Бацька Марыі Калесьнікавай: «Магу толькі маліцца, каб дачка засталася жывая»

Ад палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай ужо год няма ніякіх вестак. Апошні ліст ад яе прыйшоў у сям'ю 15 лютага 2023 году, нагадвае «Свабода».

Марыя Калесьнікава. Фота: «Свабода»

Марыя Калесьнікава. Фота: «Свабода»

Кіраўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году. Праз год Менскі абласны суд прызначыў ёй 11 гадоў зьняволеньня. Пазьней КДБ дадаў Марыю ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Летась палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву тэрмінова апэравалі ў гомельскай бальніцы хуткай дапамогі.

Сваякам Марыі Калесьнікавай апошні ліст ад яе прыйшоў 15 лютага 2023 году. Бацьку, які жыве ў Беларусі, бачыцца з Марыяй не даюць:

«Я магу толькі маліцца, каб мая дачка засталася жывая, таму што адміністрацыя турмы ў Гомлі не дазваляе спатканьні і не адказвае на мае лісты і просьбы», — заявіў агенцтву «Associated Press»бацька Марыі Аляксандар Калесьнікаў у тэлефонным інтэрвію з Менску.

Глядзіце таксама

У мінулым лістападзе палітзьняволеную зьмясьцілі ў ШІЗА гомельскай жаночай калёніі, адкуль яе даставілі ў хірургічнае адзьдзяленьне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Там яе праапэравалі з прычыны прабадной язвы і пэрытаніту. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжаньне ў ШІЗА.

Таксама доўгі час няма зьвестак пра Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыку, Вольгу Маёраву.

Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова патрабаваў ад беларускіх уладаў прыняць «тэрміновыя меры абароны» для тых, хто знаходзіцца за кратамі без права зносінаў, але не атрымаў адказу.

«Утрыманьне пад вартай бяз права зносінаў — з рызыкай гвалтоўнага зьнікненьня — сьведчыць аб стратэгіі пакараньня палітычных апанэнтаў і ўтойваньня доказаў жорсткага абыходжаньня з імі, катаваньняў з боку праваахоўных органаў і турэмных уладаў», — гаворыцца ў заяве камітэту.


Глядзіце таксама

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.