«Вітольд марыў паказаць мне Бярозаўку»

Былы палітвязень Аляксей Галоўкін распавёў пра свае сяброўства з Вітольдам Ашуркам. Яны пазнаёміліся ў гродзенскай турме ў снежні 2020 года. «Вітольд быў першым палітвязнем, якога я сустрэў у зняволенні. Мы заехалі з ім у СІЗА ў адзін дзень з розніцай прыкладна ў адну гадзіну. Толькі мяне толькі закінулі ў камеру, як адчыніліся дзверы і зайшоў Вітольд», — успамінае Аляксей.

Вітольд Ашурак. Фота Вольгі Быкоўскай

Вітольд Ашурак. Фота Вольгі Быкоўскай

«Гэта найразумнейшы, найінтэлігентнейшы чалавек, сапраўдны патрыёт. Сядзелі мы разам даволі доўга, са снежня 2020-га па красавік 2021-га, пакуль Вітольда не забралі на этап у шклоўскую калонію. 

Мы шчыльна пасябравалі. 

Пра Вітольда Ашурка магу сказаць толькі самае лепшае. Мы ўвесь час пра штосьці размаўлялі, таму што ён вельмі цікавы чалавек. Пра будучыню Беларусі, яе мінулае, гісторыю. Вітольд вельмі начытаны і эрудаваны. 

На пачатку адседкі нам яшчэ аддавалі лісты. Вітольду іх заўсёды прыходзіла вельмі шмат. Ён заўжды адказваў на кожны ліст, ён вельмі даражыў гэтай падтрымкай, кожным чалавекам. 

Мы будавалі планы, што будзем рабіць пасля вызвалення. Марылі. Вітольд абяцаў, што пасля выхаду з-за кратаў ён пакажа мне Ліду і сваю родную Бярозаўку», — успамінае Аляксей.

Глядзіце таксама

«Мы з Вітольдам увесь час захоўвалі пазітыўны настрой: былі ўпэўненыя, што хутка ўсё скончыцца, што мы не будзем сядзець доўга. Думалі: ну вось, яшчэ пару месяцаў пасядзім — і ўсё, муры рухнуць. Усведамленне таго, што гэтага не адбудзецца, прыйшло толькі з часам».

Аб тым, што Вітольд Ашурак загінуў, Аляксей даведаўся ад свайго адваката. Кажа, да гэтых часоў не можа паверыць, што Вітольда больш няма. Гібель свайго сябра Аляксей называе не іначай, як забойства. 

«У маі 2021 года адбывалася апошняе судовае пасяджэнне па маёй справе, там адвакат і паведаміў мне трагічную навіну… Я разумеў, што да Вітольда турэмнікі будуць ужываць вельмі жорсткія захады, але не чакаў, што яго так цынічна заб’юць. Я да гэтых часоў шакаваны», — апавядае былы палітвязень.

«Вітольд дужа кахаў сваю жонку Волю. Кожны дзень з вялікай цеплынёй згадваў пра яе. Вітольд ніколі нікому не перамываў косткі, не казаў пра людзей кепскага. Альбо добра, альбо нічога», — дзеліцца ўспамінамі Аляксей. 

*****

Вітольд Ашурак — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя суда Лідскага раёна Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію.

21 траўня 2021 года, на 244-ты дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся.

Родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце яго смерці таксама да гэтага часу няма.

Менавіта Вітольд быў першым палітзняволеным за падзеі 2020 года, хто распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі.