Перамога святла. З украінскага паліцэйскага, які затрымаў п’янага пракурора, знятыя ўсе абвінавачванні
Тры гады таму Украіну ўзрушыла кранальнае відэа, на якім супрацоўнік паліцыі затрымлівае нецвярозага кіроўцу аўто: ролік набраў больш за два мільёны праглядаў на Youtube. Хлопец не адмовіўся ад свайго абавязку і зламаў лёс п’янага пракурора, за што ледзь сам не трапіў за краты.

Віктар Цыплакоў. Фота: Суспільне Новини
Што адбылося?
11 верасня 2020 года новавалынскія праваахоўнікі атрымалі паведамленне, што кіроўца аўтамабіля Opel Insignia знаходзіцца за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Сярод тых, хто прыняў сігнал, былі патрульны паліцэйскі Віктар Цыплакоў і яго напарнік. Відэаролік, зняты на бодзі-камеру, пачынаецца з таго, што праваахоўнікі з пробліскавымі маячкамі чырвонага колеру едуць следам за парушальнікам па прыватным сектары, пасля чаго той спыняе транспартны сродак ля сваёй хаты.

Паліцэйскія спыняюць пракурора Мікалая Трацюка. Скрыншот з відэа, знятага на бодзі-камеру
Кіроўцу паліцэйскія пазнаюць адразу, бо з першага імгнення звяртаюцца да яго як да «Іосіфавіча». За рулём знаходзіцца нецвярозы пракурор Уладзімір-Валынскай пракуратуры Мікалай Трацюк, ён жа Іосіфавіч.
Пасля таго, як парушальнік пакідае аўтамабіль, Віктар першы раз просіць паказаць пашпарт транспартнага сродку, пасведчанне кіроўцы і прайсці тэст на стан алкагольнага ап’янення. Трацюк на законнае патрабаванне супрацоўніка паліцыі адказвае: «І што? Ды не. Я ў нармальным стане, вы чаго» і хуткімі крокамі імчыцца за плот уласнага ўчастка.

Іосіфавіч бегае вакол хаты. Скрыншот з відэа, знятага на бодзі-камеру
П’яны пракурор уцякае ад паліцэйскага за хату, ходзіць кругамі вакол будынка, у той час як патрульны ветліва просіць спыніцца. Калі Іосіфавіч падыходзіць да дзвярэй, Віктар кладзе руку ў праём, каб не даць парушальніку схавацца ў хаце, у выніку чаго злачынец пачынае актыўна прарывацца праз «абдымкі» паліцэйскага.

Іосіфавіч прарываецца ў дзверы дома. Скрыншот з відэа, знятага на бодзі-камеру
«Не ўчыняйце ніякіх дзеянняў, падыходзьце да аўтамабіля», — кажа Віктар, другі раз загадвае паказаць дакументы і выразна тлумачыць артыкулы, якім грамадзянін павінен падпарадкавацца. Іосіфавіч адмаўляецца праходзіць агляд на алкагольнае ап’яненне як з дапамогай алкатэстара, так і ў бліжэйшай лякарні. Ён робіць выгляд, што лезе ў салон Інсігніі па дакументы, але рэзка закрывае дзверы і цісне на педаль газу.

Іосіфавіч заводзіць рухавік і цісне на педаль газу. Скрыншот з відэа, знятага на бодзі-камеру
Паліцэйскія бягуць у патрульны аўтамабіль, уключаюць сірэну і пачынаюць пагоню за парушальнікам, які ўяўляе максімальную пагрозу наваколлю. Гонка доўжыцца ледзь больш за хвіліну — Іосіфавіч спыняецца на суседняй вуліцы і адмаўляецца выходзіць з транспартнага сродку. Ён запіраецца ў аўто і пачынае тэлефанаваць, відавочна, карумпаваным знаёмым супрацоўнікам структур, якія павінны дапамагчы выйсці з вады сухім.

