Барыс Акунін: Нікога ў агляднай будучыні не вызваляць, не выпусцяць, не памілуюць
У Расіі ўзяты свядомы, паслядоўны дзяржаўны курс на запалохванне. Пісьменнік Барыс Акунін пра тое, у чым палягае логіка неверагодна жорсткіх прысудаў нязгодным з палітычным курсам краіны.

Барыс Акунін
Пазаўчора ў пуцінскай Феміды быў чарговы людаедскі банкет. Жэні Бярковіч і Святлане Петрыйчук, якія наогул незразумела за што сядзяць — за спектакль! — зноў пакінулі ў сіле тэрмін арышту. Прафесара Барыса Кагарліцкага, нядаўна выпушчанага з турмы, забралі назад ды прысудзілі пяць гадоў.
Гэтая быццам бы ірацыянальная жорсткасць толькі здаецца абсурднай. Рацыянальнасць тут ёсць, і яна палягае менавіта ў жорсткасці.
Збоем рацыянальнасці было тое, што Кагарліцкага на нейкі час выпусцілі, а цяпер логіка аднавілася.
Нікога ў агляднай будучыні не вызваляць, не выпусцяць, не памілуюць. Узяты свядомы, паслядоўны дзяржаўны курс на запалохванне. Гэта палітычныя замаразкі; усялякая адліга, нават эпізадычная, выключаецца — яна аслабіла б эфект застрашвання.
Што можам зрабіць мы? Падтрымліваць тых, хто трапіў у зубы да канібалаў.
У зборніку «Аўтограф для палітвязняў» вязні сумлення адказваюць на пытанні.
Думайце пра гэтых людзей. Пішыце ім.

Кагарліцкі Барыс Юр'евіч
... Паспрабую адказаць на пытанні, але адразу прызнаюся, што зрабіць гэта будзе вельмі цяжка. Фармулёўка пытанняў прадугледжвае толькі кароткі адназначны адказ альбо па-філасофску вялізныя развагі на дзясяткі старонак. Кароткія адказы мне здаюцца неадэкватнымі, а пісаць філасофскі трактат я цяпер не гатовы, ды і не мой гэта жанр. Але ўсё ж адкажу на анкету па магчымасці (просьба: калі будуць публікавацца адказы, то абавязкова з гэтай прэамбулай).
— Як бы вы самі сябе вызначылі? Хто вы?
— Чалавек. Калі вас цікавяць мае палітычныя погляды — сацыяліст, дэмакрат, марксіст. Калі вас цікавяць мае навуковыя заняткі — сацыёлаг, палітолаг, гісторык.
— У што вы верыце?
— Людзі могуць верыць у розныя рэчы, часта нават у ідэі, якія супярэчаць адна адной. Я наогул не вельмі спадзяюся на веру, аддаю перавагу веданню. Можна сказаць, што я веру ў навуку, розум, прагрэс. Але зноў жа адсылка да веры ў дадзеным выпадку парадаксальная. Трэба ведаць і разумець.
— На што вы абапіраецеся, прымаючы самыя важныя рашэнні — на розум або на ўнутранае пачуццё?
— Важныя рашэнні вызначаюцца ідэйнымі і этычнымі прынцыпамі. Хоць бываюць важныя рашэнні, якія не маюць дачынення да навукі і палітыкі. Усё, што тычыцца асабістага жыцця, сям'і, сяброў, котак. У любым выпадку, розум неабходны, але як жа без інтуіцыі? Без уласнага «малога» этычнага кодэкса, які рэгулюе бытавыя пытанні? І ўрэшце без тактыкі — да чаго мы хочам прыйсці, што атрымаецца са зробленага. Вельмі важная адказнасць перад іншымі і нават перад самім сабой.
— Што для вас самае галоўнае ў жыцці?
— У маім жыцці вельмі шмат галоўнага: і мая палітычная дзейнасць, і мае кнігі, і блізкія мне людзі, як і жывёлы. Усе і ўсё галоўнае.
— Што прыносіць вам больш за ўсё радасці?
— Само жыццё, яно поўнае цікавага вопыту, перажыванняў, ведаў, уражанняў.
— Што вас больш за ўсё засмучае?
— Больш за ўсё засмучаюць свае памылкі. Стараюся іх прызнаваць і выпраўляць, хоць прызнаваць непрыемна. І бывае крыўдна за час, праведзены без сэнсу і задавальнення. Але гэта здараецца рэдка.
— Што, па-вашаму, прыносіць чалавеку і чалавецтву больш за ўсё зла?
— Зло — паняцце маральна-філасофскае. Носьбіты зла ўпэўнены, што ў канчатковым выніку дзейнічаюць на карысць (успомнім гётэўскага Мефістофеля). І часта гэта нават на самай справе ў маштабах гістарычнага працэсу бывае так. Але бяда ў тым, што зло ў маральным плане ўсё роўна застаецца злом.
— А больш за ўсё карысці?
— Карысці — для каго? Для прыгнятальнікаў або прыгнечаных? Для эксплуататараў або эксплуатаваных? Грамадства падзелена інтарэсамі. Важна — на чыім вы баку. Мой прынцып — быць на баку эксплуатуемай і часта пазбаўленай свайго голасу большасці.
— Які з відаў мастацтва ўздзейнічае на вас мацней за ўсё?
— Я люблю кіно і жывапіс. Таксама архітэктуру. Зусім не разбіраюся ў музыцы. На жаль, вельмі рэдка бываю ў тэатры. І так, вядома, літаратура — наша ўсё.
— Ці ёсць у вас любімая цытата або максіма? Якая?
— У мяне няма ўлюбёнай цытаты. Ёсць некалькі дзясяткаў любімых выказванняў класікаў грамадскай думкі. Калі ўжо вам так хочацца, прывяду два. Маркс у XI тэзісе пра Феербаха напісаў, што філосафы па-рознаму тлумачылі свет, а справа ў тым, каб яго змяняць. А Макс Вэбер у «Палітыцы як пакліканні і прафесіі» кажа аб адказнасці за наступствы сваіх дзеянняў. Не толькі за самі дзеянні, але і за іх наступствы. Гэта вельмі важна.
— Якая з прачытаных кніг стала для вас самай важнай?
— Дзясяткі, можа быць, сотні кніг. Ну зноў жа, калі ўжо патрабуецца называць нейкія дзве-тры кнігі, то давайце назаву: «Капітал» Маркса, «Уцёкі ад свабоды» Фрома, «Рабінзон Круза» Дэфо, «Левіяфан» Гобса.
— Ці ёсць — у мінулым або сучаснасці — чалавек, якога вы лічыце ўзорам для пераймання?
— Мноства людзей. Яны ўсе розныя. І вучаць нас рознаму. Кожны — нечаму свайму. Гэта можа быць Чэрчыль, а можа быць Чэ Гевара. У мяне няма героя-іконы. Ёсць дзясяткі людзей мінулага, якімі я захапляюся, у якіх спрабую вучыцца.
— Ну і трынаццатае пытанне. Што для вас сёння Расія?
— Сёння тое самае, што і ўчора. Краіна, дзе я ўсё жыццё жыву і для будучыні якой працую.