Экс-палітвязень назваў імёны тых, хто здзекаваўся з Уладзіміра Гундара за кратамі

Былы палітвязень Аляксей Галоўкін у снежні 2023 года экстранна з'ехаў з Беларусі. Цяпер ён жыве ў Швейцарыі. Аляксей даў вялікае інтэрв'ю «Новаму Часу». У тым ліку ён распавёў, як годна трымаецца ў няволі Уладзімір Гундар, з якім Аляксей пазнаёміўся ў бабруйскай калоніі. 

Аляксей Галоўкін з партрэтам Уладзіміра Гундара. Фота Вольгі Класкоўскай

Аляксей Галоўкін з партрэтам Уладзіміра Гундара. Фота Вольгі Класкоўскай

«З Уладзімірам Гундарам мы сядзелі ў адным атрадзе для інвалідаў. Але сустрэліся ў калоніі ўжо напярэдадні майго вызвалення. Рэч у тым, што Уладзіміра вельмі доўга марынавалі ў СІЗА, таму ў калонію ён заехаў даволі позна», — кажа Аляксей Галоўкін. 

Узгадваючы спадара Уладзіміра, суразмоўца зазначае, што «гэты чалавек не баіцца абсалютна нікога і нічога, турэмнай адміністрацыі для яго не існуе, яны для яго ніхто». 

«Праз сваю прынцыповасць і мужнасць ён не вылазіць з ШІЗА… Думаю, што зараз ён хутчэй за ўсё знаходзіцца ў ПКТ», — працягвае хлопец і дадае, што «з Уладзіміра ўвесь час здзекаваўся так званы актыў — зняволеныя, што працуюць на адміністрацыю». 

«Гэта ўсё адбывалася на маіх вачах: на яго крычалі, абражалі, пагражалі збіць, папракалі, што павольна ходзіць (у Уладзіміра Гундара няма адной нагі — В.К.). У гэтых здзеках бралі непасрэдны ўдзел загадчык гаспадаркі 16-га атрада Ермалаеў — брыдкая асоба, што ходзіць па зоне ў чырвона-зялёных шортах і выбівае ў асуджаных грошы на рамонты, а калі зэкі не пагаджаюцца, ён ім усяляк помсціць. І старэйшы секцыі, у якой жыў Вова. Яго завуць Антонас Юадайціс, літовец з беларускім грамадзянствам, які дужа любіў Лукашэнку і лаяў Літву. Ён увесь час даносіў на Гундара. Уладзімір прасіў мяне апублічыць гэтую інфармацыю».

«Валодзя вельмі стойкі чалавек, — працягвае Аляксей. — Ён увесь час казаў нам, што ўсё будзе добра, трымаецца ён вельмі годна і духам не падае».

Глядзіце таксама

*****

Уладзімір Тадэвушавіч Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па "справе Аўтуховіча" — нібыта за падрыхтоўку тэракту. 17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд (суддзя Максім Філатаў) агучыў прысуд фігурантам справы. Уладзіміра Гундару прызначылі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Пазней Гундара дадаткова асудзілі нібыта за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка яшчэ надва з паловай гады пазбаўлення волі. Такім чынам, агульны тэрмін склаў 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Уладзіміра адправілі з бабруйскай калоніі №2 у магілёўскую турму №4. 

Адрас для лістоў: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Гундар Уладзімір Тадэвушавіч.