Фінальны момант пагоні за Іосіфавічам. Скрыншот з відэа, знятага на бодзі-камеру
Пасля прыбыцця следча-аператыўнай групы, Іосіфавіч адчыняе акно, і Віктар зноў спрабуе прыцягнуць злачынца да адказнасці.
На пытанне, ці ўжываў ён алкаголь, кіроўца распавядае, што не піў спіртное і адмаўляецца праходзіць агляд на ап’яненне. Адзначым, што з юрыдычнага пункту гледжання Віктар працуе максімальна прафесіянальна і карэктна, сведкі канстатуюць факт адчування паху алкаголю. Напрыканцы відэа патрульны тлумачыць, што адмова ад праходжання экспертызы прыраўноўваецца да станоўчага рэзультату экспертызы і пазбаўляе Іосіфавіча права кіраваць аўто.
Відэаролік з падзеямі набраў больш за два мільёны праглядаў і тысячы каментароў з падзякамі і падтрымкай напарнікаў. «Гэтыя хлопцы вяртаюць страчаны давер да паліцыі», «Гэта не мусары, а сапраўдныя паліцэйскія! Цярпенне — моц. Гэта найлепшая работа паліцыі Украіны, якую я бачыў», «Я такога яшчэ не бачыла! Хлопцы, Вы героі Украіны! Брава, хлопцы!», — пішуць карыстальнікі ў каментарах пад ролікам.
Як Іосіфавіч спрабаваў пазбегнуць адказнасці
Паводле «Валынскіх навін», у дзень затрымання, 11 верасня, Мікалай Трацюк быў на вечарыне з нагоды свайго пераходу на пасаду тагачаснага абласнога пракурора. У такім стане ён праехаў амаль 100 кіламетраў, вяртаючыся ў Новавалынск са святкавання ў Луцку.
Іосіфавіч спрабаваў атрымаць даведку аб адсутнасці алкаголю ў крыві адразу пасля складання на яго пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. У медустановах горада лекары адмовіліся выдаць яму такую даведку, а ўжо ў 9 раніцы ён прайшоў агляд на стан алкагольнага ап'янення. Прыборы паказалі 0 праміле, паколькі з моманту затрымання прайшло дастаткова часу.
Злачынец выкарыстаў усе магчымыя спосабы пазбегнуць адказнасці: заяўляў, што ў пратаколе няправільна напісана вуліца, што яму не выдалі напраўлення ў медычную ўстанову, аднак усё аказалася дарма — акрамя прызнання яго вінаватым па шэрагу адміністрацыйных правапарушэнняў, Трацюк быў пазбаўлены пасады пракурора без магчымасці абскардзіць рашэнне.
І гэта першая перамога ў гэтай гісторыі.
Як Іосіфавіч хацеў адпомсціць Віктару
Злачынец зачапіўся за найбольш уражлівы момант таго дня: калі Віктар спрабаваў спыніць п’янага пракурора пры ўваходзе ў хату. Гаспадары дома, цесць і цешча пракурора, падалі на Цыплакова ў суд за «парушэнне прыватнай недатыкальнасці жылля».
Жах, але пракурор па гэтай справе Аляксандр Бурко настойваў на чатырох гадах пазбаўлення волі для паліцэйскага, які ніводнага разу не ўжываў сілу падчас затрымання ў такой сітуацыі! У лістападзе 2022 года Ражышчанскі раённы суд вынес абвінаваўчы акт і прысудзіў Віктару Цыплакову два гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам у адзін год.

Віктар Цыплакоў на судовым пасяджэнні. Фота: Суспільне Новини
Міліцыянт не пагадзіўся з гэтай лухтой і падаў касацыйную скаргу на пастанаўленне, мэтай якога з’яўлялася выключна помста. У абарону дэмакратыі і сумленнасці супраць карумпаваных чыноўнікаў паўсталі дэпутат Валынскай абласной Рады Андрэй Бокач, народныя дэпутаты Ігар Гузь, Аляксандр Алексяйчук і некалькі дзясяткаў жыхароў горада. Усе яны прыйшлі ў суд падтрымаць Віктара Цыплакова.
Калі медыя прыдалі агалоску гэтай гісторыі, украінцы з розных куткоў дзяржавы абурыліся ходам падзей, а па некаторых крыніцах, службоўцы Узброеных сіл Украіны абяцалі расправіцца з кожным, хто будзе адказны за вынясенне прысуду Віктару, калі ён адбудзецца.

Апраўданы Віктар Цыплакоў. Фота: Суспільне Новини
Цяпер, праз чатыры гады, адбылося пасяджэнне суда, па выніках якога ўсе абвінавачванні з доблеснага паліцэйскага Віктара Цыплакова былі зняты.
«Я вельмі задаволены прынятым рашэннем, таму што суд абапіраўся на еўрапейскае заканадаўства. Увогуле я думаю, што на дасудавым расследаванні гэтая справа магла б закрыцца», — сказаў Віктар Цыплакоў.
Безумоўна, што ёсць і другая перамога ў гэтай гісторыі. А трэцяя, апошняя і галоўная перамога, насамрэч праявілася яшчэ на першых дзесяці секундах роліка — гэта існаванне такіх Герояў, гатовых насуперак шанцам быць раздаўленымі і пакаранымі ні за што змагацца супраць татальнага зла.