Бацька Марыі Калеснікавай: «Сваімі ўчынкамі Маша мяне падтрымлівае і натхняе!»

Ужо год, як Аляксандр Калеснікаў не бачыў дачку. Але кожны дзень ходзіць да будынку суда з кветкамі.

maryja_aljaksandr_kalesnika_.jpg.webp

Бацька Марыі Калеснікавай распавёў «Народнай Волі», як у Мінскім абласным судзе праходзіць закрыты працэс над яго дачкой і Максімам Знакам.

Прадстаўнікоў каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, членаў прэзідыума Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч.3 арт.361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч.1 арт.357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім). Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Разглядае справу суддзя Сяргей Епіхаў.

Ужо больш за год бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў пазбаўлены магчымасці бачыць сваю дачку. У будынак суда яго, як і іншых, не прапускаюць.

— Мы звычайна з блізкімі і знаёмымі збіраемся на вуліцы ля будынка суда, — кажа Аляксандр Паўлавіч. — Падыходзяць сябры, аднадумцы…

Напрыканцы мінулага тыдня падышлі дзве маладыя дзяўчыны, а ўжо вечарам я даведаўся, што іх затрымалі, а затым асудзілі. Выкладчыцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Валерыі Крамянеўскай далі 14 сутак арышту, а Аляксандры Мішчанка — 30 сутак.

Я быў на судзе над дзяўчатамі, пазнаёміўся з іх бацькамі, супакоіў, наколькі гэта было магчыма. А ўвогуле, тое, што дзяўчат судзілі за пікетаванне, гэта не паддаецца ніякай логіцы. У такім выпадку любую сустрэчу сяброў на вуліцы можна падвесці пад гэты артыкул.

— Так і не ўдалося хаця б убачыць дачку?

— Не дазваляюць. Гэта альбо палахлівасць улад, альбо нежаданне даваць лішнюю падставу для таго, каб у СМІ трапляла інфармацыя пра гэты суд.

Але ў любым выпадку, я кожны дзень прыходжу да будынка суда. Зараз стараюся трымацца ад яго далей, каб не падстаўляць выпадковых людзей, якія захочуць да мяне падысці і могуць быць арыштаваны за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Адвакатаў сустракаю таксама далей ад будынка суда, а паколькі дачку абараняюць дзве жанчыны, то штодзень прыношу ім кветкі і прашу, каб яны абавязкова памахалі букетам Марыі і такім чынам паведамілі, што тата заўсёды побач.

— У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што Марыя спявае канваірам і Гендэля, і вакаліз Рахманінава, і танга нуэва «Libertango» Астара П’яцолы… Аптымізму не губляе?

— Я ніколі не думаў, што нават у такі складаны для дачкі перыяд я буду да гэтага так узвышана ставіцца. Вы не ўяўляеце, наколькі сваімі ўчынкамі Маша мяне падтрымлівае і натхняе! Яна паказвае сваю ўнутраную свабоду. Усё гэта выклікае і ўсмешку, і радасць, а дэпрэсіі зусім няма.

— Ці даходзіць нейкая інфармацыя пра тое, як праходзіць сам працэс?

— Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму дэталі суда невядомыя. Але для мяне галоўнае — ведаць, як адчуваюць сябе Марыя і Максім. А настрой у іх бадзёры!

Я цудоўна разумею, што мы мала на што можам паўплываць, а ўсё астатняе — на сумленні суддзяў. Хаця ўнутрана я гатовы да таго, што будзе ў судовым рашэнні пры горшым раскладзе. І пра гэта рашэнне, магчыма, даведаемся ўжо праз два-тры тыдні, улічваючы, што суды над Машай і Максімам праходзяць практычна кожны дзень.

«Народная Воля»