У Літве затрымалі чалавека, які маляваў трохвугольнікі: такія знакі бачылі ва Украіне перад вайной
У сталіцы Літвы на вуліцы пачалі з'яўляцца аранжавыя трохвугольнікі, падобныя да тых, якія бачылі ва Украіне перад пачаткам вайны з Расіяй. Паліцыя затрымала падазраванага, які іх маляваў.
Як піша «Delfi», паліцыя затрымала падазраванага, які маляваў на будынках аранжавыя трохвугольнікі. Нейкі час таму ў Вільнюсе на будынках сталі з'яўляцца аранжавыя трыкутнікі. Высветлілася, што, хутчэй за ўсё, ніякай небяспекі яны не ўяўляюць.
Пад мостам Міндаўгаса, каля падземнага пераходу, які вядзе ў віленскі ГЦ Akropolis з'явіліся выявы аранжавых трохвугольнікаў. Жыхары занепакоіліся — падобныя сімвалы з'явіліся ва Украіне напярэдадні ўварвання. Калабаранты адзначалі гэтымі знакамі будынка стратэгічнага значэння.
«16 лютага падазраваны быў затрыманы. Гэта мужчына 1977 г. н., складзеныя 5 пратаколаў за псаванне чужой маёмасці. Чалавек прадставіў сваю версію, чаму ён маляваў гэтыя знакі, яе правяраюць», — распавёў прэс-сакратар Дэпартамента паліцыі Рамунас Матаніс. Ён сказаў, што падазраваны ў поле зроку паліцыі раней не трапляў.
Затрыманы сказаў, што ён манах і трохвугольнікі — гэта рэлігійныя сімвалы.
«Наколькі мы зразумелі, чалавек гэта рабіў з рэлігійных памкненняў. Таму я не звязваў бы гэта з нейкай небяспекай», — сказаў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па кіраванні крызісамі Вілмантас Віткаўскас. «Мы нічога асаблівага ў гэтых трыкутніках не бачым. Вядома, у будучыні могуць з'явіцца людзі, якія будуць паўтараць выкарыстанне гэтага сімвала», — сказаў ён.
Аднак старшыня парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас сказаў, што ўсё роўна трэба заставацца пільнымі. Ва Украіне былі не толькі такія сімвалы, але і да межаў сцягвалі войска.
«Цяпер у Літве з'явіўся сімвал, хай не правакацыя, а рэлігійны сімвал. Калі няма ніякага сцягвання сіл, а гэтага няма, то, верагодна, гэта робіцца, каб павысіць напружанне, выклікаць хаос у грамадстве», — сказаў дэпутат.
«Калі падобнае будзе часта паўтарацца, людзі могуць страціць пільнасць», — заўважыў Кашчунас.
Палітолаг Нерыюс Малюкявічус заўважыў, што Расія апошнім часам актыўна выкарыстоўвае найноўшыя тэхналогіі. «Ёсць небяспека выкарыстання людзей, якія пагружаныя ў інфармацыйныя бурбалкі. Магчыма, эмацыйна нестабільных людзей, выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах, прымусіць іх нешта рабіць, што выкліча неспакой», — сказаў ён.
У Эстоніі і ў Польшчы ўжо былі выпадкі, калі былі затрыманыя людзі, якія фатаграфавалі і здымалі на відэа пэўныя аб'екты, верагодна, гэтыя людзі былі завербаваныя расійскімі спецслужбамі.