Выбары: шоу для міліцыі і ўнутраных войскаў

Кампанія па «выбарах» у парламент падыходзіць да свайго завяршэння, да дня галасавання засталося менш за 10 дзён, і... І нічога. Цішыня ў эфіры. Хто-небудзь бачыў кандыдатаў у дэпутаты? Хто-небудзь ведае, якія ў іх праграмы? Дзесьці адбыліся дэбаты і дыскусіі?

img_2984_1_logo.jpg.webp

Здавалася б, мы ж выбіраем і парламент, і мясцовыя Саветы, і кандыдатаў ва Усебеларускі народны сход (але гэта не дакладна). Раней мы хоць нешта чулі пра «заканадаўчую галіну ўлады», раней хоць была інтрыга — ці пойдуць у Палату апазіцыянеры, калі пойдуць, то колькі, і каго прапусцяць. Былі нейкія паліттэхналогіі, агітацыя... Весела было, карацей. Не заўсёды, але часам усё ж.

А цяпер? Цішыня, як на могілках. Выбары сапраўды праходзяць у рэжыме спецаперацыі, і такое адчуванне, што яны цікавыя толькі сілавікам. Як быццам наш «прэзідэнт АМАПа» вырашыў парадаваць сваіх выбаршчыкаў чарговым шоу. Толькі наўрад ці гэтыя выбаршчыкі будуць задаволеныя, таму што для іх зладжанае шоу — гэта пазбаўленне выхадных і дадатковая праца.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, падводзячы вынікі тактыка-спецыяльных заняткаў падраздзяленняў АУС мінскага гарнізона, заявіў, што міліцыя перад выбарамі пяройдзе на ўзмоцнены варыянт службы. Для гэтага была праведзена велізарная разумовая праца. Паводле яго слоў, сілавікі «загадзя абагульнілі інфармацыю аб сітуацыях, якія ўзнікалі на выбарчых участках у Беларусі ў 2020 годзе, у іншых краінах, і сумесна са старшынямі ўчастковых камісій адпрацавалі алгарытм дзеянняў пры іх узнікненні». «Мы паказалі, што міліцыя Мінска, усёй рэспублікі гатова забяспечыць ахову грамадскага парадку і бяспеку грамадзян. Для гэтага ў нас ёсць сілы і сродкі», — бадзёра адрапартаваў Кубракоў.

Ад 19 лютага асабовы склад будзе пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Для гэтых мэт маюць намер задзейнічаць больш за 10 тысяч чалавек. Міліцыя возьме пад ахову выбарчыя ўчасткі, «будзе актывізавана дзейнасць па забеспячэнні бяспекі ва ўсіх кутках краіны». А ў памежжы — яшчэ і з удзелам спецыяльных падраздзяленняў унутраных войскаў, атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння.

Карацей, міліцыя выбары бачыць. Але ёй адной бачыць гэтыя выбары сумна. Таму што бачыць выбары і выбарчыя ўчасткі — гэта нецікава. А вось бачыць выбаршчыкаў на гэтых участках — справа іншая. Урэшце, як можна гарантаваць бяспеку грамадзян на выбарчых участках, калі выбарчыя ўчасткі ёсць, а грамадзян там няма? Сумна сілавікам будзе сядзець у кампаніі з выбарчай скрыняй і сведкамі стабільнасці.

Таму даводзіцца звяртацца да нестандартных метадаў і рашэнняў у агітацыйнай кампаніі. У Віцебску сілавікі затрымалі блогера, які стварыў вобраз «дзеда Шаўшэнкі» — Віталя Усціновіча. У «пакаянным відэа», якое апублікавана ў праўладных тэлеграм-каналах, блогер прызнаецца, што ў яго 48 тысяч падпісчыкаў, ён пакідаў каментары ў забароненым тэлеграм-канале і іншае па стандартным тэксце. Але ў канцы роліка «дзед Шаўшэнка» заклікаў усіх «напярэдадні новых выбараў» не парушаць закон і ісці галасаваць.

