Адзінагалосна і безальтэрнатыўна. Такімі цяпер будуць выбары

Валерый Карбалевіч на «Позірку» разважае наконт памылак, якія дапускалі беларускія і расійскія ўлады падчас выбарчых кампаній, і адносна таго, хто ў каго вучыўся.

Не зусім зразумела: ці то Лукашэнка вучыцца ў Пуціна, ці то Пуцін — у Лукашэнкі, але вынік адзін і той жа. Ілюстрацыйная выява: «Dream AI»

Не зусім зразумела: ці то Лукашэнка вучыцца ў Пуціна, ці то Пуцін — у Лукашэнкі, але вынік адзін і той жа. Ілюстрацыйная выява: «Dream AI»

Барыса Надзеждзіна не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты Расіі. Што прагназавалі амаль усе назіральнікі. Такое прадказанне было зрабіць няцяжка, асабліва пасля таго, як у шэрагу расійскіх гарадоў з'явіліся чэргі жадаючых падпісацца за гэтага палітыка. Многія эксперты праводзяць паралелі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ў Беларусі, кажуць, што Уладзімір Пуцін вучыцца ў Аляксандра Лукашэнкі, імкнецца пазбегнуць яго памылак.

З аднаго боку, гэта сапраўды так. Але Пуцін абапіраецца на ўласны палітычны досвед. Хачу нагадаць, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2018 года ў Расіі да ўдзелу ў кампаніі не дапусцілі галоўнага апанента дзеючага прэзідэнта Аляксея Навальнага. Яму не дазволілі нават збіраць подпісы.

Беларусь і Расія: паралелі і адрозненні

Каментатары знаходзяць і іншыя падабенствы з беларускімі выбарамі. У прыватнасці, гучалі сцвярджэнні, што Надзеждзін — гэта расійская Святлана Ціханоўская.

Такія параўнанні маюць права на жыццё. Але правільней было б параўноўваць Надзеждзіна з Віктарам Бабарыкам або Валерыем Цапкалам. Абодва былі рэспектабельнымі прадстаўнікамі эліты (Бабарыка доўга ўзначальваў «Белгазпрамбанк», Цапкала ў свой час быў высокапастаўленым дыпламатам, кіраўніком «Парку высокіх тэхналогій»). У абодвух гэтых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2020-м была вельмі ўмераная праграма, што дазволіла прыцягнуць пад свае сцягі вельмі разнамасную ў плане палітычных каштоўнасцей публіку.


Глядзіце таксама

Тут узнікае пытанне: навошта Крэмль наогул пагадзіўся запусціць Надзеждзіна на электаральную арбіту? Бо можна было, як у 2018-м у гісторыі з Навальным, не даваць магчымасці нават збіраць подпісы. І тады б не было чэргаў, каб падпісацца ў падтрымку Надзеждзіна, не разгарэўся б ажыятаж вакол яго імя, выбарчая кампанія была б цалкам стэрыльнай. Навошта Крэмль спарадзіў гэтую праблему, якую цалкам можна было б купіраваць на ранняй стадыі?

У 2020-м неабдумана дазволілі раскруціцца Бабарыку

Уяўляецца, што тут Пуцін зрабіў тую ж памылку, што і Лукашэнка ў 2020-м. Бо калі б тады беларускі ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу Бабарыкі (так, напрыклад, адбылося з групай Сяргея Ціханоўскага), то, магчыма, не было б усяго таго, што здарылася ў жніўні-лістападзе таго памятнага года.

Бо ўлады не проста дазволілі камандзе Бабарыкі збіраць подпісы, а далі яму легальную магчымасць цягам месяца раскруціцца, прыцягнуць да сябе ўвагу. Праз сацыяльныя сеткі яму ўдалося прыцягнуць да збору подпісаў за некалькі дзён дзесяць тысяч чалавек. За месяц яго каманда сабрала 435 тысяч подпісаў (нагадаю, Надзеждзін сабраў на тэрыторыі Расіі, паводле сцвярджэнняў яго штаба, больш за 200 тысяч подпісаў, а здаў у ЦВК толькі 105 тысяч).

Такім чынам, Бабарыка стаў кандыдатам надзеі для вялікай колькасці незадаволеных у краіне. Грамадства ўбачыла ў ім рэальную альтэрнатыву Лукашэнку. І каб нейтралізаваць канкурэнта, рэжыму давялося яго арыштаваць, што толькі падліло масла ў агонь. Джын быў выпушчаны з бутэлькі, і каманда Лукашэнкі зразумела гэта занадта позна.

