Блогер Пятрухін: «Паветра свабоды» — зусім не вобразны выраз для таго, хто ўцёк з Беларусі
Былы палітвязень, блогер, адзін з аўтараў ютуб-канала «Народны рэпарцёр» Сяргей Пятрухін вырашыў з’ехаць з Беларусі, таму што стаміўся чакаць змянення сітуацыі. Пра гэта ён распавёў у каментары «Позірку» з нагоды сваёй эміграцыі.
Паводле слоў блогера, калі ў снежні 2022 года ён
выйшаў з турмы, то «на фоне пазітыўнага настрою, які панаваў у інтэрнэце наконт
контрнаступу, поспехаў Украіны на фронце», планаваў заставацца ў Беларусі.
«Для мяне было важна, каб людзі бачылі, што я не з’ехаў, — адзначыў Пятрухін. — Неістотна, што я маўчу. Але я побач, хаджу ў крамы, хоць і не актыўнічаю, бо ўсе разумеюць, што актыўнічаць нельга».
Блогер паведаміў, што падставай для прыняцця рашэння аб эвакуацыі сталі масавыя арышты «за «Е-дастаўку» 23 і 24 студзеня». Былога палітвязня выклікалі ў міліцыю «ў пятніцу [26 студзеня] пасля абеду».
«Я падумаў, што ўсё — «на падвал», то-бок «на ІЧУ» (у ізалятар часовага ўтрымання. — «Позірк»), але — не. Мяне адпусцілі. Узялі тэст ДНК, адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі: роўна праз год паўтарылі працэдуру, якую яны зрабілі, калі я выйшаў з турмы», — адзначыў Пятрухін.
Суразмоўца прызнаўся, што ў той момант «вельмі шкадаваў, што не з’ехаў».
«Мне стала вельмі страшна. Я тады ўсвядоміў, што нічога не змянілася. Ці я ў турме, ці хаджу па вуліцы — я абсалютна бездапаможная істота, ад якой нічога не залежыць і якую могуць за адну хвіліну проста растаптаць», — падзяліўся блогер.
«Калі раней у мяне былі думкі, што я такі герой і няхай мяне забяруць у турму і я там памру, але застануся такім «чоткім беларусам», у той момант я рэзка стаў думаць інакш, — сказаў Пятрухін. — Што я памру ў турме, сярод чужых, абыякавых людзей, з гэтымі бяздушнымі садыстамі-лекарамі. Мяне «трыгернула», і, ужо калі я ішоў ад мянтоў, ведаў, што буду звяртацца да людзей, якія могуць дапамагчы [з эвакуацыяй]».
Пятрухін падкрэсліў, што «паветра свабоды» — зусім не вобразны выраз для таго, хто эвакуюецца з сённяшняй Беларусі.
«Калі я выйшаў з цягніка, як бы гэта пафасна не гучала, я адчуў зусім іншае паветра, — адзначыў ён. — Калі табе не трэба чысціць тэлефон, думаць, каго глядзець, а каго не — такая палёгка. Гэты страх, вельмі адмоўная эмоцыя, цябе проста зжырае, і ты трасешся. Вельмі дрэнныя адчуванні. І тут (за мяжой. — Рэд.), канешне, усё па-іншаму».
Былы палітзняволены паведаміў, што не збіраецца пакідаць сферу медыя. Але ў плане далейшай працы «ёсць вялікая праблема пад назвай «кантэнт» і паўстае пытанне: што рабіць далей?».
«Адна справа — быць блогерам і дапамагаць людзям, як мы рабілі раней [з Аляксандрам Кабанавым], калі прыходзілі да нас людзі і не баяліся выказаць свае праблемы. Зусім іншая справа — быць на тэрыторыі іншай дзяржавы, і нават калі атрымаеш інфармацыю «з-за парэбрыка», паўстае пытанне, як яе скарыстаць, каб ніхто не пацярпеў. Пакуль што я ў цяжкім становішчы, бо трэба цалкам перафарматавацца. Будзе вельмі крыўдна, калі ў нас з Сашам не атрымаецца, бо жаданне ёсць, сілы — таксама. Ці хопіць нам крэатыву — пытанне», — сказаў Пятрухін.
Найвялікшае жаданне блогера — «даносіць інфармацыю аб антычалавечым рэжыме Лукашэнкі да людзей, якія жывуць па прынцыпе «мая хата з краю».
«Адкрываць ім вочы, каб тое, што здарылася ў Беларусі ў XXI стагоддзі, не мела шанцаў на паўтор, — падкрэсліў суразмоўца. — Таму што абраць такога звера ў Еўропе такому працавітаму, сумленнаму і годнаму народу, як беларусы, і мець такое жыццё — часам думаеш: за што караеш, Божа».
Пятрухіну «важна данесці» да «ватных» (прасавецкіх, праімперскіх. — Рэд.) людзей, што ўлада — гэта «крыважэрныя звяры, злачынцы, якім не месца ў грамадстве», і патлумачыць, што «гэтая дзяржава зараз мафіёзная, улада рабуе людзей, а потым з нарабаванага выдае ім заробкі».
«Гэта не нармальныя дзяржаўныя інстытуты, а бандыты. Мэта працы — без агрэсіі тлумачыць і тлумачыць. Людзі стаміліся ад адмоўных навін, ад мянтоў, іх шаўронаў і тупых абліччаў. Трэба знайсці нейкія прыёмы, каб зацікавіць людзей», — падсумаваў Пятрухін.
Аб паспяховай эвакуацыі блогера з Беларусі паведаміў сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol, праваабаронца Андрэй Стрыжак. Эвакуацыя адбылася 10 лютага.
Аўтары ютуб-канала «Народны рэпарцёр» жыхары Брэста Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў былі затрыманы ў чэрвені 2020 года. Фармальныя прычыны былі розныя, аднак пазней абодвух звязалі з падзеямі 29 траўня ў Гродне, калі былі затрыманы відэаблогер, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Сяргей Ціханоўскі і прадстаўнікі яго каманды.
14 красавіка 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў Пятрухіна і Кабанава вінаватымі паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэкса. Пятрухіна дадаткова прызналі вінаватым паводле арт. 391 («Абраза суддзі»). Абодвух прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Пятрухін адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі №3. Кабанаў першапачаткова быў у наваполацкай калоніі №1, але пазней яму зрабілі больш жорсткім рэжым. Апошнюю частку тэрміну ён утрымліваўся ў магілёўскай турме №4.
Блогеры выйшлі на волю 17 снежня 2022 года. Неўзабаве пасля гэтага Кабанаў пакінуў Беларусь, цяпер ён працуе ў аб’яднанні былых сілавікоў BelPol.
Як адзначае фонд BySol, Пятрухін пачынае жыццё на новым месцы і звяртаецца да ўсіх па дапамогу. На раніцу 15 лютага сабрана 1.794 з 3.000 еўра.