Народ на сацапытанні адказваць не хоча — сядзіць, маўчыць, усякае сабе думае…

Можа, электаральны працэс для беларускіх уладаў — гэта проста спосаб зразумець, што народ сабе думае, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

marsz_adzinstva_6__1__logo_2.jpg

Ты, бывае, пытаеш, а я не магу табе адказаць. Таму што сам не магу зразумець, навошта яны так імкнуцца, каб мы з табой паўдзельнічалі ў іх электаральным працэсе.

Вось, здавалася б, без нас ім дакладна было б лепш. Таму што, як яны самі ўсе сумленна прызнаюцца, свой электаральны працэс яны ўсё роўна праводзяць для сябе. А мы з табой будзем ствараць электаральныя перашкоды.

Таму — з пункту гледжання логікі і здаровага сэнсу — было б разумна наогул не прыцягваць лішняй увагі. Задзейнічанне выбаршчыкаў у электаральным працэсе можа прывесці да ўсякіх цяжка прадказальных наступстваў. А так, самі сябе вылучылі — самі сябе падлічылі. І эканомія дзяржаўных фінансаў.

Але ж не. Яны ж стараюцца. І добра б, каб толькі тэлевізар. Тэлевізар заўсёды стараецца. Аднак жа тут задзейнічаны сведкі стабільнасці самага высокага ўзроўню. Якія нам распавядаюць пра вечныя каштоўнасці электаральнага працэсу з буфетам. Яны нават наладзілі сабе спаборніцкі элемент, каб мы маглі выбіраць паміж рознымі гатункамі... кандыдатаў.

І вось я не магу сабе зразумець — навошта? У мяне нават была такая думка, што гэта яны хочуць прывабіць да сябе народ, каб не шукаць потым лішні раз гэты народ па кватэрах. А так, пагадзіся, вельмі зручна.

Нікога шукаць не трэба, таму што ўсе самі добраахвотна прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Калі што, то гэта цяпер быў жарт. Ну, я так думаю, што гэта быў жарт. Ды не, ну хутчэй за ўсё ўсё ўсё ж такі жарт.


Пры гэтым жа, завабліваючы народ да сябе на ўчасткі, улады баяцца, што народ прыйдзе.

Таму арганізоўваюць сабе электаральны працэс як спецыяльную ваенную аперацыю. З мабілізаванай за тыдні да электаральнага працэсу міліцыяй, дзесяццю атрадамі спецыяльнага прызначэння і трывожнымі кнопкамі пад сталом. А калі ўсяго гэтага супраць народа не хопіць, то абяцаюць прымяніць “Вагнер”.

Гэта значыць, у інтарэсах асабістай бяспекі, лепш не тое, што не набліжацца да ўчастку, а наогул не выходзіць у гэты дзень на вуліцу. І на наступны дзень на ўсялякі выпадак таксама. І можа быць, нават за дзень да электаральнага працэсу. Карацей, запасціся прадуктамі на тыдзень — і прыгатавацца да аблогі.

І вось, здавалася б, калі ты так баішся гэтага народа, то навошта народ лішні раз прыцягваць? Але ж стараюцца. Прыцягваць.

І я вось таму трошкі здзіўляюся. Можа, электаральны працэс для іх — гэта проста спосаб зразумець, што народ сабе думае?

Таму што ніякіх іншых спосабаў жа не засталося. Народ даўно жыве ў адным свеце, а беларускія ўлады — у свеце свайго тэлевізара. На сацапытанні народ адказваць не хоча, на сустрэчах з даверанымі асобамі маўчыць. Сядзіць, маўчыць, усякае сабе думае. І цалкам жа немагчыма прадказаць, калі ён што-небудзь прыдумае.

А так, калі народ масава пойдзе ўдзельнічаць у электаральным працэсе, то можна будзе сабе вырашыць, што народ ужо, нарэшце, з усім змірыўся. Ну, калі ён гатовы ўдзельнічаць у электаральных працэсах, на якіх магчымасць выбару не прадугледжаная па вызначэнні, то, значыць, змірыўся. Не змірыўся б, так і не ўдзельнічаў бы.

Толькі вось на самай справе ніякай праўды яны ж усё роўна не дазнаюцца. Таму што ў тэлевізары ім пакажуць такую карцінку, якую яны захочуць убачыць. Хочацца вам народнага энтузіязму — будзе вам народны энтузіязм. А ніякіх спосабаў выйсці ў рэальны свет даўно ўжо не засталося. Задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.