Адначасова той жа ролік з'явіўся на YouTube-канале Усціновіча, а замест лагатыпа паставілі герб Беларусі. А напярэдадні блогер выклаў відэа пра тое, што ў пачатку лютага яго затрымлівалі і праводзілі з ім растлумачальную працу, якая тычылася старых відэа.

Глядзіце таксама

Так што віцебская міліцыя добра скрэатывіла наконт мабілізацыйнай кампаніі да выбараў. Праўда, трошкі яны ўсё ж такі «недакруцілі». Таму што «дзед Шаўшэнка» — усё ж такі персанаж іранічны, і заклік прыйсці прагаласаваць ад яго можа быць успрыняты як чарговы сцёб і «пранк», калі казаць сучаснай мовай.

Але падыход у цэлым правільны. Трэба толькі творча развіць гэтую ідэю з больш сур'ёзнымі персанажамі. Чаму, напрыклад, прапагандыстка Бондарава дагэтуль не выпусціла заклік прагаласаваць? Хопіць ёй хадзіць па крамах і змагацца з вясёлкамі і аднарогамі, краіна чакае ад яе рэальнай карыснай працы. Чаму б не запусціць па ўсіх каналах «пакаяннае відэа» з заклікам ісці галасаваць з якой-небудзь Людмілай Гладкай або Таццянай Сідаровіч? Можа, хопіць ім хадзіць па выставах, якія ім не падабаюцца, а варта прыйсці туды, дзе ім будзе добра — на выбарчы, або, у крайнім выпадку, у міліцэйскі ўчастак? Чаму яны не робяць агляды, у якім буфеце якога ўчастка смачнейшыя беляшы?

Праўладныя блогеры і ютуберы відавочна недапрацоўваюць. Адсюль і ўзнікаюць неспадзяванкі. Напрыклад, 36-гадовы мінчанін, які кульнуў некалькі чарак, ішоў міма крамы на вуліцы Прытыцкага ноччу 9 лютага. Ішоў сабе і ішоў, але, праходзячы міма стэнда з перадвыбарчымі плакатамі,  ударыў па ім кулаком.

Міліцыя, напэўна, як сказаў Кубракоў, «з удзелам спецыяльных падраздзяленняў унутраных войскаў, атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння» ўстанавіла асобу мужчыны, затрымала яго і ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 339 КК («Хуліганства»).

І гэта таксама пэўная недапрацоўка. На гэтага чалавека трэба не крыміналку вешаць, а здымаць з ім відэа — магчыма, нават не «пакаяннае», і паказваць па ўсіх тэлеканалах і каналах праўладных блогераў. Таму што гэта можа быць адзіны «чалавек з народа» на ўсю краіну, які звярнуў увагу на беларускія выбары ў цэлым і стэнд з інфармацыйнымі матэрыяламі ў прыватнасці. Можа быць, гледзячы на яго, астатнія таксама звернуць увагу на стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі. І, можа, нават у цвярозым стане.

Ёсць, вядома, верагоднасць, што калі б гэты мужчына быў у цвярозым стане, ён бы гэты стэнд таксама не заўважыў. Але ўжо так карта лягла. І, напэўна, для таго на выбарчых участках і існуюць буфеты, каб людзі ўбачылі тое, што ў цвярозым стане заўважыць немагчыма.

На жаль, з крэатывам у Беларусі ўсё ж такі праблемы. Амаль усе крэатыўныя людзі пакінулі краіну, а за мяжой выбарчых участкаў больш не ствараюць. Бо «абагульнілі інфармацыю пра сітуацыі, якія ўзнікалі на выбарчых участках у Беларусі ў 2020 годзе».

У выніку, падобна, у дзень галасавання міліцыі прыйдзецца сумаваць на выбарчых участках у кампаніі з членамі выбарчых камісій, і толькі. Усе, каго загоняць на выбары, прагаласуюць датэрмінова. А з астатнімі слаба працуюць нашы прапагандысты. Без агеньчыка. Без крэатыву.

І добра, што на выбарчых участках ёсць буфеты. Што яшчэ рабіць у адзіноце, як не смачна паесці?