Маці непаўналетняга палітвязня Максіма Шатохіна: «За што тут тры гады калоніі?»
12 жніўня ў Ленінскім судзе Брэста агучылі прысуд трэцяй групе абвінавачаных ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Сярод 10 асуджаных быў і 17-гадовы Максім Шатохін, якога суддзя Святаслаў Каліна пакараў 3 гадамі пазбаўленьня волі.
Маці хлопца Кацярына Марчук расказала «Свабодзе» пра затрыманне сына і суд над ім.
«На суд я заўсёды з сабой брала ўсмешку»
«Мы чакалі падобнага прысуду, таму я Максіма адразу рыхтавала: ніякіх слёз і расчараванняў, — успамінае Кацярына Марчук, маці 17-гадовага Максіма Шатохіна. — Усе перажыванні я пакідала дома, а на суд заўсёды брала з сабой усмешку. Сын на прысудзе таксама ўсміхаўся, не было ніводнай слязінкі. Вядома, ён спадзяецца, што не будзе столькі сядзець».
На момант акцый пратэсту ў Брэсце летась 10 жніўня Максіму
было 16 гадоў. Кацярына кажа, што ў той дзень сын сустрэўся з сябрамі ў сваім
раёне. Пазней хлопцы вырашылі паехаць пагуляць у цэнтр.
«Там яны ўбачылі вялікую колькасць людзей. Яны ўтрох (у абвінавачваньні Максіму прыпісвалі сувязь з 12 хлопцамі ва ўзросце ад 17 да 30 гадоў) вырашылі паздымаць відэа. Пазней Максім падняў з зямлі камень і кінуў яго ў шэраг супрацоўнікаў міліцыі. Сілавікі знаходзіліся на адлегласці больш за 100 метраў, і, вядома, ён бы ў іх не трапіў», — кажа Кацярына.
«Можна так пабіць, што і слядоў не застанецца»
Пасля прагулкі па набярэжнай хлопцы вырашылі вяртацца па мосце дадому. Аднак там іх затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Кацярына расказала, што Максіма і яго сяброў запхнулі ў аўтазак, ударыўшы па спіне дубінкай. Пазней хлопцаў завезлі ў спартзалу Ленінскага РАУС і паклалі на падлогу ў пазіцыі «планка». У нейкі момант Максім адчуў боль у грудзях, яму стала цяжка дыхаць. Кацярына мяркуе, што сілавікі пабаяліся, што ён непаўналетні, таму выклікалі «хуткую».
«А 5-й раніцы мне патэлефанавалі з лякарні і сказалі, каб
забірала дзіця. Пасля рэнтгену Максіму напісалі ў дыягназе: двухбаковы ўдар
грудной клеткі. Відавочных слядоў збіцьця, сінякоў у яго не было. Засталіся
толькі кровападцёкі на грудзях у выглядзе чырвоных кропак, як быццам рэменем
пераціснулі, — кажа Кацярына. — На адным з апошніх пасяджэнняў суддзя ў мяне
спытаў, у чым выяўлялася збіццё. Маўляў, калі палкай ударыць па спіне, то
будзе бачна. Але гэта няпраўда. Можна так пабіць, што і слядоў не застанецца»,
— кажа жанчына.
Пасля здарэння Кацярына з дапамогай адваката звярнулася ў Следчы камітэт па факце збіцця сына.
«Заяву мы пісалі вельмі акуратна, каб, не дай бог, іх
[сілавікоў] пачуццяў не закрануць і ні на кога не паказаць пальцам. Я проста
хацела, каб яны разабраліся», — кажа суразмоўца.
Аднак канкрэтнага адказу з ведамства Кацярына да гэтага часу
не атрымала.
«Сэрцам спадзяваліся, што нешта зменіцца»
Суд над трэцяй партыяй абвінавачаных у масавых беспарадках, у якую ўваходзіў Максім і яшчэ 12 фігурантаў, пачаўся 28 мая. Пасяджэнні неаднаразова пераносілі з прычыны хваробы абвінавачаных. Пазней справы некаторых з іх вынеслі ў асобнае вядзенне.
Нягледзячы на тое, што да поўнага завяршэння суду
заставалася ўсяго пару судовых пасяджэнняў, 19 ліпеня, праз замену народнага
засядацеля, разгляд справы вырашылі пачаць нанава.
