уладамі як ворагі, а не выбаршчыкі
Гэтыя выбары стануць «знакавай падзеяй у найноўшай гісторыі Беларусі», лічыць палітолаг Генадзь Коршунаў.
Беларускія ўлады ўпершыню “адкрыта і незамутнена” рыхтуюцца да выбараў як да спецыяльнай грамадска-палітычнай аперацыі, лічыць старшы даследчык Цэнтра новых ідэй (ЦНІ), былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў, піша «Позірк».
Сваё меркаванне ён выклаў у матэрыяле “Электаральная” біпалярачка “беларускіх (неда)выбараў”.
На думку сацыёлага, простыя грамадзяне ўспрымаюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі “не як выбаршчыкі, а як ворагі, калі не відавочныя, то схаваныя”.
Коршунаў лічыць, што гэтыя выбары стануць “знакавай падзеяй у найноўшай гісторыі Беларусі”.
“Усім гэтым будзе кіраваць не столькі ЦВК, колькі аператыўна-сітуацыйны штаб (МУС. — “Позірк”.). Ён будзе арыентавацца на камеры назірання і трывожныя кнопкі на выбарчых участках. Калі што, то імгненна зрэагуюць мабільныя групы хуткага рэагавання”, — адзначыў эксперт.
Коршунаў звярнуў увагу на тое, што ўлады, якія “так баяцца гэтых выбараў”, маглі зрабіць “усё хутка, ціха і незаўважна”: “Ціха самі правялі, ціха самі палічылі, ціха самі зрабілі справаздачу — легітымнасць самі як бы і “абнавілі”. Аднак абраная тактыка “рознанакіраванай матывацыі” для ўдзелу ў выбарах, што нагадвае “біпалярнае засмучэнне псіхікі”.
Эксперт адзначыў, што адначасова прадстаўнікам уладаў хочацца, каб “усе роўненька ішлі на выбары”: “На прадпрыемствах рознымі спосабамі матывуюць да ўдзелу ў выбарах, святароў для павышэння яўкі прыцягваюць, флэшмобы запускаюць з крэатыўнымі агітацыйнымі ролікамі, праўладныя ГОНГО праводзяць пікеты “ў падтрымку выбараў”.
20 лютага пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
Сёлета ўпершыню пройдуць аб’яднаныя выбары — адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. Фармат спісаны з Расіі.
На 110 месцаў у ПП НС восьмага склікання прэтэндуюць 265 кандыдатаў (з іх 10 грамадзян ва ўзросце да 31 года, 92 жанчыны; наймалодшаму кандыдату ў дэпутаты — 23 гады, найстарэйшаму — 66).
На 12.512 месцаў у мясцовых саветах прэтэндуюць 18.802 чалавекі.
Для арганізацыі выбараў утворана 5.411 выбарчых камісій, у склад якіх увайшло 57.233 чалавекі.
Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.