Хронікі рэпрэсій за 14 лютага
Не менш за 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз харчовыя перадачы з Е-дастаўкі, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў семінараў ініцыятывы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі», паведамляюць праваабаронцы.
- Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
Падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня пад пераслед трапілі не менш за 257 чалавек, большасць з якіх — жанчыны.
Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманняў стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
З пачатку лютага людзей па ўсёй Беларусі пачалі масава судзіць за «выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт. 24.15 КаАП. Паводле праваабаронцаў, пад судовы пераслед патрапілі не менш за 65 чалавек. Па рашэннях судоў некаторым ужо прызначылі вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы «замежнай» аплаты.
- У Жыткавічах затрымалі лекарку-педыятра Ірыну Цішкоўскую
13 лютага ў судзе Жыткавіцкага раёна на жанчыну было накладзена адміністрацыйнае спагнанне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмістскіх матэрыялаў»). Пастанову выносіла суддзя Ганна Чорная. Вынік суда высвятляецца, піша @viasnaHomel.
Вядома, што раней Ірыну неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
- «Палку ніхто не перагінае». Работніка БМЗ, якога абяцалі адпусціць пасля затрымання, пачынаюць судзіць па крымінальным артыкуле
Дзмітрыя Шчарбіна, які працаваў на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне і быў жорстка затрыманы сілавікамі, 16 лютага пачнуць судзіць па артыкуле 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», піша @flagshtok.
Дзмітрыя затрымалі ў кастрычніку — пры гэтым паведамлялася, што «пасля адкрытай гутаркі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і дакладнай ацэнкі сваіх дзеянняў ён можа спакойна жыць і працаваць. Так што міліцыя выкарыстоўвае не толькі сілавыя метады, але і размовы па душах. Палку ніхто не перагінае».
- У Брэсце затрымалі беларуса, які вярнуўся з Польшчы на радзіму — на відэа сілавікі ўдарылі яго каленам у жывот
Праўладныя тэлеграм-каналы распавялі пра затрыманне мужчыны, які нядаўна вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы — яны сцвярджаюць, што ён «быў на мітынгах і насіў БЧБ-сцягі».
На відэа затрымання бачна, што сілавік б'е беларуса каленам у жывот.
- Менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»
Затрыманая — 34-гадовая берасцейка Дзіяна Завадская. Працуе ў EPAM і ўзначальвае там каманду тэсціроўшчыкаў. Дзіяна перайшла ў IT з маркетынгу, працуе ў сферы ўжо больш за 7 гадоў.
Пасля пачатку вайны яна разам з сынам, якому цяпер 7 гадоў, выехала ў Тбілісі. Але ў нейкі момант вырашыла вярнуцца ў Беларусь, хоць час ад часу выязджала за мяжу.
Суд над Дзіянай распачынаецца 26 лютага ў Брэсцкім абласным судзе. Яе судзяц паводле двух артыкулах: «народны» за грубае парушэнне грамадскага парадку (арт. 342) і другая частка артыкулу 361-3, «фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайсковых канфліктаў». Па другім артыкуле ёй пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі, піша @nashaniva.
- Сілавікі затрымалі дзвюх супрацоўніц МТБанка
Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманыя — Таццяна Паўлава і Надзея Азарко. Адна з жанчын на «палонным відэа» «прызнаецца» ў тым, што разам з калегай выходзіла на акцыю пратэсту 16 жніўня 2020 года.
- Cілавікі затрымалі віцебскага блогера і на «пакаяльным відэа» прымусілі яго запрасіць людзей на выбары
Праўладны тэлеграм-каналы паведаміў пра затрыманне блогера Віталя Усціновіча, які мае каля 48 тысяч падпісантаў. Мужчына здымае ролікі пра кошты ў крамах, зімовую рыбалку і жыццё мястэчак у Віцебскай вобласці.
На «палонным відэа» мужчына «прызнаецца» ў тым, што пісаў абразлівыя каментары ў 2020 годзе. У канцы відэа яго прымушаюць сказаць падпісантам, каб яны не пісалі негатыўныя каментары пра затрыманне мужчыны, бо тады яны «паедуць да яго ў ІЧУ», а таксама заклікае іх ісці на выбары.
- Упершыню на выбарах будуць галасаваць затрыманыя ў СІЗА
Згодна з унесенымі зменамі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю ў адпаведнасці з рашэннем рэферэндуму ад 4 сакавіка 2022 года, знята абмежаванне для ўдзелу ў галасаванні для асоб, у дачыненні да якіх абраная мера стрымання — утрыманне пад вартай. Так, на гэтых выбарах дадасца яшчэ 10 участкаў для галасавання па колькасці следчых ізалятараў і турмаў у Беларусі. Яшчэ невядома, як будуць арганізаваныя ўчасткі для галасавання ў СІЗА, наладжаны працэс галасавання і ці будуць туды дапушчаныя назіральнікі.
Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка адзначаў, што вяртанне права абіраць зняволеным пад варту — гэта адно з нямногіх змяненняў у Канстытуцыю, якое варта ацаніць станоўча, але пры гэтым варта ўлічваць шэраг нюансаў: «Гэта выпраўленне грубай памылкі заканадаўцаў, якія абмежавалі ў грамадзянскіх правах людзей, што не прызнаныя вінаватымі выракам суда, які ўступіў у законную сілу. Гэта закране амаль 5 000 чалавек. Аднак яшчэ большую каштоўнасць такая змена мела б, калі б суправаджалася іншымі зменамі выбарчага заканадаўства, якія як мінімум гарантавалі б правільны падлік вынікаў волевыяўлення гэтых людзей».
- Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў ініцыятывы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі»
Удзельнікам трэнінгаў інкрымінавана ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»).
Паведамляецца, што да фігурантаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, будзе прымененая працэдура спецыяльнай вытворчасці.
Пазней прапагандысты паказалі людзей, якія нібыта прайшлі курс лекцый ініцыятывы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі». Кадры іх допытаў былі паказаныя па АНТ.