Да 19 ліпеня палову фігурантаў, у тым ліку Максіма, не
змяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі (з падпіскай аб нявыездзе і пад
паручальніцтвам). Аднак пракурор хадайнічаў аб узяцці іх пад варту. Дзяржаўнае
абвінавачанне матывавала гэта тым, што, паводле звестак ГУБАЗіК, фігуранты
справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі і збіраліся
з'ехаць ва Украіну.
Пачуўшы гэтую навіну ўжо ў перапынку пасяджэння, Кацярына ў
спешцы сабрала сыну неабходныя рэчы ў СІЗА.
«Памятаю, як адна з адвакатаў сказала: «Я б нічога не
збірала. Хай ім стане сорамна, што дзяцей забяруць бяз сумкі». Але, вядома, мы
так не зрабілі».
Суддзя Каліна хадайніцтва пракурора задаволіў, фігурантаў
затрымалі.
Кацярына кажа, што з сакавіка маральна рыхтавала Максіма да
суду і магчымага арышту. Тым не менш прызнаецца, што раптоўнае заключэнне сына
пад варту стала і для яе, і для самога хлопца шокам.
«Мазгамі мы выдатна разумелі, што будзе прысуд і што
запытаныя пракурорам гады пазбаўлення волі будуць ідэнтычныя агучаным
суддзёй. Але сэрцам, вядома, яшчэ спадзяваліся, што, можа, з той прычыны, што
ён непаўналетні, нешта зменіцца».
«За што тут 3 гады калоніі?»
Кацярына лічыць, што яе сын невінаваты.
«Яго дзеянні відавочна не падыходзяць пад 293 артыкул.
Яму ж прыпісалі гвалт над асобай, разбіццё УАЗіка... Гэтага не было. Хоць мы
і так, бацькоўскімі намаганнямі, сплацілі ўсю шкоду. Наша сям’я — 300 рублёў.
АУС, камунальная служба, аўтобусны парк адклікалі свае пазовы, таму што мы ўсё
пагасілі. За што тут тры гады калоніі?» — пытаецца Кацярына.
Асаблівую ўвагу жанчына звярнула на паказанні сілавікоў у
судзе.
«Яны казалі, што баяліся за сваё жыццё, бо ў іх бок гучалі
пагрозы гвалту і ледзь не забойства. Хоць, заступаючы на службу, яны даюць
прысягу, што цаной уласнага жыцця будуць абараняць закон, дзяржаву і народ.
Напрыклад, адзін міліцыянт сказаў, што яму нанеслі пабоі. Суддзя запытаў, у
чым гэта выявілася. Сілавік адказаў, што камень трапіў у ягоны шчыт, а ад шчыта
была аддача ў руку. Аказалася, што гэта пабоі».
«Кожны з бацькоў пойдзе на ўсё, каб вызваліць сваё дзіця»
14 жніўня Кацярына пабывала на першым спатканні з сынам у Брэсцкім ізалятары. На сустрэчы Максім паведаміў, што ў СІЗА яму павесілі дзве біркі: жоўтую (за схільнасць да экстрэмізму) і чырвоную (за схільнасць да захопу закладнікаў). Праз гэта яго ўсюды водзяць у кайданках.
Раней Кацярына казала, што пры разглядзе справы суддзя
адмовіўся прымаць да ўвагі добрую характарыстыку асуджаных. У выніку Максіма і
астатніх фігурантаў ужо тады паставілі на ўлік.
Кацярына Марчук кажа, што сын ня падае духам.
«Я яму заўсёды ў лістах пішу не вешаць нос. Што ніхто не
павінен бачыць нашых слёз. Тым больш тыя, хто потым будзе адказваць за гэта.
Прашу яго трымацца малайцом. Запэўніваю, што ўсё будзе добра».
На спатканні, па словах Кацярыны, Максім таксама быў у
бадзёрым настроі.
«Усміхаўся, смяяўся. Спадзяецца на змякчэнне пакарання за ўзорныя паводзіны. Сказаў нам падаваць дакументы на апеляцыю і пісаць прашэнне аб памілаваньні. Хоць я яшчэ не вырашыла да канца, як паступіць. Але, мне здаецца, кожны з бацькоў пойдзе на ўсё, каб вызваліць сваё дзіця».