«Павукі Вільні». У цэнтры літоўскай сталіцы кожны можа сплесці сетку для бранятэхнікі УСУ
Укласці сваю часцінку ў аказанне дапамогі ўкраінскім вайскоўцам пасля апошніх падзей на фронце як ніколі актуальна і важна. Калі ў вас няма магчымасці дапамагчы фінансава і вы пражываеце ў Вільні або часта наведваеце яе, ёсць не меней запатрабаваны спосаб зрабіць карысную справу для нашых суседзяў.
Штодзень у падземным пераходзе пад праспектам Канстытуцыі збіраюцца «Павукі Вільні» —дзясяткі валанцёраў, якія разам плятуць маскіравальныя сеткі для танкаў, артылерыі, комплексаў супрацьпаветранай абароны, бліндажоў, акопаў ды іншага абсталявання ўкраінскай арміі.
Пад патрэбы «павукоў Вільні» выдзелена невялікае і ўсё ж даволі прасторнае памяшканне, у якім адначасова можна плесці дзве вялізныя сеткі памерам з умоўны «Leopard». Тэхніка пляцення прымітыўна простая: не варта дапускаць доўгіх ліній аднаго колеру, рабіць паболей завіточкаў ды пазбягаць празмернага нацяжэння, таму справіцца з задачай літаральна кожны. Але пры ўсёй простасці робіцца сетка вельмі павольна: то патрэбны час, каб падумаць, у які бок пусціць стужку, то можна выпадкова памыліцца і прапусціць клетачку — а гэта ўжо брак. Агулам за вечар добраахвотнікі сплятаюць да дзвюх сетак.
Нягледзячы на вялізную ўкраінскую і беларускую дыяспары ў Літве, абсалютную большасць валанцёраў складаюць літоўцы. Часам на дапамогу прыходзяць украінцы, беларусы, расійцы ды асобы іншых нацыянальнасцей, але звычайна яны ў значнай меншасці. Арганізатары адзначаюць, што дэфіцыт свабодных рук цяпер адсутнічае, але магло б быць і лепей, таму новыя сілы шчыра вітаюцца. Да таго ж гэта цудоўны спосаб пазнаёміцца з неабыякавымі актыўнымі людзьмі і, верагодна, аднадумцамі.
Тканіна для стужак, з якіх вырабляецца камуфляжная сетка, набываецца за данаты, таму сродкаў на расходны матэрыял таксама хапае не заўсёды. На ўваходзе ў падземны пераход нават стаіць таблічка з узорамі тканіны, якую можна прыносіць у цэнтр, калі раптам у кагосьці з мінакоў заваляліся старыя рэчы ці шматкі брызенту.
Раз у месяц партнёры на валанцёрскай аснове дастаўляюць выраблены прадукт ва Украіну. Дарэчы, па словах ініцыятараў, сеткі, вырабленыя ў Літве, высока шануюцца ўкраінскімі салдатамі.
«Мы спыталі ўкраінцаў, і яны сказалі: вашыя сеткі — гэта бомба, самыя лепшыя. Гэта найлепшая ацэнка. Нават у Польшчы ці Украіне, як кажуць, не ўсе могуць рабіць так добра», — адзначае заснавальнік арганізацыі Дарус Ясюнас.
Дапамагчы «Павукам Вільні» можна з панядзелка па пятніцу з 18:00 да 21:00 у падземным пераходзе на плошчы Еўропы (прыпынак Europos aikštė).
Фота аўтара