Чаму літоўцы бачаць пагрозу ў эмігрантах-беларусах?

Літоўскі палітычны эксперт Марыюс Лаўрынавічус выказаўся наконт вялікай колькасці беларусаў, якія пераехалі ў Літву. У чым небяспека для Літвы?

Фота ghall.com.ua

Фота ghall.com.ua

Беларусы ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы. Так лічыць літоўскі эксперт па бяспецы і палітычны аглядальнік Марыюс Лаўрынавічус. Ён перакананы, што, выдаючы дазволы на часовае пражыванне беларусам, Літва стварае вялізную пятую калону, піша «Свабода».

«Я не кажу, што беларусы як нацыя пагражаюць Літве. Літве пагражае рэжым Лукашэнкі. А паколькі мы знаходзімся ў стане вайны, якую Расія вядзе не толькі супраць Украіны, але і Захаду, Беларусь даўно, на жаль, не з'яўляецца ніякай суверэннай дзяржавай. Гэта губернія Расіі, якая праводзіць палітыку Расіі і прыкідваецца незалежнай дзяржавай. У гэтай сітуацыі мы маем справу не толькі з недружалюбнай краінай, але і рэжымам, які можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Літоўскай Рэспублікі», — кажа Лаўрынавічус.

У сітуацыі вайны неабходна клапаціцца пра сваю нацыянальную бяспеку і старанна правяраць тых беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве, лічыць экспэрт.

«Яны могуць выкарыстоўвацца рэжымам і для аднадзённых задач, па выведцы, а таксама ствараць недружалюбнае грамадства ўнутры Літвы ў мэтах рэжыму Лукашэнкі і Пуціна. У Літве ўжо знаходзіцца больш за 70 тысяч беларусаў, а насельніцтва самой Літвы — менш за 3 мільёны. Гэта вялізная лічба, калі гаварыць у тэрмінах нацыянальнай бяспекі», — перакананы Марыюс Лаўрынавічус.

Літоўскі эксперт прапануе беларусам, якія збіраюцца звязаць сваё жыццё з Літвой, інтэгравацца ў літоўскае грамадства, вучыць літоўскую мову і не жыць адасоблена ад літоўцаў. Гэтым, на думку Лаўрынавічуса, яны дакажуць, што яны не пагроза для Літвы.

Летась Сейм прыняў закон аб абмежавальных захадах для грамадзян Расіі і Беларусі, але для беларусаў увялі менш абмежаванняў. Дзеянне закону павінна скончыцца 2 мая гэтага году.

Глядзіце таксама

Урад прапануе падоўжыць гэтыя нацыянальныя санкцыі яшчэ на год. Некаторыя палітыкі, у тым ліку прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаюць за тое, каб цалкам ураўнаважыць абмежаванні супраць расіян і беларусаў.

Расіяне і беларусы абмежаваныя ў магчымасці атрымання літоўскіх віз і электроннага статусу рэзідэнта. Акрамя таго, грамадзяне Расіі абмежаваныя ў магчымасці прыехаць у Літву і набыць там нерухомасць, часова не прымаюцца іх заявы на атрыманне дазволу на жыхарства ў Літве.