Калі Бабарыку не зарэгістравалі (ён сам да таго часу ўжо сядзеў за кратамі), па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі пратэсту. На другі дзень некалькі тысяч чалавек прыйшлі да будынка, дзе знаходзіцца ЦВК, для падачы скаргаў на незаконнае рашэнне, чарга расцягнулася больш чым на кіламетр. Было пададзена каля пяці тысяч заяў, пасля чаго ЦВК адмовілася прымаць скаргі. Тады людзі пайшлі да сталічнага Галоўпаштамта, каб адправіць скаргі поштай — але паштамт адразу зачынілі.


Глядзіце таксама

Рызыкну выказаць здагадку, што калі б улады не зарэгістравалі ініцыятыўную групу Бабарыкі, то ўсё б заглухла хутка. Пажар грамадскай незадаволенасці не паспеў бы разгарэцца, яго затушылі б на ранняй стадыі. Рэгістрацыя гэтай ініцыятыўнай групы была адной са шматлікіх памылак (магчыма, самай галоўнай), якія нарабіў Лукашэнка ў 2020 годзе.

Крамлёўскі эксперымент не атрымаўся

Думаю, цяпер і ў камандзе Пуціна шкадуюць, што далі Надзеждзіну магчымасць раскруціцца, ператварыўшы яго ў нейкі антываенны сімвал, прычым легальны.

У нейкай меры гэта было тэсціраванне, улада спрабавала вымераць узровень антываенных і антыпуцінскіх настрояў у грамадстве. Эксперымент быў прызнаны няўдалым, паколькі даў адмоўны вынік. І яго згарнулі. Больш элегантна, чым у Беларусі ў 2020 годзе. Надзеждзіна не давялося саджаць у турму. І нейкай хвалі пратэстаў супраць яго нерэгістрацыі не назіраецца.

Эксперымент быў рызыкоўным. Крэмль гуляе з агнём. Прычым не першы раз. Падобнага роду эксперымент з ПВК «Вагнер» аказаўся драматычным. І, дарэчы, кіраўнік гэтай прыватнай кампаніі Яўген Прыгожын быў значна больш інтэграваны ў сістэму, чым Надзеждзін. Але гэта мала дапамагло.

Кажуць, маўляў, у Надзеждзіна да пачатку выбарчай кампаніі не было рэйтынгу. Хачу нагадаць, што і ў Ціханоўскай (як і ў Бабарыкі) на старце выбараў таксама не было рэйтынгу, яе ніхто не ведаў, і яна сама не ўяўляла, ува што ўрэшце ўсё выльецца. Тагачасная «хатняя гаспадыня» набрала шмат галасоў таму, што маса людзей галасавала не столькі за яе, колькі супраць Лукашэнкі.


Глядзіце таксама

Яшчэ кажуць, што ў Пуціна рэальна высокі рэйтынг, не тое што ў Лукашэнкі да пачатку выбарчай кампаніі 2020 года. Але, магчыма, гэта феномен, які добра вядомы сацыёлагам, калі палітык не мае альтэрнатывы. Доўгія гады ў такой сітуацыі знаходзіўся Лукашэнка. Дамінаваў настрой, выказаны слоганам «Хто, калі не ён?». Але як толькі з'яўляецца альтэрнатыва, рэальны апанент, рэйтынг аўтарытарнага лідара пачынае сыпацца, прычым імкліва.

Забіваць цвікі па самую плешку

Што гэта азначае для Беларусі? Які ўрок вынес Лукашэнка з расійскай кампаніі? Што нас чакае ў прэзідэнцкай кампаніі 2025 года?

На мой погляд, для кіраўніка Беларусі больш важныя ўрокі, атрыманыя з уласных пралікаў 2020 года. І адну з высноў, якія зрабіў Лукашэнка, мы назіраем ужо падчас цяперашняй выбарчай кампаніі. Сэнс яе ў тым, што на выбарах не павінна быць ніякай апазіцыі, ніякай альтэрнатывы, цвікі трэба забіваць па самую плешку.


Глядзіце таксама

Выбары 2025 года ўпершыню пройдуць без апанентаў Лукашэнкі, хай нават слабых. Будуць спойлеры, спарынг-партнёры накшталт тых, якія цяпер ёсць у Пуціна.

Гэта могуць быць людзі старэйшыя за Лукашэнку, каб на іх фоне ён выглядаў маладым (кшталту Мікалая Харытонава ў Расіі, які на чатыры гады старэйшы за Пуціна). Або зусім ужо камічныя фігуры — як «казак» Мікалай Улаховіч на беларускіх выбарах 2015 года. Думаю, нават Алега Гайдукевіча не дапусцяць, бо на фоне Лукашэнкі ён выглядае маладым і энергічным.

Гэта будзе безальтэрнатыўнасць у чыстым выглядзе, без усялякіх дамешкаў.