«Селі ў лужыну». Губарэвіч з’едліва абверг заявы лукашыстаў аб затрыманнях у «Кадравым рэзерве»
Каардынатар ініцыятывы дэмакратычных сіл «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» Юрась Губарэвіч зняпраўдзіў паведамленні Следчага камітэта і прапаганды аб масавых затрыманнях удзельнікаў праекта.
«Сілавікі і прапагандысты селі ў лужыну, паспрабаваўшы атакаваць «Кадравы рэзерв», — напісаў палітык на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Ніякага доступу да базы даных і спісу ўдзельнікаў яны не атрымалі. Заклікі «самастойна прыйсці і пакаяцца» пра гэта сведчаць».
Паводле слоў Губарэвіча, удзел прапагандыста Тура ў праглядзе лекцый «КР» «можна параўнаць з паходам у кінатэатр, дзе ў залі сядзеў толькі ён адзін», бо «магчымасць пабачыць спіс іншых удзельнікаў тэхнічна выключана платформай ZoomWebinar», «нават адміністратар там бачыць толькі пералік асабістых нумароў замест імёнаў удзельнікаў».
«На дадзены момант мы праводзім збор інфармацыі пра асобаў, прадэманстраваных на здымках у прапагандысцкім роліку. Тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, не маюць і ніколі не мелі дачынення да «Кадравага рэзерву». Некаторыя з іх знаходзяцца на свабодзе ці ўвогуле раней пакінулі межы Беларусі. Па некаторых былі выкарыстаныя здымкі з ранейшых затрыманняў, не звязаных з «Кадравым рэзервам». Будзем удзячныя за любую дадатковую інфармацыю», — напісаў Юрась Губарэвіч.
«Праблема з бяспекай можа быць па баку карыстальнікаў, — дадаў ён. — Менавіта таму мы неаднаразова заклікалі выкарыстоўваць VPN, камунікаваць толькі праз афіцыйны адрас электроннай пошты і выдаляць перапіску. Пэўныя спробы выцягнуць інфармацыю сілавікі рабілі. Яны стварылі фэйкавы тэлеграм-канал і адкрылі доступ да «экстрэмісцкага» сайта «Кадравага рэзерва» з тэрыторыі Беларусі».
Уся кампанія па дыскрэдытацыі ініцыятывы, лічыць Губарэвіч, з’яўляецца чарговым доказам «важнасці нашай справы і ўсведамлення яе небяспекі для нелегітымнага рэжыму».
14 лютага афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч у эфіры АНТ заявіў пра затрыманне «многіх удзельнікаў» праграмы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» (КР), якія нібыта «даюць прызнальныя паказанні».
Паводле яго слоў, СК «ведае ўсё аб кожным удзельніку праграмы, які знаходзіцца ў Беларусі і за яе межамі». Асобна Кабаковіч адзначыў, што сілавікам вядома «аб усёй маёмасці» згаданых людзей.
Ён параіў удзельнікам праграмы «прыбыць у Следчы камітэт па адрасе: Мінск, вул. Фрунзэ, 19 і слёзна каяцца»: «Выбар ёсць у кожнага з іх. Мы дапаможам ім вызначыцца».
У сюжэце АНТ, аўтарам якога з’яўляецца прапагандыст Ігар Тур, таксама былі паказаны стоп-кадры з партрэтамі 15 чалавек. Паводле слоў Тура, гэтыя людзі затрыманы.
Таксама ў сюжэце прадэманстравалі відэаўрыўкі лекцый выкладчыкаў КР, пра іх прафесійныя і чалавечыя якасці Тур выказваўся ва прыніжальнай форме. Ён сцвярджае, што ў яго распараджэнні 38 гігабайтаў відэа з заняткаў КР, якія былі зроблены на працягу апошніх двух гадоў. Увесь гэты час КДБ і ён асабіста нібыта сачылі за анлайн-сустрэчамі ў КР.
Следчы камітэт паведаміў днём 14 лютага, што завёў крымінальную справу ў дачыненні да «прадстаўнікоў і ўдзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» па ч. 3 арт. 3611 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).
СК падкрэсліў, што некаторыя абвінавачаныя знаходзяцца ў Беларусі.
Да астатніх «устаноўленых удзельнікаў, якія
знаходзяцца за мяжой», будзе прыменена працэдура спецыяльнай вытворчасці, якая
дазваляе судзіць іх завочна.