Затрыманыя на Палессі «ўкраінскія дыверсанты» аказаліся наркакантрабандыстамі

«Украінскіх дыверсантаў», якіх 15 лютага ў Лельчыцкім раёне затрымалі беларускія сілавікі, знаходзіліся пад судом па справе аб кантрабандзе наркотыкаў. Ва Украіне ім інкрымінуюць тры сур'ёзныя артыкулы.

Бацька і сын — Сяргей і Павел Кабарчукі

Бацька і сын — Сяргей і Павел Кабарчукі

16 лютага Лукашэнка падчас публічнага выступу, які шырока трансляваўся дзяржаўнымі СМІ, заявіў аб затрыманні «дыверсантаў» у Лельчыцкім раёне. Пасля ў КДБ заявілі, што ў выніку «контртэрарыстычнай аперацыі» былі затрыманыя «агенты СБУ», якія планавалі тэракты ў Расіі і Беларусі з дапамогай выбухоўкі. Судзячы па ўсяму, затрыманне адбылося 15 лютага, калі ў Лельчыцкім раёне быў афіцыйна ўведзены рэжым контртэрарэстычнай аперацыі. 

Праўладныя таксічныя паблікі назвалі імёны затрыманых. Імі аказаліся бацька і сын — Сяргей і Павел Кабарчукі, а таксама жыхар Брэста — Віталь Уласюк

Пра затрыманага беларуса Віталя Уласюка ўжо пісалі — ён аказаўся адэптам «рускага міру». Цяпер «Флагшток» раскапаў падрабязнасці і пра грамадзян Украіны.

Бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі знаходзіліся пад следствам. Іх абвінавачвалі ў кантрабандзе наркатычных рэчываў. Аб крымінальным пераследзе ва Украіне затрыманых Кабарчукоў стала вядома дзякуючы тэлеграм-боту, які збірае публічную інфармацыю аб судовых пасяджэннях.

Ва Украіне з чэрвеня 2023 года па іх справе праходзіў суд. Наступнае пасяджэнне, як мінімум шостае, было прызначанае на 21 лютага. Увесь гэты час Кабарчукі знаходзіліся на волі, бо бацька і сын унеслі вялікі грашовы залог у памеры 200 пражытачных мінімумаў (па 536 800 грыўняў, ці 14 тысяч доллараў за кожнага). Рашэннем суда Кабарчукі не мелі права пакідаць сяло Старая Выжыўка Ковельскага раёна Валынскай вобласці.

Кабарчукоў судзілі ва Украіне па наступных артыкулах: «Замах на злачынства» (арт. 15, ч. 3), «Кантрабанда наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або прэкурсораў або фальсіфікаваных лекавых сродкаў» (арт. 305, ч. 2, ч. 3), «Незаконныя вытворчасць, выраб, набыццё, захоўванне, перавозка, перасылка або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў» (арт. 307, ч. 3).

image65d0793ce0a5exl.jpg

Самы цяжкі — артыкул 305. Па ім прадугледжана пакаранне да 12 гадоў зняволення.

Судзілі Кабарчукоў па месцы здзяйснення злачынства на ўкраінска-беларускім памежжы — у раённым судзе горада Оўруч Жытомірскай вобласці. У дзень затрымання беларускімі сілавікамі, 14 лютага, сканчаўся іх тэрмін знаходжання пад грашовым закладам. 

На відэа, якое з'явілася на беларускіх дзяржканалах 16 лютага, затрыманы Сяргей Кабарчук расказаў пра крымінальны пераслед па 309 артыкуле (такога артыкулу няма ў судовых дакументах). Таксама ён распавёў, што за перавозку груза праз мяжу яго крымінальная справа будзе скасаваная. У каментары другому дзяржаўнаму каналу ён заявіў аб прапанаваным узнагароджанні 1500–1200 долараў.

Пра 60-гадовага Сяргея Кабарчука ў КДБ расказалі, што ён былы памежнік, які пасля звальнення зарабляў кантрабандай разам з сынамі.

Глядзіце таксама