«Сентэнцыі Лукашэнкі пра "дыверсантаў" ва Украіне ўспрымаюць як цырк»

Ваенна-палітычны аглядальнік — пра тое, каму патрэбна была КТА пад Лельчыцамі.

347080747658542.jpeg

15 лютага ў Лельчыцкім раёне Беларусі (ад Лельчыц да мяжы з Украінай — 10 км) раптоўна і імкліва адбылася «контртэрарыстычная аперацыя». Мясцовая раёнка са спасылкай на ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці першай напісала пра рэжым КТА (і ў той жа дзень адчыталася аб заканчэнні), тэлеграм-канал блогера Антона Матолькі паведамляў, што з Мінска прыляцела як мінімум тры верталёты з байцамі ўнутраных войскаў, а вось у райвыканкаме тое, што адбываецца, назвалі «звычайнымі вучэннямі».

На наступны дзень Лукашэнка заявіў, што ўсё ж такі нам не падалося, а самыя сапраўдныя дыверсанты, выкарыстоўваючы дроны, паўзлі па балотах і «перакідвалі выбухоўку для ажыццяўлення дыверсій, перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі». Але ўсе былі затрыманыя.

Украінскія памежнікі са свайго боку напярэдадні не зафіксавалі ніякай значнай актыўнасці на мяжы, а словы беларускага кіраўніка пра нібыта затрыманых дыверсантаў кіраўнік ГПСУ Андрэй Дземчанка назваў «абсурдам».

У той жа дзень беларускі КДБ прад’явіў і «дыверсантаў» і назваў іх імёны: Сяргей і Павел Кабарчукі — грамадзяне Украіны, бацька і сын, вядомыя як кантрабандысты, і беларус Віталь Уласюк, мяркуючы па сацсетках, прыхільнік «рускага свету» і беларускіх сілавікоў.

Зрэшты, нестыковак у гэтай гісторыі хапае. Напрыклад, з датамі: КДБ кажа аб парушэнні мяжы «ў ноч на 15 лютага», КТА цягнулася, мяркуючы па афіцыйных публікацыях, менш за 8 гадзін, а Лукашэнка раніцай 16 чысла казаў пра затрыманых «толькі сёння».

Таксама незразумела, дзе тая самая «куча» дыверсантаў і іх памагатыя — у лік трох, а менавіта столькі імёнаў назвалі ў КДБ, гэта вызначэнне неяк слаба ўкладваецца. Нарэшце, дзе тыя самыя дроны і ўражлівая колькасць выбухоўкі, з якой нібыта планаваліся дыверсіі ў Расіі і Беларусі?

Пра тое, наколькі рэалістычная версія пра «дыверсантаў», ці могуць украінскія спецслужбы закідваць ДРГ у Беларусь па 2-3 разы на тыдзень, і калі не, то каму і навошта патрэбна была КТА, «Филин» пагаварыў з украінскім вайскова-палітычным аглядальнікам Ігарам Леўчанкам.

— Мы бачым, што Лукашэнка перыядычна «трасе зброяй» і любіць дэманстраваць пагрозы Беларусі з боку кагосьці, і сваю рашучасць на гэтыя пагрозы адказваць, — кажа аналітык.


Глядзіце таксама

У цяперашняй «чэкісцка-вайсковай спецаперацыі», на думку Ігара Леўчанкі, два рэцыпіенты:

— З аднаго боку, ён хоча трымаць у пэўным страху ўласнае насельніцтва для таго, каб яно было ўпэўненае: без Лукашэнкі і яго сілавікоў яно безабароннае перад вонкавымі пагрозамі. А з іншага — верагодна, актуалізуе пагрозу з боку Украіны і дэманструе Пуціну, Крамлю свой удзел, што ён не проста так тут знаходзіцца, а абараняе яго з гэтага боку (мы ж памятаем тырады, што ён ведае, адкуль рыхтаваўся напад).

Што тычыцца дыверсантаў, аналітык адзначае: паводле неафіцыйнай інфармацыі, адзінкавыя выпадкі парушэння ўкраінска-беларускай мяжы фіксуюцца, прычым з абодвух бакоў, — але менавіта адзінкавыя і далёка не «два-тры разы на тыдзень», як сцвярджае Лукашэнка. Тым больш кантроль межаў на беларускім кірунку вельмі жорсткі, і нават займацца кантрабандай на гэтым участку — няўдзячная справа: «Пры тым узроўні напружання, які склаўся, цябе хутчэй застрэляць, а потым будуць разбірацца, чым будуць лавіць».

— Гэта не тая гісторыя, як на расійска-ўкраінскай мяжы ў раёне Чарнігаўскай, Сумскай абласцей, дзе расійцы ўвесь час засылаюць свае ДРГ, — дадае аналітык. — Украінскія спецслужбы калі не самі, то праз сваіх сімпатыкаў, відавочна, праводзяць выведвальныя і дыверсійныя дзеянні на тэрыторыі Расіі — як мы бачым, там увесь час нешта гарыць і выбухае. Але закідваць дыверсантаў праз Беларусь — навошта, які ў гэтым сэнс? Нават з ваеннага пункту гледжання гэта нелагічна, беларускі кірунак — напэўна, адзін з апошніх, па якім будуць закідваць нейкіх дыверсантаў, а тым больш перасылаць выбухоўку.

Ігар Леўчанка нагадвае падрыў на Крымскім мосце: расійцы сцвярджалі, што прасачылі шлях тавараў ва ўзарванай фуры — згадвалася Румынія, Балгарыя, Турцыя, уласна Расія — гэта значыць, цалкам сабе адкрытыя транспартныя каналы. Паводле слоў эксперта, гэта нашмат прасцей і нават бяспечней, чым лезці праз беларускія балоты.

— Таму рэакцыя памежнай службы Украіны цалкам зразумелая. Ва Украіне свая оптыка: без крыўд, але «спецаперацыі» ў Беларусі маюць для нас вельмі малое значэнне на фоне вайны, пастаянных баявых дзеянняў. Сентэнцыі Лукашэнкі, якія ён перыядычна выдае, успрымаюць, груба кажучы, як цырк, як нешта дробнае і нязначнае. Сочаць за дзеяннямі.

Украіну больш цікавяць не бясконцыя вучэнні, а наяўнасць расійскіх войскаў і магчымасць паўторнага ўварвання з боку Беларусі. Але цяпер на гэтым кірунку поўнае зацішша, таму, па вялікім рахунку, сочаць у палову вока толькі за тым, ці не пачнецца маштабная перакідка расійскіх войскаў.