Народзец разняволіўся. Навошта лукашэнкаўцы прыдумалі чарговых «дыверсантаў»

Галоўны вынік стэндапу Лукашэнкі 16 лютага: канцэпт крэпасці ў аблозе патрабуе ўсё новых «доказаў».

_belarus_zyccjo_2024_fota_novy_czas_logo.jpg

16 лютага Аляксандр Лукашэнка зладзіў чарговае гучнае выступленне. Сабраўшы ў Мінску прадстаўнікоў «Белкаапсаюза» (ёсць такая архаічная арганізацыя, якую рэжым беспаспяхова ратуе ўжо колькі гадоў), ён страсянуў інфармацыйную прастору аповедам пра затрыманне «дыверсантаў» у Лельчыцкім раёне.

Напярэдадні ў гэтым паўднёвым куточку Гомельшчыны, на самай мяжы з Украінай, уводзіўся рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Незалежныя медыя пацікавіліся ў мясцовым райвыканкаме, што адбываецца — там сказалі пра вучэнні.

І вось выявілася: не вучэнні гэта былі — гэта КДБ лавіў зламыснікаў, якія хацелі прыйсці з Украіны, каб парушыць нашу ўлюбёную стабільнасць.

«Толькі сёння затрымалі некалькі дыверсантаў на ўкраінскай мяжы, — не міргнуўшы вокам, сказаў Лукашэнка. — З дапамогай дронаў, па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для здзяйснення дыверсій перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Толькі што скончылася контртэрарыстычная аперацыя, якую вы не заўважылі. <…>. Толькі што чэкісцка-ваенная аперацыя завяршылася. Затрыманы былі ўсе дыверсанты. А сярод іх і беларусы. І гэта практычна два-тры разы на тыдзень».

«Мы можам супакоіцца? — задаў пытанне і сам на яго адказаў: — Не можам».

«І нам, і мне, і ўладзе вельмі важная падтрымка. І маналіт усіх нас і нашага народа. Мы — кіраўнікі, ад нас усё залежыць. Будзем мы адзіныя і маналітныя, будзе і народ адзіным і маналітным», — шчыра заявіў гарант.

Далей ён нагарадзіў яшчэ больш шок-кантэнту: спаслаўшыся на нейкую «цытату», распавёў, што Польшча хоча напасці на Беларусь і забраць заходнія тэрыторыі, а ў якасці суцяшальнага прыза нам, маўляў, «прырэжуць» крыху расійскіх зямель. Ну, там ад Смаленшчыны, Браншчыны і Пскоўшчыны. А што сама РФ? Дык яна прайграе вайну і не будзе пярэчыць.

Такі нібыта план прыдумалі на Захадзе з удзелам «нашых збеглых».

Як і пасля ранейшых падобных выступленняў Лукашэнкі, паўстае пытанне: што гэта было? Навошта беларусам чарговая нястрашная страшылка? Няўжо мала было гумарэсак пра Ніка і Майка, «чатыры пазіцыі» ці лоўлю ў Гродне шпіёна ў парыку?

Кароткі адказ: мала. Бо ў сённяшняй сітуацыі пужалак шмат не бывае.

Безумоўна, неўзабаве беларусам прад’явяць «доказы». Будуць там і «затрыманыя дыверсанты», і іх «прызнальныя паказанні», і адмысловае кіно на ТБ у прайм-тайм. Не проста ж так, кажуць, у Лельчыцы ганялі ваенныя верталёты. Кіно каштуе дорага, то давялося раскашэліцца на сцэнар, рэжысуру і дэкарацыі.

Больш разгорнуты адказ на пастаўленае пытанне таксама навідавоку: грамадства трэба страшыць, каб яно заўсёды было ў напружанні, гуртавалася вакол улады і цаніла тое, што ёсць. То-бок гэта чарговая праява канцэпту крэпасці ў аблозе. Вакол ворагі, яны точаць зубы на квітнеючую Беларусь і бразгаюць зброяй на мяжы. Нам трэба быць разам, каб супрацьстаяць знешнім пагрозам, толькі так можна захаваць мірнае неба над галавой.

Уласна, сам Лукашэнка пра гэта і сказаў — гл. вышэй пра «маналіт усіх нас і нашага народа».

А народзец жа тым часам неяк разняволіўся. Нібыта забыў, каму ён мусіць штодзённа быць удзячным за «стабільнасць». То скардзіцца ў сваіх ціктоках на нявыплату заробкаў і дрэнную якасць вады. То падымае гвалт, застаўшыся на паўсутак без ацяплення. То дарогі яму не падабаюцца, то цэны ў крамах, то сістэма адукацыі, то дарагія шмоткі яму падавай… Такі абуральны эгаізм у такія складаныя часы.

А тут жа яшчэ і вельмі важныя электаральныя падзеі набліжаюцца. Выбары літаральна праз тыдзень. Потым трэба будзе фарміраваць склад Усебеларускага народнага сходу. А там і да прэзідэнцкіх выбараў недалёка. Гэта яшчэ адна прычына, чаму насельніцтва трэба трымаць у стане павышанай грамадскай мабілізацыі. І паралельна — яшчэ больш закручваць гайкі, пашыраць рэпрэсіі і змагацца з іншадумцамі, якіх ужо амаль адкрыта абвясцілі ворагамі.

Народзец разняволіўся, прэтэнзіі прад’яўляе, то трэба нагадаць яму, якія высілкі дзяржава прыкладае, каб на стале былі чарка ды скварка. Кругом адны «тэрарысты» і «экстрэмісты», мы іх затрымліваем «практычна два-тры разы на тыдзень» (так і сказаў), а яшчэ нечым незадаволеныя.

Вось для гэтага, выглядае, і прыдумляюцца рэгулярна гісторыі пра «шпіёнаў» і «дыверсантаў». Не гэтая першая, не гэтая апошняя. Будуць яшчэ. Хіба бянтэжыць пэўная аднастайнасць мастацкіх прыёмаў, але, мусіць, іншых кінапрадзюсараў у рэжыму сёння няма.