«Для беларускага электаральнага працэсу нікога больш небяспечнага за выбаршчыкаў не бывае»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» раіць у дзень электаральнага працэсу быць падалей ад зоны баявых дзеянняў — то-бок ад выбарчых участкаў. Бо, калі людзі так рыхтуюцца да правакацый, то правакацыі ў іх абавязкова будуць. А калі раптам не будзе, то яны сабе гэтыя правакацыі самі знойдуць.
Ты там як, не самазаспакоілася? Дакладна? І не расслабілася? Глядзі. Ты не самазаспакойвайся. Таму што чым бліжэй вырашальны дзень электаральнага працэсу, тым страшней становіцца жыць.
Ну, гэта значыць, табе, можа, і не страшна. Але непасрэдным удзельнікам і арганізатарам электаральнага працэсу дык дакладна не па сабе. Яны ўжо цяпер думаюць не пра тое, як палічыць сабе галасы, а пра тое, як забяспечыць сваю электаральную бяспеку. Таму што дыверсанты па два-тры разы на тыдзень перапаўзаюць мяжу на дронах, каб падарваць у краіне электаральную стабільнасць.
Ты, вядома, можаш спытаць: каму гэтая электаральная стабільнасць патрэбная? І я нават не ведаю, што табе адказаць. Але дыверсанты ж поўзаюць праз мяжу. Дыверсанты, я лічу, проста так поўзаць туды-сюды не будуць. Раз поўзаюць, дык значыць, у іх для гэтага ёсць важкая прычына. Тым больш, два-тры разы на тыдзень. Якая прычына, я табе дакладна не скажу, але нейкая дакладна павінна быць.
Таму беларускія ўлады рыхтуюцца не да электаральнага працэсу. Беларускія ўлады рыхтуюцца да правакацый супраць электаральнага працэсу і замахаў на чысціню электаральных вынікаў.
Вось красаўцы на днях выпусцілі ролік пра тое, як яны будуць адбіваць недружалюбную электаральную агрэсію. І я табе хачу сказаць, што хто толькі там у гэтым роліку не збіраецца пакусіцца на электаральны працэс. Дроны-камікадзэ і проста камікадзэ. Зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку замежныя карэспандэнты і злосна незарэгістраваныя назіральнікі. Выбаршчыкі з мабільнымі тэлефонамі ў руках і, вядома, самі выбаршчыкі.
Ну, ты ў курсе: для беларускага электаральнага працэсу нікога небяспечней выбаршчыкаў, вядома, не бывае. Ад выбаршчыкаў у выбарчым працэсе суцэльная шкода і палітычная нестабільнасць.
Але я табе хачу сказаць, што хвалявацца не трэба. Перажываць не трэба. Вось калі яны так арганізуюць свой электаральны працэс на кожным выбарчым участку, то ні адзін разважны выбаршчык на гэты ўчастак не пройдзе. Я табе больш скажу. Калі разважны выбаршчык убачыць усе гэтыя шэрагі хлопцаў у суровых балаклавах, то ён на гэты выбарчы ўчастак нават і не пойдзе. Разважны выбаршчык, на ўсё гэта паглядзеўшы, наогул з хаты не выйдзе.
Таму што цалкам можа быць, што хлопцамі ў суровых балаклавах і групамі хуткага рэагавання справа не абмяжуецца. Вось мяркуючы па гэтай падрыхтоўцы «пры найменшым падазрэнні на супрацьпраўныя дзеянні» яны не пасаромеюцца задзейнічаць і танкі з цяжкімі бамбавікамі. Так што можа лепш нават не хавацца ад электаральнага працэсу ў сябе ў кватэры, а адразу знайсці бамбасховішча. Ну, ці ў лясы сысці. Так, каб падалей ад зоны патэнцыйных баявых дзеянняў. У сэнсе, ад выбарчых участкаў.
Таму што калі людзі так рыхтуюцца да правакацый, то правакацыі ў іх абавязкова будуць. А калі раптам не будзе, то яны сабе гэтыя правакацыі самі знойдуць. Ну нездарма ж яны так рыхтаваліся.
Вось у іх жа атрымаліся правакацыі, якія яны сабе падрыхтавалі пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.