Пётр Рудкоўскі: Рэжым ацэньвае пратэсны патэнцыял грамадства больш высока, чым мы з вамі
Лукашэнка хоча ўвайсці ў гісторыю як «бацька-заснавальнік беларускай дзяржавы». А УНС — страхоўка на выпадак, калі выбарчы працэс зноў выйдзе з-пад кантролю альбо калі кіраўнік Беларусі вырашыць сысці з пасады прэзідэнта.
![_elektarat___bomz___ljudzi___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1__logo.jpg _elektarat___bomz___ljudzi___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1__logo.jpg](/img/v1/images/_elektarat___bomz___ljudzi___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
25 лютага Беларусь чакае «адзіны дзень галасавання», які — ужо бачна — закончыцца чарговай «элегантнай перамогай».
Гэта першы электаральны цыкл пасля 2020 года, на які Лукашэнка ўскладвае надзвычайныя спадзевы. Таму гэтым разам беларускі кіраўнік сцеле нават там, дзе ўпасці немагчыма.
Але адначасова ўласнаручна стварае перашкоды, аб якія можна спатыкнуцца і разбіць нават каменную галаву.
Пра апгрэйд «электаральнага цыкла», які замуціў Лукашэнка ў Беларусі, пагаварылі з незалежным аналітыкам Пятром Рудкоўскім.
— Менш чым праз два тыдні пройдзе так званы «Адзіны дзень галасавання». Спісы «дэпутатаў» узгодненыя, Палату прадстаўнікоў можна лічыць прызначанай. Аднак рэжым кінуў процьму дзяржаўных рэсурсаў і сродкаў на падрыхтоўку і правядзенне фэйкавай кампаніі. Еўрапарламент ужо не прызнаў вынікі гэтай кампаніі, АБСЕ не накіроўвае сваіх назіральнікаў на «выбары». «Выбары мы ў нашай краіне праводзім не для Еўропы, не для Амерыкі. Мы іх праводзім для сябе, для свайго народа», — заявіў кіраўнік штаба місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў. Народу гэтыя «выбары» — што мёртваму прыпарка. Для рэжыму, атрымліваецца, гэта баявая рэпетыцыя прэзідэнцкай кампаніі? Нават «назіральнікаў» узначаліў былы сілавік.
— «Выбары» былі таксама і ў СССР, хоць там не было неабходнасці рабіць рэпетыцыю перад прэзідэнцкімі выбарамі, бо фактычным кіраўніком дзяржавы быў генеральны сакратар Камуністычнай партыі. Сёлетнія выбары, пры ўсёй іх пастановачнасці, маюць для рэжыму самастойнае значэнне — стварэнне бачнасці легітымацыі.
Іх значэнне ўзрастае таму, што гэта першыя пасля правальных выбараў-2020 (калі інсцэнізацыя выбарчага працэсу пайшла не па плане) і першыя пасля правядзення канстытуцыйнай «рэформы». Так, досвед іх правядзення будзе, хутчэй за ўсё, улічвацца ў ходзе падрыхтоўкі да выбараў наступнага года.
Хаця я б на месцы рэжымных паліттэхнолагаў быў бы тут крайне асцярожным. У 2019 годзе інсцэнізацыя парламенцкіх выбараў адбылася, можна сказаць, ідэальна па розных параметрах (была бачнасць галоснасці і плюралізму, а разам з тым і вынік быў такі, які быў зададзены зверху). А ў 2020 годзе інсцэнізацыя скончылася поўным правалам.
— У канцы красавіка рэжым плануе ўжо склікаць «Усебеларускі народны сход». Вынік гэтай працэдуры яшчэ больш прадказальны, чым «выбары». Фарміраванне УНС разглядаюць як своеасаблівы «транзіт улады». Але навошта ў сістэме ўлады і «Палата прадстаўнікоў, і УНС, якія будуць дубліраваць функцыі адзін аднаго, а многія паўнамоцтвы будуць перасякацца? Гэты дубляж істотна ўскладняе кантроль над сістэмай.
— УНС — прадукт страху перад выбарчымі механізмамі. Памятаем, як час ад часу ў Лукашэнкі праскоквала шкадаванне, што пасада прэзідэнта не выведзена з-пад уплыву выбарчых механізмаў. УНС — гэта падстрахоўка на выпадак, калі зноў выбарчы працэс выйдзе з-пад кантролю. (Мне падаецца, што рэжым ацэньвае пратэсны патэнцыял грамадства больш высока, чым мы з вамі.) Гэта — раз. УНС — гэта таксама падстрахоўка для Лукашэнкі на выпадак, калі ён рашыцца сысці з пасады прэзідэнта, бо раней ці пазней гэта трэба будзе зрабіць.
— Старшыня УНС унесены ў рэестр галоўных кіраўнікоў дзяржавы пад нумарам 3, перад ім толькі прэзідэнт і «вышэйшыя дзяржаўныя асобы», што б гэта ні азначала. Ці праглядваецца ў гэтай схеме намер Лукашэнкі заняць адразу два крэслы: «прэзідэнта» і старшыні УНС? Што яму дае такое двухуладдзе?
— Двухуладдзе — гэта калі дзве асобы або дзве групы ўтвараюць два ўплывовыя цэнтры ўлады. Пра патэнцыйнае двухуладдзе можна казаць, калі прэзідэнтам і старшынёй УНС будуць дзве розныя асобы. Калі Лукашэнка будзе займаць гэтыя дзве пасады (думаю, што так і будзе, хіба што будзе пагаршацца яго здароўе), то надалей будзе адзінаўладдзе.
— Летам 2025 года ў Беларусі чакаюцца «прэзідэнцкія выбары». Пасля 1994 года ніводныя «выбары» не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю справядлівымі, што не перашкаджала Лукашэнку ўзурпіраваць уладу ў краіне. За апошнія чатыры гады сітуацыя ў краіне змянілася. Але ці змяніла гэта планы Лукашэнкі правіць да смерці?
— Якімі дакладна былі ці ёсць планы Лукашэнкі — можам хіба што здагадвацца. Няма сумневу, што ён хацеў і хоча кіраваць як мага даўжэй, але ці да смерці — гэтага не ведаем. Думаю, што для яго больш важна, каб ягоная сістэма была, прынамсі, у агульных абрысах захавана, каб была захавана сімволіка, базавыя наратывы — карацей кажучы, каб праз дзесяцігоддзі або стагоддзі фігураваць у гісторыі як «бацька-заснавальнік беларускай дзяржавы». Пытанне транзіту — яно заўсёды залежыць ад сітуацыйных фактараў, і наўрад ці ў Лукашэнкі калі-кольвечы быў адзін-адзіны план. Магчыма, і цяпер яго няма, але пасля 2020 года ён, так думаю, пачаў больш канкрэтна абдумваць розныя варыянты транзіту.